epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Змаганцы

1
2
3
4


1

Стой, вайсковец, прычакай

Генеральскай славы.

Ты адкуль у гэты край

Завітаў, чарнявы?

Ты салага альбо дзед?

Ты ахоўнік зоны?

Ты кадэт альбо карнет?

Ты курсант чырвоны?

Па начах вагоны,

На плячах пагоны.

Божа, на каго мы?

Можа , за каго мы?

На тваёй зямлі сухмень,

На маёй дажджліва.

Недзе там буяе хмель,

Недзе сьпее ніва.

Маршыруй на свой маршрут,

Азначай прысутнасьць.

Ты мяне шаломіш тут,

Як цябе паўсюдна.

На плячах пагоны,

Па начах вагоны.

Можа, на каго мы?

Божа, за каго мы?

1981

 

2

а вораг што кольвечы ці прадчувае?

ён гіне прашыты чаргой аўтаматнай

з крывой і злавесна-пагарднай усьмешкай

бо ён не рыхтуецца зьвечара бою

матулю каханую не ўспамінае

а выскачыць з цемры ды сьмешна падскочыць

канаючы ён здрыганецца няўклюдна

іх шмат варагоў а герой той адзіны

ён непераможны бо нашаю прагай

і нашай надзеяй сілкуецца ў бойцы

іх шмат варагоў тыя жорсткія твары

і мускулы дзіка гарматнае мяса

выносіць на нашага сьціплага хлопца

ды той ані ўгнецца жыцьцю неабходны

і мы прывыкаючы да перамогі

да смерці адно што чужой прывыкаем

на плоскасьці дзе расьпінаецца думка

дзе памяці чуйнасьць абсечана часам

бялюткім як танная палатніна

 

3

чым дзівосная гэтая казка жыцьцяў

у якім дабра-зла як мага

вечнай смеласьцю?

не скажыце

вечнай сілаю Змагара?

А мяне дык вось што заўсёды зьдзіўляла

Вось што сумненьня майго прычына:

Ведае Зло што йму сілы замала

Але бойку адно распачыне

І гэтак аддана яе вядзе

Хоць майбыць з гразёю зьмяшаным

І гэткая вернасьць (адмоўнай!) ідэі

Мо' заслугоўвае нейкай пашаны?

Ды не

Гэта тычыцца казкі-агіткі

Дзе грунт скажам проста зямлёй слабаваты

Бо сустрэча са злом (не дай Божа!) агіда

Лепей яго і ў вочы ня бачыць

 

4

Свет пераплюшчаць павекі ружовыя:

Плямы ад сонца. Цікава ж!

Сьлізгаеш лёгка па думках пражованых,

Як да сябе ўцякаеш.

Яснага калівы.

Цені ад сьценяў.

Вочы ад сьвятла адвыкаюць.

Боязна. Нават тонкія ніткі праменьняў

Крышталік наскроэь прасякаюць.

Сьціпла прыладзіцца ў цемрадзі. Жыць там.

Можна палатку набыць і вясло.

Неяк быў бачыў: забытае жыта,

Адчайна што ў закуце прарасло.

Толькі бяз сонца ўрадзіць не так проста,

Ведаеш толькі напрамак.

Цягне жывое да гойнага промня,

Цягне да праўды.


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс