epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Воблікі

1
2
3


1

не пакідаючы сьлядоў

ні на адлегласьці ні ў масе

чыесьці воблікі гатовы

разглядаць у плынным часе

які нырае ў глыбіню

сваіх пажоўклых фатакартак

дзе як ні праўся не зманю

якім я ёсць

чаго я варты

упарты вецер перамен

(не пераменаў, а знішчэньня)

стараецца схіснуць прамень

напамінае неадчэпна

тудой табою пра цябе

які сягоньня хоча мецца

бесперапынным гэты бег

быцьця на іншых пакладзецца

і я без ценю (хай без цэн,

без сцэн нямых) свайго сумнеьня

жадаю іншым перамен

сабе ж сабою быць нязменна

 

2

наркотык рэжысуры

заўсёдны бодзі-арт

ты яблык і Мічурын

ты Пушкін і Мацарт

Купальля сад зімовы

ці страта ўсім часам

і нават (страшна мовіць!)

ты ўсё

ты ўвесь

ты сам

перастаўляеш ролі

дажджамі страх і боль

дыктатар ты кароль і

яшчэ намнога больш

тваё занятым месца

ня стане рэжысер

а што ўжо застанецца

і жур і юр і сверб

напісанае йначыш

спрабуючы быцьцём

расейскае спалячыш

акрыеш сьпеў выцьцём

там дзе жыцьцё напіша

свой кожны зрух і ўздым

ляціць са сцэн да вышніх

смуроду грэшны дым

а ўніз сьлязы гаючай

зьдзіўленьня стогн слабы

а ты ўсё вучыш

вучыш

як быць і як ня быць

(як, маючы, ня быць!)

 

3

мы ўсе равесьнікі

нікому не вядома

адкуль-каму

куды калі і дзе

які калюк даўжэйшы на саломе

ці валасок у вечнай барадзе

такое супадзеньне знае намі

хто розьніцца

магчыма ліліпут

ці гулівер гуляе пад нагамі

ці ў цэзара перацякае брут

а розум

чым пусьцейшы тым вялікшы

з развагаю

з сумненьнем уваччу

з надзеяю

тым болей раз узнікшы

заўсёднасьць тут ператрываць хачу


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс