epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб Гандзі

Быў адзін чалавек надта бедны, і да таго яму дзеці яшчэ мерлі. Анно ж раз нарадзілася яму дзе**ўчынка, так ідзе сабе, каб дзе каго ў кумы папрасіць. Анно ж у чыстым полі судашае яго неякась пані, так ён давай яе прасіць, каб дзяржала тое дзіця. Яна кажа:

— Добра, оўшам, але ведай, што па трох летах забяру яе да се на выхаванне.

Ён прыстаў на тое. Тымчасове ахрысцілі да й далі іменё Гандзя. Прывозяць з касцёла, анно ж німа чаго есці, так тая пані кажа:

— Ідзі ж да хлява да й паадрэзвай у сваіх валоў па кумпяку.

Чалавек — німа рады, пайшоў, паадрэзваў і прыносіць, так гэта напяклі зараз, наварылі да й патрахтавалі людзей. Анно ж увечары тая пані кажа:

— Ідзі дай валом!

— Ля! А каму ж я буду даваць?

— Ідзі ўпярод да па[г]лянь!

Той чалавек пайшоў, глядзіць — анно ж німа ўжэ знаку, што рэзана! а валы яшчэ сыцейшыя. Ён урадаваўся без меры, прыходзіць дахаты, анно ж тае пані ўжэ німа — згінула! Утэды ж то яны дагадаліся, што гэта была матка боска. Тая ж то дзе**ўчынка гадавалася так добра, анно ж па трох лецях прыйшла матка боска да й забрала яе да неба. Яе там так пеставалі: сам бог яе ўчыў, анялкі забулялі, усё, а яна бога называла «тату», а матку боску — «маму». Анно ж, як ужэ падрасла, так матка боска дала ёй ад усіх нябескіх пакояў ключы да й заказала, каб да аднаго не смела хадзіць. Але Гандзя была вельмі цікава, да й як матка боска аднаго разу недзесь пайшла, так яна то, а[д]чыніўшы, увайшла да таго пакою. Глядзіць, анно ж там кроў кіпіць, душы енчаць, бо гэта быў чысцец, праз каторы душы пераходзяць. Так Гандзя, не ведаўшы, што гэта, усадзіла палец у кроў, так яна ёй і акіпела. Яна ж то, са страху хуценька зачыніўшы пакой, пабегла да й давай нажом скрабсці тую кроў. Ажно і нож нічога не памог, так абвярцела той пальчык лапінкаю. Утом прыходзіць матка боска да й пытае:

— Што ў це на пальцу?

— Нічога,— кажа,— мамачко, разрэзала.

— Ну, то пакажы!

Яна — німа рады, развярцела. Так матка боска:

— Эй, Гандзю, прызнайся, мусіць ты была ў том пакою?

— Не,— кажа,— не была!

Мэнчыла яе матка боска, мэнчыла, але яна не прызналася. Так за гэта скінула яе з неба. Яна ўпала проста на неякагось кроля дварэц, а сын таго кроля, угледзеўшы яе, адразу ў ёй закахаўся. Ідзе ён да бацька да й просіць, каб пазволіў яму з ёю ажаніцца. Кроль упярож не пазваляў, а после, памеркаваўшы, кажа:

— Жаніся.

Так кралевіч зараз гэта абзнаёміў усім чыста; паз'язджалася людзей, паноў, ксяндзоў да й то выправілі гучнае вяселле. У неякісь час яна прывяла сыночка такога харошага, што і не здзівіць! Аднаго разу, як усе паўходзілі, прыходзіць да яе матка боска:

— Ну, Гандзю,— кажа,— прызнайся, ці была ты ў том пакою, ці не?

— Не, мамачко, дальбо так не была!

Так то матка боска, узяўшы, таму сынку мізіны пальчык разрэзала дай то пашмаравала тою кроўю Гандзіны губы, а сама, узяўшы дзіця, пайшла да неба. Прыходзяць — німа дзіцяці! Так то зараз зрабілася такая струшня, такі розрух, глядзяць — анно ж у яе на губах кроў!

— Ля! — кажуць,— а то ж сама маці дзіця з'ела, трэба ж за гэта ёй кару якую залажыць!

Але кралевіч дараваў ёй, і жылі сабе зноў добранька. Анно ж у неякісь час даў ім бог і другога сыночка. Ахрысцілі яго, перайшло колькась нядзель, аж аднаго разу, як усе чыста паўходзілі, прыходзіць зноў матка боска да й пытае ў яе:

— Гандзю, прызнайся мне, была ты ў том пакою?

— Не,— кажа,— не была!

Так матка боска зноў таксама разрэзала дзіцяці мізіны пальчык, пашмаравала ёй губу да й, забраўшы дзіця, пайшла да неба. Уходзіць кралевіч, глядзіць — і зноў дзіцяці німа, а ў ёй кроў на губах! Так зноў на яе ўсё памышленне. Пачала ж яна прасіцца, так і той раз яшчэ дараваў, а жылі зноў добра. Анно ж прыводзіць яна і трэцяга сынка, да й аднаго разу, як усе парасходзіліся, то таго, то сяго, зноў прыйшла матка боска:

— Гандзю,— пытае,— была ты ў том пакою?

— Не, мамачко, не была!

Так матка боска за кару зноў таксама зрабіла. Прыходзяць — дзіцяці ані следу, а яна ў кроў упэцкана! Данеслі то зараз кралевічу, так ён ужэ гэты раз не дараваў. Утэды казаў зрабіць з галля так як хату, увесці яе туда да й падпаліць з усіх канцоў. Яны так і зрабілі. Увялі яе, падпалілі, так дым стаў іці надта аж пад неба. Ужэ і агонь яе захапляе, дзе быўшы, уходзіць матка боска да й кажа:

— Гандзю, згінеш, прызнайся: была ты ў том пакою ці не?

— Была, мамачко!

— То чаму ж ты мне адразу не прызнавалася?

— Бо баялася, каб мамачка не карала.

Утэды з гэтага дыму зрабілася муравана вежа, аж пад неба высока, а на ёй розныя квяты, якіх на свеце няма, і яе тры сынкі, такія харошыя, як анёлачкі. Паждаўшы, высылае той кралевіч двараніна, каб па[г]лядзеў, ці ўжэ зусім згарэла. Той то калі гляне, аж яму очы пабялелі, такая харашыня! Так убег да палацу да й кажа так і так. Кралевіч зараз схапіўся, пабег туды, уходзіць у сярэдзіну, ажно ля! Гандзя яго сядзіць сабе, а пры ёй тры сыночкі! Утэды ж, угледзеўшы тата, тыя дзеткі да яго:

— Ах, ах! — крыку нарабілі. — Наш татко родненькі!

Ён то з велькай радасці буждэнк! на землю і абамлеў. Анно ж слугі зараз убеглі, ачуцілі яго, і жыў ён ужэ ў той вежы з жонкаю шчасліва доўгія лета.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 405-407
Крыніца: скан