epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб брату, што сястру за жонку ўзяў

Быў сабе чалавек з жонкаю, а было ў іх двое дзяцей — дзеўчына і хлопчык. Хлопец быў пекны, а дзеўчына яшчэ харошайшая: зорка ў лобе, а месячык у патыліцы. Ну, так як бацькі падаўміралі, яму трэ жаніцца, ён усюдачкі аб’ездзіў — нідзе пад свой густ не найшоў. Утэды давай то ён на яе налягаць ды й кажа:

— Сястронко, жанімся, ты мне за ўсіх найлепш да душы прыпала.

А яна:

— Што ты,— кажа,— здурэў, ці што! Дзе ты гэта чуў, каб брат з сястрою жаніўся?

Асё ж ён, канешне, нарог, так яна кажа:

— Пажджы, хіба пайду да матулі папытаюся.

— Ну добра,— кажа,— ідзі.

Яна то німа што, пайшла ды й давай рэўня плакаць на магіле. Асё ж маці кажа:

— Ці дождж ідзе, ці раса падзе, ці маё дзіця рэўня плача?

Так яна адказвае:

— Ні дождж ідзе, ні раса падзе, да тваё дзіця рэўня плача.

Так маці кажа:

— Ціха, не плач, не плач, дачушко!

— Як жа мне не плакаць,— кажа,— калі брат сястру за жонку хоча ўзяць.

Так маці:

— Ну,— кажа,— то ты ж яму загані, няхай ён табе справіць такую сукню, як на небе зоркі.

Так ён ездзіў, ездзіў, урэшце і найшоў. Прывёз, так кажа:

— Ну, так цяпер будзем жаніцца.

А яна кажа:

— Не, братко, пайду яшчэ да мамы, запытаюся.

Пайшла на магілу ды й давай плакаць, так маці кажа:

— Ціха, дачушко, не плач, няхай яшчэ ён табе справіць такія чаравічкі, як на небе месяц.

Ну, так яна прыйшоўшы кажа: так і так; так ён зноў стаў ездзіць, шукаў, шукаў, такі і найшоў. Прывозіць ды й кажа:

— Ну, сястронко, расчыняй каравай!

— Дзе да караваю, пайду да мамы спытаю!

Пайшла на магілку ды й зноў стала вычытваць, так маці кажа:

— Ну, дачушко, нічога ты яму не ўрадзіш, хіба жанецеся.

Ну, так у ніўбаўкі паехалі ўжэ і да шлюбу. Прыехалі з касцёла, так, паабедаўшы, яна то зачынілася да стала бы-то ложкі мыць у каморцы, ды й усё кажа: «Расступіся, сырая зямліца, расступіся — брат сястру за жонку ўзяў!»

Асё ж ён то яе жджэ, жджэ, ля, ужэ і спаць пара, так падходзіць пад дзверы ды й пытае:

— А што, сястронко, зараз ты ўправішся, бо ўжэ і да гумна пара?

— Зараз, братко, зараз! — ды й кажа: «Расступіся, сырая зямліца, расступіся — брат з сястрою хоча спаць!»

Ну, так у том маменце зямля расступілася, так яна кажа:

— Расступіся, зямліца, расступіся, каб я па костачкі ўпала!

Так яна як бач і па костачкі стала. Утэды яна зноў:

— Расступіся, сырая зямліца, каб я па калені ўпала!

Так гэта зямля яшчэ расступілася, яна то па калені ўжэ стала. Асё ж зноў брат падышоў пад дзверы ды й просіць:

— Сястронко, не баўся, хутчэй, бо ўжэ позна.

— Зараз, братко, зараз! — ды й кажа: расступіся, зямліца, каб я па пояс у землю ўпала!— После,— па шыю,— кажа,— асё ж, нарэшце, і цела запала, ды й пайшла крось зямлі.

Асё ж брата нецярплівасць узяла, так пытае:

— Ці зараз?

Асё ж не чутно! Калі ён то ўходзіць — німа яе! Так паслаў служку пад землю ды й кажа:

— Або ты яе забі, або жывую прывядзі, а як не, то мой меч зніме табе голаў з плеч!

Так той німа што, пайшоў. Ідзе так ідзе, ідзе так ідзе, асё ж нагнаў яе ды й расказвае ёй: так і так, так і так. Асё ж там недалёка гоўца пасуць, так яна просіць:

— А мой ты саколіку, пайдзі ты гэту гаўцу лепш зарэж да ўкрываў тваго меча, каб яму што было паказаць.

Ну, так ён гэта ўчыніў ды й з закрываўленым мечам вярнуўся да яго. Прыходзіць, асё ж брат узяў меча: біў, біў, біў, біў, аж забляяла. Утэды кажа:

— Няпраўда, ты яе не забіў, гані зноўсь, а як не заб'еш, то мой меч зніме табе голаў з плеч.

Так ён і пагнаўся, даганяе ды й кажа:

— Ну, німа што, цяпер то мушу ўжэ вас з свету збавіць, бо як цябе не заб’ю, то мяне з свету збавіць!

Так яна адказвае:

— Хіба ты разрэж маго мізінага палца, абкрываў меча ды й гэдак ідзі да іх.

Ну, ён, гэтак і зрабіўшы, пайшоў да яго. Прыходзіць, так брат біў, біў, біў, біў, біў таго меча, пакуль заплакаў чалавечым голасам, ну і ўтэды даў ужэ веры.

Тым часам яна ідзе так ідзе, ідзе так ідзе, аж стаіць дуб на залатом кубку. Так падышла да яго і кажа:

— Адчыніся, дубку на залатом кубку,— ідзе пані да разбірання!

Ён адчыніўся, яна ўвайшла, разабралася, улажыла кажух ды й пайшла. Ідзе так ідзе, асё ж стаіць двор, так яна туды пайшла ды й стала прасіцца на службу, а пані адказвае:

— Калі мне ўжэ цяпер не трэба слугаў,— але сын як улёг, так яна згадзіла яе.

Надышла святая нядзелька, усе ідуць і едуць да касцёла, а яна і не думае. Асё ж, як усё ўхадзіла, так пайшла да таго дуба ды й кажа:

— Адчыніся, дубку на залатом кубку,— ідзе пані да разбірання, і дай мне адзежу, каляску, коні ды й хфурмана!

Ну, так дуб адчыніўся ды й даў ёй сукню, як зоркі, а чаравікі, як месяцы. Села яна ў каляску ды й паехала да касцёла. Як угледзеў яе той паніч, так вельмі раскахаўся, але яна перад людзьмі борздзенька ўскочыла ды й паехала.

На другую нядзелю ён ухітрыўся, узяў каля парога смалы наліў. Так трэба ёй уступіць у тую смалу, ды й чаравічак астаўся. Яна то ўцекі, а той паніч за чаравічак ды й стаў з ім ездзіць па свеце і шукаць, дабіраць такой нагі.

Ездзіў рок, другі, але нідзе не найшоў. Ну, так ён прыязджае засмучаны дахаты, а яна давай то прасіць:

— Пакажце, панічынку, я памераю.

А ён кажа:

— Э, што ты, твая нага не такая зграбна!

А после такі даў.

Калі то яна зложыць, асе ж якраз! Так ён лап! за яе ўхапіўся ды й кажа:

— Ага! То гэта ты!

І ажаніўся з ею.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 370-373
Крыніца: скан