epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Вузкімі шляхамі

1
2
3
4
5


Ларысе Сімаковіч

 

1

зямлёй лучэньне

зорамі растаньне

высокі ўзьлёт да Бацькавай рукі

звычайнае запамінае танец

праз дасканаласьць руху

хто такі

куды блакіт сьцякае крохкім часам

балючай жылкі жытняя віна

мядзяны месяц

звонкі і блішчасты

бязьвер'я маляваная сьцяна

сьвятло пустое

воплескаў абломкі

і гэты пляц шырокі і круты

дзе трапяткое закранаў крылом ты

нанізаныя славаю драты

чысьцее позірк зайздрасьці спагаднай

укленчанай заслонаю лязо

навошта быў ляцеў парой панаднай

суладны рух да разуменьня зор

 

2

лёсу вытокі

(толькі павер ты!)

лёгка аблокі

тонкіх павекаў

мігам лунае

зданьню аздобы

між галунамі

зорнага спробы

неба вышыні

бляклым блакітам

хісткай хвілінай

хіліш вякі ты

лёту спагада

тупатам поту

летняя здрада

крайчыку поля

посьпеху моцу

войстра пачуеш

послух ашмоцьце

воплескаў чуйных

зоркаю-птушкай

крылы апусьціш

зноўку разгушквай

вусьціш

 

 

3

прызначаны палёту

жахайся вышыні

як воблаку-пілоту

за пункт падвешаны

(няўжо ўжо не за шыю? –

сякі-такі віток…)

а ёсць яшчэ вышыні

дзе ветру халадок

да нетраў працінае

(над стромаю пастой)

ці страты шраціною

ці спрату пустатой

а ёсць яшчэ вяршыні

дзе вечныя імхі

дзе туманом падшыты

гудзе абвал ліхі

каб нерухомым зоркам

такі зайздросны шлях

бо сьлізкі ён на золку

чужой даміны дах

 

 

4

 

пачакай

ня кідай трубку

выслухай мяне

ці ня ведаеш як трудна

промнем на сьцяне

адарванаму ад сонца

гінуць для сьвятла

кветкай-зоркай што на гронцы

расьцвіла была

а наўкол сухое лета

ды гнілы туман

сухастой душы праз гэта

ведаю – дарма

дзе тут нелюдзі дзе людзі

не скажу табе

тут сваё ніхто ня любіць

(кропкай на ілбе!)

не шануюць

ганяць

гнуцца

гідкі плён такі

што сыноўнаму…

а ў трубцы

частыя гудкі

 

5

бо розум

тут павінен супярэчыць

гайдаць неадпаведнасці працяг

шукаць аснову гэтых сопкіх рэчаў

ці собскі чын

ці сонечны прасьцяг

дзе чыстым дрэвам лісце захінецца

затуліцца сінечаю слата

бясконцасьцю ялін востраканечнасьць

бязвоблачнай хусціны прастата

і ўсё – паветра

сувязь

завяршэньне

не сьцюжа – халадок

не сум а звон

ды вецер

што гуляе па кішэнях

дзе розум не хінецца на паклон


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс