epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Выявы

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11


1

шэдэўрам – дрэўцам абляцеўшым

мяне сустрэне як даўней

зімовы сад

гравюрай першай

што ачышчала вочы мне

каб адчувала рысы сьвету

душа

змарнелая ня ў сьне

а ў чарах вычварнага лета

дзе колер песьціцца ў мане

 

2

Масток

Над рэчкай блакітнаю

Мастак-лістапад

Паўтораны

Вось гэтай нясьмелай ракітай

Вось гэтай бярозкай скораю

Высока-высока

Плывуць журавы да выраю

Напятая цеціва

Вернасьці

Вясне

У якую вернуцца

Ім памяць заўсёды новая

Уражваюцца папоўніцы

Жыцьця цеплыня вясновая

Адна толькі помніцца

 

3

дзяўчынка ўляцела празь дзверы

што ледзве пасьпелі прыняць сваё непразрыстае шкло

з ёю разам

прага распаранай кавы

з ёю разам

стукат прыступак

з ёю разам

і радасны вецер

і весялковыя кропелькі дажджу на вейках

з ёю разам

увесь гэты малады вясновы сьвет

 

4

вымкнўшы зь якой далёкай глебы

разуменьня квет:

акіян люструе толькі неба

кропля -- сьвет

галіна ракі перад вачыма

млеючы расьце

хмараў пыл сінее далячыньню

месьціцца ў рацэ

чысты час ізноў зьбірае кроплі

мосьціцца на дно

адгукнецца хваляй нетаропкай

як было даўно

ды замрэ ня знаючы патрэбы

ў вечным харастве

акіянам адлюструеш неба

кропляй

цэлы сьвет

 

 

5

хорам зялёны мяне атуляе

гонар блакітных скляпеньняў

лёгкай лістоты зялёным туманам

кожны пагорак усьпенены

вольна плыву ды цягну за сабою

вуліцы грукат вясновы

гул галасоў наплывае прыбоем

гэтакім: горад – лясное

сьцішуся птушкай – назад па дарозе

крочу і следам за мною

кветак пылок пчолаў роздум цьвярозы

шчасце лясное-зямное

гэткі прастор я прыношу дадому

волі душа ашчадзіла

доўга цяпер будзе мне як малому

сьніцца зялёнае дзіва

 

6

 

агонь

душа жывая

сьвяткуе паміж намі

як быццам зноў жадае

вясёлкай над палямі

адкладзеныя промні

што доўга-доўга спалі

мы гэты час запоўнім

яго сьвятлом растайным

1988

 

7

куды так рэчка ў сьвет бяжыць

калі так хораша навокал?

каб ты й туды памкнуўся жыць

дзе невядома і далёка

а тыя краскі луг сабраў?

каму стракатае маніста?

каб знаўся ты паміж сяброў

прыстойна радасна і чыста

а што пчале вакол гусьці

аж сьмела не ступіць нагою?

каб ведаў ты што і ў жыцьці

ўсё разам

соладка і горка

а ўжо аблокі набягуць

на гэта сонца баравое?

каб ты заўсёды мусіў чуць

што маеш дах над галавою

1980

 

8

сад адзінокі

вясна

выслала лапіну зелена

яблыны як адна

цветам у сонца нацэлены

сад адзінокі

ніхто

тут паляжаць не рашаецца

яблынам сумна

відно

голле парваным ружанцам

сад адзінокі

чыё

гэта маленства згубілася

гуд выпадковай пчалой

памяці быццам

горад ушыркі расьце

хаткі пад ногі

пад ногі

сум па траве як цень

сад адзінокі

 

9

 

дзяўчынка зрушана вясной

яшчэ нязграбная худая

галінка яблыны лясной

што першацьветам зацьвітае

вось дрэўца – надламі хоць ты

ці маеш чысьціні трымацца

недасягальай пекнаты

наванароджаная грацыя

 

10

А каб жа знаць ці апрыкае

Жыццё калі дастаўшы дна

Брыдзе бабулька непрыкаяная

Відаць на цэлы сьвет адна

Ужо ня ружамі ня каламі

А дробны жоўты курасьлеп

Ці ўзнагародаю ці караю

Так доўга бачыць гэты сьвет?

 

11

бо ўсё

бо ўсё запала ў вока мне

як першы раз адчуў-пачуў-пабачыў

і воблака блакітнага сьцяне

і сонца край імклівасьцю гарачы

чырвоную сьцяжынку на вадзе

азначанай бясконцай вастрынёю

усё гэта шчымлівей-маладзей-

раптоўней успрыймаю

і барвы да апошняга мазка

і гукі першай непадзельнай ноты

і гэта слова большае чым сказ

глыбокая хвіліна адзіноты

адзін вось тут на цэлым сьвеце я

адказнасьць маю за яго трымценьне

усе тры цені галава мая

асьцерагае мосьцячы адценьні


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс