epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

"Тое што згарае..."

тое

што згарае – не пячэ

толькі вечнай будзе гэта сувязь

гэта повязь

прасьпявай яшчэ

прасьпявай яшчэ мая красуня

добра

што не чуе хто другі

не

не песьні а маёй малітвы

восеньскай

дзе гэтыя кругі

нетутэйшай стомаю наліты

не заснуць калі

няхай гучыць

прызабытай калыханкі шчырай

трапяткі агеньчык

уначы

разьліецца плынь паводкі шырай

зоркамі аздоблены шацёрявай

незабыўнай явай уваскрэсьне

так і будзе ліцца як жыцьцё

спадзяваньнем ціхім гэта песьня


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс