epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб Оху і залатой табакерцы

Быў сабе сіраціна, леснікоў сын. Бацькі яму паўміралі і цалюсенька радзіна. Жыў ён адзінокі, як калок у чыстым полі, анно для разыграцы1 гадаваў ён сабе кошачку: бало дзе ён пахіліцца, то яна за ім усюдачкі выскакам. Аднаго разу пайшоў ён у лес прынесці сабе з бярэмечка драўцоў. Ідзе ён сабе, потым сеў на пні, а што яму цяжка было на сэрцы, так ён сабе охнуў моцненька, аж у том маменце выскоквае з-пад таго пня якісь барадач ды й пытае:

— Маладзік, чаго патрабуеш?

Так той сіраціна здзівіўся моцна, а гэты чалавечак кажа:

— Я Ох называюся, і ты мяне па прозвіску клікаў, мусіш мне цяпер сказаць, чаго хочаш, бо я табе і пардону не дам.

Так наш сіраціна, падумаўшы, сказаў:

— Цяпер то я нічога не патрабую, анно калі маеш што з’есці, то дай мне, бо я вельмі згаладнеў.

Так той Ох вынес яму хуценька з-пад пня скібку хлеба і міску стравы. Так хлопец то пад’еўшы, падзякаваў харашэнька і ўжэ яму весялей-такі на сэрцы стала. Прыйшоў дахаты, перабыў дзень, другі, ды й зноў яму голад дакучае; прыдумаў ён сабе аб том пяньку, так, гэта, пайшоўшы на тое месца, клікнуў: «Ох!» А той выскачыў ды й зноў яго накарміў, аж кішка прутам стала. Ад тае пары той сіраціна заўсёдачкі да Оха хадзіў есці, аж адзін раз кажа яму Ох:

— Мой сынку, не ўтруджай ты мяне цёнгле, дам я табе залатую табакерку, а як табе будзе чаго патрэба, то як ты,— кажа,— адамкнеш гэту табакерку, то мой падданы стане перад табою ды й зробіць усё тое, што ты яму прыкажаш.

Як даў яму табакерачку, так ён і пайшоў вясёленькі, і ўжэ ад тае пары бало як яму чаго захочацца, адчыніць табакерачку, так і стане перад ім на ўслугі некісь чалавечак ды й усё робіць, што ён яму прыкажа. Ажно аднаго разу, узяўшы сваю табакерку і кошачку, пайшоў ён сабе мандруючы2. Ідзе ён, так ідзе праз шмат местаў, двароў і сялоў, праз цёмныя бары ды й прыходзіць да незмяронага мора ды й угледзеў там на берагу рыбачку, што вална выкінула. Узяў ён тую рыбку ды й кашкянуў3 нагою назад у мора, бо яму шкада стала, што яна даходзіла ўжэ на слонку. Тады гэта рыбка, высадзіўшы голаў з вады, кажа яму:

— Дзякуй табе, малойча, што ты мяне ад смерці збавіў, можа я табе калі стану ў прыгоданьцы,— ды й сама плюске**ць! у воду. Так ён то сам да се ўсмехнуўся ды й думае: «Нашто мне твая ласка, калі ў мяне ў кішэні прыгоданька!» Ідзе ён далей, ажно выбягае з норкі мышка, а яго котачка цап! за тую мышку. Так яму шкада гэтае мышкі стала, так узяў ад кошачкі ды й усадзіў у сваю торбачку, даўшы ёй скарыначку хлеба, каб мела што есці. Ён усяго шкадаваў, што было адзінока, бо яму заўсёды было на памяці яго горачка. Ідзе ён, так ідзе, ажно над морам стаіць вялікі кралеўскі палац. Так ён зайшоў да благенькае хатачкі ды й просіцца тае сям’і нанач. Яны яго радыя прынялі, ды й як разгаварыліся, кажуць яму, што тутака жыве кароль вельмі багаты, а ў яго то калісь была адным адна дачка, вельмі хароша, а і тую нешта парвала ў глухую поўнач ды й занясло серад мора на вялікую купіну, на каторую ніхто ані дайсці, ані даплыўсці не можа, бо яна заклята. Ды й яшчэ кажуць, што той кароль абгаласіў, што калі хто да яго дачкі дойдзе і забачыць, ці яна яшчэ жыва, то ён за таго аддасць яе і ўсё кралеўства апіша. І кажуць, што нямала ўжэ было пахопных4, разулітных5, а такі ж адзін з іх на тую купіну за вялікаю валною на вадзе дастацца не мог. Так той сіраціна, падумаўшы, кажа ім:

— Азнаймце каралю, што я туды дастануся, а ўзаўтра, пакуль слонка зыдзе, кароль сваю дачку ўгледзіць.

Ну, так яны хутчэй то далі знаць, так кароль вялеў, каб сіраціну прывялі зараз перад яго вочы.

Ён, паглядзеўшы на яго, сціснуў плячыма, пакруціў галавою ды й думае сабе: «Няўжэ ж гэтакі нігеда6 мог бы тое ўчыніць, чаго мудрыя рыцары не даказалі?» — ды й потым кажа:

— Ну, хлопча, то-та ты маш выбавіць маю цурку7? То-та ты мне жыця прыложыш?

— Я,— кажа,— найяснейшы кролю!

— Ну, кеды так,— кажа,— то патжайсе, каб у ютжэ, пукі я ўстану, каб моя цурка была ў мне, а іначай то раскажу цебе расцёнгнонць на жэлезны бронь!

— Будзе, найяснейшы кролю!

— Ну, ну, забачым твою камед’ю!

Ён то вышэчы, узяў адчыніў сваю табакерачку ды й прыказвае таму:

— Ну, мой ты мілюсенькі, глядзі ж,— кажа,— ты цяпер, каб стаў заўтрачка да свету вылажаны мост ад кралеўскага палацу да заклятае купіны з залатымі парэнчамі, ды й каб шэсць коні ў залатом кочу чакалі на мяне.

Так той кажа:

— Добра, усё стане!

Тады ён сабе лёг ужэ спаць спакойна. Назаўтра сіраціна прабудзіўся, глядзіць, аж усё стала як прыказаў, так ён то зараз сеў у залаты коч ды й што найхутчэй паехаў па кралеўну.

Прыязджае ён на тую закляту купіну, глядзіць, ажно там вялікі замак, а ў ём тая кралеўна. Яна то ўгледзеўшы яго, не магла сцешыцца, аж ёй мглосна стала, бо ўжэ яна даўно людзей не бачыла. Ён то як уляцеў да яе, так кажа:

— Сядайце, паненко, паедзеце да о**тца свайго.

Так яна то хутчэй скочыла ды й як маланкаю прыляцелі пад акно, дзе сам кароль спаў.

Кароль то, пачуўшы грукат, схапіўся пад акно, ажно бачыць: той сіраціна яго дачку як зорку з коча выхватвае; так думаў, што гэта ўсё ўва сне, ды й з радасці не ведаў, як іх сустрачаць; абымаў, цалаваў ды й годзі. Утэды сіраціна памаленечку вышэчы, адчыніў табакерачку ды й кажа:

— Знясі ж ты гэты мост і спрач усё!

Так у той мамент, як пе**рынку асмаліць, усё знікла.

Кароль ужэ нацешыўшыся, няма што, стаў круціць галавою аб вяселлі. Вяселле справіў ім добра, усяго было, анно птушынага малака бракавала. Яшчэ перад вяселлем кароль усенечка аддаў ім, а сам пры сваіх дзецях сядзеў, як у бога за плячыма. Ажно кралеўне нешта ў хвасце закруціла, ды й стала прасіць, маліць свайго мужа:

— Каб гэта,— кажа,— мы пераехалі жыці да таго заклятага замка на купіну.

Так ён, няма што, выняў сваю табакерачку, зноў усё стала — той коч, яны сеўшы ды й паехалі.

Пераехаўшы туды, ужэ таго моста не знімалі: бало штодня сабе то бацька да іх, то яны да бацька ездзілі ў гасціну. Было ім добра тамака, як у раі, бо як чаго забракуе, адчыніць табакерачку, ды й усё стане.

Але знаць было, што ён ёй не быў вельмі да душы. Аднаго разу зачала яна плакаць ды й прасіць, каб ён сказаў, якім спосабам мае ўсё, што захоча. Ён доўгенька ўпіраўся, але яна стала яго страшыць ды й кажа:

— Я зараз умру, як ты мне не скажаш.

Так ён, няма што, прызнаўся ды й паказаў ёй табакерачку, а яна яму прысягнула, што нігдачкі8 яго не зрадзіць.

Адзін раз сіраціна выбіраўся ехаць з каралём на паляванне, так узяў ён мышку, кошачку з сабою, а аб табакерачцы чыста забыўся.

Анно што з’ехаў з моста, аглянуўся, ажно той мост ужэ зняты! Цапнуўся да кішэні:

— Ах, ліхачко, няма табакеркі! От табе,— кажа,— і прысяга жончына! От, я яе пашкадаваў, а яна цяпер мяне навекі згубіла!

Ходзіць ён над морам, плача, тужыць, рукі ломіць, ажно адзываецца з торбы мышка:

— Не плач,— кажа,— так, не журыся, анно раскажы мне сваю прыгоду, мо я табе ў чом параджу.

Так як ён расказаў сваю бяду мышцы, так яна пагаварыла нешта з кошачкаю, сама села на яе, ды й паплылі на тую купіну. Дастаўшыся да таго замка, кошка схавалася, а мышка ўбегла да кралеўны пакою ды й там прагрызла дзірку ў кубле, у каторым ляжала табакерка, ды й узяўшы гэта яе ў зубкі, села на кошку, ды й гэта хутчэй паплылі да сваго пана.

Даплываюць яны ўжэ да берагу, ажно пытае кошачка мышкі:

— А табакерку маеш?

Яна кажа:

— Маю,— ды й у том табакерка плюсь! у мора.

Так кошачка са злосці хацела ўжэ задушыць мышку, але пан ёй не пазволіў. Ходзіць ён, небарака, задумаўшыся, аж з мора вытыкае рыбка галоўку ды й пытае:

— Чалавечку, чаму ты,— кажа,— так сумуеш? Раскажы мне, мо я табе стану ў прыгодзе, бо і ты мне колісьціць, як я ляжала на пяску, ад смерці выбавіў.

Як сіраціна расказаў ёй аб табакерцы, так рыбка кажа:

— У мяне такіх табакерак есць што незлічона, я буду табе выкідаць на бераг, а ты пазнавай, катора будзе твая, то ты сабе вазьмі, а мне мае назад паўкідай.

Выкідала яна яму табакеркі срэбныя, залатыя, дыямэнтавыя і ўсялякага калібру, аж паміж імі знайшоў ён і сваю. Так падзякаваўшы рыбцы, зараз гэта адчыніў сваю табакерачку ды й гэта вялеў, каб у глухую поўнач быў замак абложаны надаўкол саломаю, ламатою ды й спалены разам з кралеўнаю; а сам зараз то пайшоў з кошкаю і мышкаю мандраваць па шырокаму свету, шукаючы лепшых людзей.

1 Для разыграцы — тут: для забавы, для развагі.

2 Мандруючы – вандруючы.

3 Кашкянуў – папхнуў, штурхануў.

4 Пахопны – паспешлівы, гатовы на нешта.

5 Разулітны – рашучы, смелы.

6 Нігеда – недарэка.

7 Цурка – дачка (польск.)

8 Нігдачкі – ніколі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 565-569
Крыніца: скан