epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Спадзяваньне

1
2
3
4
5
6
7


1

 

яксь брат

(шукае якасьць

дарогі -- назад і ўправа )

назваўся быў хрысьціянскім

паэтам

ці маю права?

бо я "хрысьціянскім" саромеюся

астудзяць

рэкнуць: ня гэтак

яно дык зручней саломаю

і небу закрыцца ад кветак

мне пэўна прасьцей "Хрыстовым"

як птушкі

як сонца

як вецер

лацвей перад часам устояць

дзе мы неабсяжнасьці дзеці

 

2

 

не

не на гэтых Ён нябёсах

а на...

я ведаю

ня трэба

душой расхлістанай і босай

зарана парываю неба

Тваё блакітнае адзенне

пасту-малітвы і любові...

дзе тых нябёсаў супадзенне

ўсьцяж затуляецца сабою

 

3

Божы Сын

праз такія дні

быў вярнуўся каб век табою

важыць гэтых вышынь агні

што бяруцца бяз бою

бо каторыя ваяры

абжываючы жаху цемру

празь якія дні па кары

вымкнуць вечнага дрэва целам

дзе вяртаюцца ўсе (амаль!)

прычакаўшы Яго за сьведку

хто пчаляр

хто ткаль

хто каваль

хто з рукі акрыляў палеткі

насяляюць жывы прасьцяг

што здавён завецца Айчынай

гэтым часам і мы ў гасьцях

нам вяртацца падобным чынам

 

4

тое Слова

што песьцілася-значылася ў Бацькі

(што азначылася, што высьпела!)

летучы праз неакрэсьленую прастору

прасачылася празь нязлучаныя часы

і ачоліла мяне

і праявіла мяне

і напоўніла мяне

каб адчуў увесь гэты прасьцяг

не абмяжованы грунтам і зорамі

неўсьвядомлены сьвятлом ды імгненьнем

а ці лёгка было Бацьку

натхніць увесь неабдымны аб'ём

запусьціць зыркую кропку Часу

уявіць мінулае і будучыню

трымаць усё ў бездакорным парадку

і гэтак проста мне

бо я ж тут ёсьць

 

5

гэты час дасяжны Бацьку

можа

што й табой

Ён і чуе

Ён і бачыць

мае дол і боль

а яшчэ Ён зорным зернем

ляды засяваў

каб бязьмежнасьцю заземле-

ны жыцьцё ўжываў

каб трываў і зьдзек і славу

столькі зім і лет

Ён на тое і Вараву

выправіў у сьвет

 

6

гэта цэркаўка-ўзгорак

дарога аблок

гэта зблізку-знадворку

здаўна ды здалёк

непатрэбнае сёньня і ўчора

дзе душою няўморанай лёгка прылёг

а наўкол цеплыня-матылькі і быльнёг

асалодай убеглага гора

гэта цэркаўка-неба-узгорак

прытуліўся мой страх пад высокай сьлязой?

пад законам зары?

пад надзеі лязом

за каго я закованы ў зорах

перад Кім я адзін у Бязьмежным плыву

перад Кім я сьхіляю сваю галаву

непатрэбную сёньня і ўчора

гэта цэркаўка

неба і ўзгорак

 

7

судзіць вас буду (не казаў?)

па справах -- не па веры

ты верны

колькі ўжо разоў

ня спраўджваеш намеры

і нават не па справах бо

ўсялякай справе месца

акрэсьліць Час якому больш

да твару тое ўмельства

адно сьвятло тваёй душы

адзін жыцьця напрамак

як сьвечка хочаш -- патушы

а не? -- пастаў у храме

а не паставіш (бедны люд!)

хоць крэўным хоць камусьці ж

такой бяды! каб толькі тут

ты стаў як потым мусіш

 

1993

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс