epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб хлопцу, што ў ведзьмара вучыўся

Быў адзін бедны чалавек і меў сына, але не меў хлеба, каб усю сям'ю выкарміць, так узяў яго за руку і павёў у свет, каб аддаць дзе на службу. Вядзе яго, так вядзе, ажно спатыкае іх неякісь пан, а гэта быў вядзьмар, да й кажа:

— Куда, чалавеча, хлопца вядзеш?

— На службу, паночку.

— То аддай яго мне.

— Добра,— кажа,— няхай пан бярэ.

І аддаўшы сына, сам пайшоў дахаты. Жыве той хлопец тамака рок, два, ужэ і трэці, вядзьмар яго выучыў усялякіх штук, анно бацька прыдумаўшы:

— Пайду,— ка[жа],— да сва[й]го, даведаюся, ці ён тамака жыў, а мо і забяру дахаты.

Пайшоў ён, ажно на надворку спатыкаецца з сынам.

— Ну, што,— кажа,— здароў ты, сынку?

— Здароў, татульку!

— Ну, ведаеш, хачу я це ўжэ забраць дахаты.

— То добра,— кажа,— але там нас есць з пяцьдзесят, а вядзьмар усіх, як ты па мяне прыдзеш, паперакідае ў жарабцы і скажа вам пазнаваць, то помніце, татку, я права ўхо** прытулю; а после зноў паперакідае ў валы, то я буду ўсё праву ногу паднімаць, а як вы мяне пазнаеце, то яшчэ паперакідае нас у паненачкі, то я за тых буду крыху вышайшы.

Гэта сказаўшы, сам пабег, а бацька пайшоў да ведзьмара. Прыйшоўшы да яго, кажа:

— Паночку, што ж, я ўжэ прыйшоў па сва[й]го хлопца.

— Ну, то добра!

Да й гэта кажучы, затрубіў у медзяную трубу. Ажно як бач, пазляталася з усіх старон жарабцоў.

— Ну, пазнавай,— ка[жа],— сва[й]го хлопца!

Так той пачухаўся, па[г]лядзеў, па[г]лядзеў:

— Гэта,— ка[жа],— мусіць мой!

— Праўда, згануў,— кажа, да й гэта ўзяўшы, зноў у валы паперакідаў. Так ён і зноў пазнаў. Так той:

— А, ля, няшчасце! Бач, як пазнае!

Да й гэта зноў паперакідаў у паненачкі. Той глянуў на найвышайшу да й кажа:

— Гэта мой!

— Ну, то забірай сабе, калі гэтак узнаеш!

Так стары, узяўшы хлопца, пайшоў. Ідуць яны, так ідуць, ажно едзе бы то пан, так той хлопец кажа да бацька:

— Тату, я перакінуся ў хорта, а вы мяне вядзеце, а як пан блізка пад'едзе, то спусцеце.

— Добра.

І ўзяў на вяровачку і вядзе. Пан пад'язджае, аж тут як на тое шмыгянуў заяц з-пад куста, так ён то хорта пусціў, а хорт цап за зайца. Пан, гледзячы на ўсё гэта, выдзівіцца не мог.

— Прадай,— ка[жа],— мне яго.

— Добра, паночку.

— А колькі ж хочаш?

— [С]толькі а [с]толькі.

Пан зараз выняў асыгнаткі, даў яму, хорта на каляску да й паехаў. Выехалі на поле, ажно зноў выскачыў заяц, так пан то хутчэй спусціў яго, а ён за зайцам пёр, пёр, забег за горку, перакінуўся ў чалавека да й ідзе. Так пан, даехаўшы да яго, пытае:

— Чалавечку, не бачыў ты тут часам хорта?

— А як жа, міласцівы пане, бачыў: папёр зайца калі то барана ў гэты лес.

Да й гэта сказаўшы, пайшоў да бацька. Ніўбаўкі падышоў кірмаш, так ён кажа да бацька:

— Тату, я зраблюся валом, а вы завядзеце мяне на кірмаш, анно вяроўкі не спрадавайце.

Бацька так і зрабіў. Павёў ужэ таго вала, як увёў у места, зараз то як наляцела жыдоў, як крукоў, купілі то яго, завялі ўжэ да рэжніцы, а вол як стане дуба, да после на дах, после з даху на людзі паверх галоў, да й уцекі ў поле. Заляцеў за горку, стаў чалавекам і ідзе, ажно падбягаюць жыды:

— Чалавечку, не бачыў ты тут валу наш?

— Бачыў, а тож пагнаўся, анно што выбрыкаючы туда.

— А шкода!

Тым часове надышоў і бацька, так то пайшлі разам дахаты, урэзаўшы штуку. Незадоўга меў быць другі кірмаш, так ён кажа да бацька:

— Тату, я перакінуся ў вогера, а вы мяне завядзеце да й прадайце, то набярэце грошай, як жаба мулу.

— Ну, — кажа,— добра, сынку.

Да й як той дзень надышоў, так ён вуздачку на яго завёў. От, як на тое, на том кірмашу быў той вядзьмар, і ён зараз пазнаў сва[й]го вучаніка. Падышоў да старога (а ён яго не пазнаў) і пытае:

— Колькі хочаце?

— [С]толькі і [с]толькі.

Ён без таргу і даў, а сам на каня, пайшоў. Тады то бацька а[г]лядзеўся, што вуздачкі не зняў, але той ужэ быў далёка, так анно пачухаўся да й пайшоў дахаты. Тым часове вядзьмар падуў проста да свае сястры ў гасціну. Прыехаўшы туда, узяў то вяроўкі, закінуў на бэльку і так яго прымітыкаваў, што пярэднія ногі былі ўгарэ, да й сам пайшоў да сястры. После сястра выйшла, ажно глядзіць, конь на паветры вісіць, так зняла вуздачку, пайшла да брата да й кажа:

— Але ж ты, братко, вогера ўвязаў! Няхай цябе! Чуць ля ні задушыўся.

— Пэўне ж,— кажа,— ты адвязала?

— Але,— ка[жа],— адвязала, бо глядзець няможна было.

— А, няхай цябе ў ланцугі звяжуць, хоць ты мая сястра!

І пабег на двор. Тым часове, як анно яго спусціла тая сястра, зрабіўся ён то зайцам і ўцекі, а вядзьмар хортам і за ім. Ён бачыць, што піва не пераліўкі, так перакінуўся ў чалавека, после ў сабаку, а вядзьмар у воўка, і от туж, туж ужэ бярэ, ажно і яго хата. Так ён то ўскочыў у хату, зрабіўся пярсцёнкам і ўсунуўся сваей сястрэ на палец, так вядзьмар німа што, пайшоў назад. Сястра прыглядаецца пярсцёнку, ажно ён зрабіўся яе братам і кажа:

— Заўтра прыйдзе па мяне вядзьмар і будзе ад це адкупляць яго, то ты, узяўшы грошы, як будзеш яму даваць пярсцёнка, бы то пусці на землю.

Ажно назаўтра прыходзіць вядзьмар і просіць, каб прадаць пярсцёнка.

— Добра,— ка[жа].

Так ён выняў машонку і даў ёй колькі сама хацела. Яна ўзяла тыя грошы, после зняла пярсцёнак і, даючы, ўпусціла на землю. Так з таго пярсцёнка як бач зрабілася поўна маку! Ну, так то той вядзьмар перакінуўся ў гараб'я і стаў збіраць, але адно зернятка ўлезла ў шпаруну да й то з яго зрабіўся шуляк, да й то вылецеў, да й то на гараб'я, задзёр, закляваў да й ужэ годзі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 424-427
Крыніца: скан