epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Вясна

а ў лузе

першая трава

ненатуральнай сьлепіць барвай

і

нібы той ганчар нядбайны

глячок не скончыў паліваць

а ў лесе

сьнег сям-там ляжыць

крупчасты

ў засеку галінак

і на вілюжынах галінак

туман адстоены дрыжыць

а ў небе

жаўранка цьвічок

сьцяжком вясновым аблачынка

прыносіць летні дождж здалёк

і верасьнёвы грай грачыны

а на душы

лагодна так

і разам неспакойна пеяк:

і сьвет каторы раз юнее

і ты каторы раз юнак


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс