epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб хлопцу-зайчыку

Быў сабе брат з сястрою, і была ў іх мачаха вельміся ліхая, так яны нарадзіліся пайсці ў свет службы сабе пашукаць. Доўга ні ждаўшы пайшлі. Ідуць яны, так ідуць, так таму брату вады захацелася. Бачыць ён у воўчым следу вада стаіць, так ён кажа:

— Нап'юся я гэтай вады.

А яна яго просіць:

— Не пі, братко, гэтай вады, бо станеш воўкам і цябе заб'юць, то як я адна буду?

Ён яе паслухаў і не піў. Ідуць яны далей, бачыць ён у валовым следу вада, так ён зноў кажа:

— Нап'юся я.

Так яна яго зноў просіць:

— Не пі, братко, гэтай вады, бо зробішся валом — табою гараць будуць, потым цябе зарэжуць, а я буду адна прападаць на свеці.

Так ён і гэтым разам паслухаў.

Пайшлі далей. Ідуць яны, ажно ў авечым следку вада, так ён зноў хоча, канешне, напіцца, а яна:

— А-ей, не пі, братко, тут вады, бо зробішся авечкаю, цябе,— кажа,— зарэжуць, дзе ж я тады падзенуся, няшчасна?

Пайшлі яны далей. Ідуць, аж у зайчым следку вада стаіць, так ён кажа:

— Ужэ я цяпер нап'юся!

Яна яго прасіла, прасіла, але ён не паслухаў, напіўся і як бач стаў зайчыкам. Так яна ідзе і рэўне плача, а ён бяжыць за ёю, падскакваючы. Ажно захапіла іх ноч, а на балоце стаяў стог, так яна села кала таго стога і той зайчык кала яе. Ажно едзе нейкі пан і, угледзеўшы зайчыка, хоча страляць. Так яна падбегла да й просіць:

— А-ей, не страляй, паночку, бо гэта мой братко! — і кажа яму так і так. А яна была надта хароша, так пану да спадобы прыпала, да й гэта забраўшы яе з зайчыкам, павёз з сабою.

Прывёз дадому, ажаніўся з ёю, а зайчык яму ўслугоўваў. Потым даў ім бог дзіця, так зайчык няньчыў яго.

Аднаго разу пан выехаў з дому, ажно гэта мачаха, даведаўшыся, дзе яна, прыходзіць з сваёю дачкою да й распыталася так пекне з ею, а потым кажа:

— Мо пойдзем выкупаемся, а то ты такая чорная.

Так яна:

— Добра,— кажа, і пайшлі.

Увайшлі да купальні, ажно мачаха кажа:

— Дай я табе плечы змыю.

Яна стала ёй мыць, як піхане яе ў воду — тая ўтапілася. Тады яна прыйшла дадому і на тае месца палажыла сваю дачку (а яна да тае была так падобна, што і капелькі тае пабрала), да й то сама ўцекі.

А той зайчык пазнаў-такі, што гэта не яго сястра, але што рабіць, слухаў яе і цёнгле тое дзіця калыхаў. А яно, вядома, без мацеры, усё плакала, так як прыйшоў вечар, ён узяў тое дзіця і нясе да рэчкі да й то прыйшоўшы кажа:

— Крысю-Марысю, селядзён плача, цыцкі хоча!

А яна кажа:

— Бягу, бягу, падбягаю, рыжэц ножкі пад'ядае, вада очкі залівае!

Потым прыйшла, накарміла тое дзіця, накарміла і зноў у воду, а зайчык дзіця дадому. І так праз кілька дзён насіў.

Ажно той пан думае сабе: маці ляжыць, дзе ён яго ўсё носіць?

Аднаго разу панёс зайчык дзіця, а пан на**гледам за ім. Ён прынёс над рэчку і кажа:

— Крысю-Марысю, селядзён плача, цыцкі хоча!

Яна выйшла карміць да й кажа на брата:

— Глядзі, братко, слухай пана, каб ён цябе не забіў, і яе слухай.

А пан тое чуў, нічога не казаў, анно парадзіўся людзей добрых, што зрабіць. Так то людзі яму дараілі:

— Як яна,— ка[жуць],— выйдзе, так ты вазьмі стулу тую што ў ксяндза, і кінь на яе, бо іначай не возьмеш,— і кажуць яму.— Яна будзе рабіцца жабаю, яшчарыцаю, а ты не важай, бяры яе.

Ён так і зрабіў: накінуў на яе, яна перакідалася, зрабілася яшчарыцаю, ён за ею і на бераг вынес.

Тады яна зрабілася кабетаю.

Прывёў яе дадому, а сам пайшоў да тае і кажа:

— Чаму гэта ты не корміш гэтага дзіцяці?

А яна кажа:

— Бо я хвора, хіба забі мне гэтага зайчыка, то я буду здарова.

Тады ён наспрашаў гасцей, і ўзялі яе зараз расстралялі, а з таею шчасліва жыў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 265-267
Крыніца: скан