epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Зварот

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11


1

малітвай лячу

(стан бязважкасьці!)

малітвай лячу

беды-цяжкасьці

 

2

бажаю служыць Табе

Госпадзе

і ў славе сваёй і ў няславе

мяне не дапусьціш да роспачы

мяне не пакінеш у справе

мяне ненадзейнага росьцячы

паўсюль затуляеш ад змогі

каб здолеў з Табою быць

Госпадзе

ў разлогах няздольнай дарогі

 

3

як лёгка ўдаецца

тое што Богам даецца

як трудна душой выпадае

тое што з Божым не супадае

ды самая змога

тое што супраць Бога

 

4

юнак намерваецца: страх

бывае марны і нястрогі

кабета ходзіць на руках

не разьбіраючы дарогі

вялікім робіцца чый лёс

над нашым выпадкам узнёсься

хто адрастае ад калёс

адразу колецца калосьсем

пасля жахаюцца палі

што льецца Прыпяць праз Нямігу

а лепш успомніце калі

апошні раз гарталі Кнігу

дзе з утрапеньнем гледзіцё

як па крутой зямной дарозе

пральецца Божае жыцьцё

каб ты процістаяў пагрозе

каб меў і прыклад і праьсцяг

дзе ахіне Хрыстова Слова

дзе крыж пакуты а не сьцяг

дзе неба дзеліш напалову

1981

 

5

Твой крыж у круглым сьвеце

такі дакладны знак

калі цябе асьлепіць

дарогаю назад

у лоўкім лабірыньце

на зайздрасьці агні

скіруе не згубіцца

пакутай разагне

як ветру несьвядомасьць

як крыга па рацэ

а там (зірні!) і долю

азначыць на руцэ

 

6

абраньнікі мы ў браму вернасьці

заўсёды стукаліся ўтрох

бо розум варта выпраменьваць

ва ўсіх варунках далібог

вунь промні ад Зямлі расходзяцца

і адлюстрованыя і

такія яркія што хочацца

даўжэй сьвяціць на той Зямлі

здаецца зона незележнасьці

і толькі тут

цябе каля

належная сваёй узмежнасці

спакойна валіцца Зямля

такая ёсць планета ясная

ды толькі бачная ня ўся

і беспатольная і шчасная

трымае промнямі абсяг

такая ўжо бязьмежнасьць вольная

прытулак вогненнай расы

а можа гэта поле ворнае

а можа гэта кола зорнае

гадуе нашы каласы

(гайдае нашы галасы)

 

7

акулярамі абмежаваныя

забіраюць прасцягу імпэтам

пажаваныя пазажываныя

укрыжоўвацца потым

вокны белыя блізарукасці

сонцам сьлепіцца хмара

азарэньня зарукаю

да брахманаў рахманых

Ра карою ці Крышнаю

злосьць увішных даброты

а рэальнае крышыцца

памагатага потам

 

8

шапку тралейбуса ўзьдзену на пару прыпынкаў

каб валасы не зьліваліся з лысінай белай марозу

лёгка руку апускаю на гладкую сьпінку

хіба ніжэй? маладзіца цярпі беспагрозна

выплыву парам і скрогатам дзьверы прапусцяць

мусяць міры перамроіць каб марнае месца

вымераць

чорны пакутнік-трыпутнік

як астэроід сустрэчны нясьмелай камеце

рухі каменныя сэрца каменнае можа

гэта зіма камяніцай надзетае цела

ці разламлю тую пастку ды ўспомню: мой Божа

зоры Твае нада мною заўсёднай надзеяй

 

9

на беразе сягоньня бачу я

Хто пасылае рыб у невядомасьць

на правы борт

дзе сеткай “Быція”

шчыруе свет і хіжы і ядомы

ля вогнішча што асьвятляе час

і нас

якія маюцца ў сумненьні

ці гэта Ён

падобны на абраз

вяршаліна лісьцё камель карэньне

каб паскарэньнем стрымліваць сябе

дзе размаітым сьпее аднастайнасьць

калі заўсёды Сейбіт на сяўбе

і час жніва для кожнага настане

 

10

але не пагражаю

але не пагарджаю

будзе збор ураджаю

(можа, збой у “раджаю”?)

не глядзіце тужліва

зразумейце мажліва

будзе золка і жыва

будзе золата жніва

узнікай агароджа

хто пусты хто парожні

хто сухі хто мурожны

роспач не дапаможа

падымайце павекі

завяршаюцца векі

вецер вогненны вее

палавець паланее

на каторы бок ляжа

дзе пабелка дзе сажа

раз бяздомны падкажа

час бяздонны пакажа

 

11

настолькі часты для Хрыста

і выстылы тады

калі да простага прыстаў

у сталыя гады

гадоў лісты адхон вярсты

калі сустрэў цябе

і мусіш сьведчыць зараз ты

што час застыў цяпер

здаецца станем я і ты

стан атуляе нас

не містыка а Дух Сьвяты

чысцейшы ўсіх акрас

 

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс