epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

"галАсы сну і ціша абуджэньня..."

галАсы сну і ціша абуджэньня

бы хваляй дакранаешся пяску

і ранак апчынае дзень даўжэнны

якраз калі паклікалі вясну

якая мае і зімы прыкметы

(дакладна абдымае году шар)

і лета гладкі стан

і той паўмежак

дзе восені шурпатая душа

мінае час

пясок шамрыць-ліецца

праз вочка вечнасьці

бяскрыўднасьці каля

а я ў руках трымаю рухаў лейцы

галоп неўтаймаванага каня

мне цеплыню па сьвеце разьмяркоўваць

мне зоркі ад туману ратаваць

бо слова як звычайна пад рукою

ды сьфераю бязьмежнай галава


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс