epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Сыну

1
2
3
4


1

вялікі чалавечак мой

маленькі шчэ пакуль

зірні: вунь неба вечарам

дзьве зоркі апякуць

а мы стаім над стромаю

глядзім на неба дах

ты ў памяці са мной а я

з табою на руках

 

1984

 

2

белагаловенькая кветка

блакітнавокая рака

табе што будучыні сьведка

дзень учарашні сустракаць

зваліўся б

пралунаў лістотай

калі б не тыя карані

што гэтай пешчанай істотай

мяркуюць: неба закрані

сцяліў бы сам саломай стому

каб гэтай повязі ня чуў

каб ветрам хмызьняку густому

не прычасаў віхрасты чуб

калі б наўкола на палетках

нас прыгажосьцю папракаць…

белагаловенькая кветка

блакітнавокая рака

 

3

 

на сыне коска камара

чарнее рысачка сьляпая

і чырвань (для каго – гара!)

на соннай скуры высыпае

ах ты драпежная душа

(хаця "душа" -- занадта гучна)

стрымаўшы паляўнічы шал

а так – забіць уласнаручна

незадаволена назад

ды ўбок –такі манеўр бязгрэшны

а хлопцу гэтакі напад

пасля і ўспомніць не канешне

дык пэўна кропельку крыві

і камару аддаць патрэба

ну ж Янку болей не крані

ляці хоць мною не пагрэбуй

але ўжо тут сама рука

па тым ілбе разумным лясьне

бо зверху сверб а наракаць

цярплівасьці маёй ня ўласьне

 

4

каштуй

мая каштоўнасьць

чужога куліча

ня мусіш выкшталтоўваць

нічога па начах

ня варта паварочваць

адлегласьці свае

лучынны Павароці

тае не запяе

на ветравею гусьлі

не затуруе сад

дзе воблакі загусьлі

на дынны далягляд

вяшчуй жа каб ляшчэла

тутэйшай залі столь:

ня собіла яшчэ нам

забыцца гэты боль

 

2005

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс