epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

У цырку

сягоньня і заўтра па тры прадстаўленьні –

ільвы на арэне

сягоньня і заўтра цары на калені

здарэньне ці не здарэньне?

і як то царам па тры разы кленчыць?

і што ўжо там за цары?

даўно прагнілі ільвяныя парэнчы

пры парку старым

пах ружы даўно абярнуўся калючкай

маліньнік зьдзічэў

ды й іх ужо досыць паблажліва вучаць

лагодна рычэць

паўзе паўсьляпы праз драцянае кола

як кошка таўсты

цікаўныя ўкруг па старому закону

падцялі хвасты

праз вока пустое ахвяру намацвае –

усіх не забіць

аднойчы прыблізна ў такой сітуацыі

паўсталі рабы

а гэтыя ж нейкія маюць выгоды –

не выберуць бой

а гэтыя

(праўда, прыніжаных шкода)

не дарасьлі да рабоў


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс