epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Зьвярынец

 

За сьцяною,

за дзьвярыма

восень, вецер і слата.

Мы ж гуляем у зьвярынец –

цеплата тут і сухата.

“Я магу хадзіць як бусел!”

“Я як шпак сьвістацьму!”

“Я мядзьведзем абярнуся!”

“Я вавёркай стану!”

Як заўсёды Петрык

выступае першым:

“Я Мядзьведзь!

Я глядзець

не магу пад ногі.

Хай зіма мяне вядзе

да маёй бярлогі.

У глыбокім берлагу

я ўсю зімку спаць магу!”

Ад арэшкаў пад грыбкі,

што растуць за горкай,

робіць роўна тры стрыбкі

спрытная вавёрка.

Гэта скача не Марынка

за арэхам, за карынкай:

“Ты мяне, галінка гушкай,

маю футра навырост,

я лунаю так як птушка,

распушыўшы лапы, хвост.”

У зьвярынец мы гуляем:

за гарамі, за марамі

незвычайнаму зьвяру

воля ёсць усюды:

“Я скачу як кенгуру!”

“Я плыву вярблюдам!”

“Ці з гары, ці пад гару,

ці па берагах

скачуць двое кенгуру

на адных нагах!”

“Што барханы мне,

сьпёка, бездарожжа!

Пры такой сьпіне

месяц бегчы можна!”

Янка, Петрык і Марына,

мы гуляем у зьвярынец.

 

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: “Падарунак” – вершы для падлеткаў, для малых і для тых, хто не зрабіўся дарослым
Крыніца: электронны рукапіс