epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб грыфу і чортавым зубе

Нясла мыш зернятка канапель да й упусціла; вырасла ўжэ яно велька, так верабейчык прычапіўся да тае канапліны: мыш сабе, верабейчык сабе. Так мыш насклікала ўсялякага гадства, а верабейчык усялякага птаства. Судзіліся яны, судзіліся, нарэшце грыф як пачаў гваздзіць гадства, так усіх чыста выкараніў, а яны ж яму ўзялі да й усей пух аскублі так, што не мог ляцець. Ён гэта да гаспадара прыбег да й кажа:

— Перакармі мяне, нім1 адрасце пух, то ўжэ мы з табою памяргуемся2.

— Добра.

— Анно,— кажа,— будзеш мне пячы штотыдзень дванаццаць хлябоў і два валы зарэжаш.

— Добра.

Перабыў ён шэсць нядзель; як было ў гаспадара дванаццаць валоў, так усе выразалі яму, да й усе судзіны паўпарожнівалі. Нарэшце вылецеў, палятаў два дні, так жонка кажа да гаспадара:

— А ты, такі-гэтакі, паляцеў і табе хфігу паказаў!

— Ну што,— кажа,— зрабіць, я не ведаў, што ён мяне ашукае.

Ажно прылятае ён і кажа:

— Зарэжце мне апошнюю карову і апошняе печыва хлеба спячыце.

Яны так і зрабілі. Як з’еў, так палетаў зноў два дні і кажа:

— Седавіся на мяне!

Той сеў, да й паляцелі ў жоўту землю. Так ён [грыф] кажа:

— Злезь, ідзі ў той палац, там мая найстарша дачка замужам, да й скажы, што я гаварыў, каб яна табе што дала. А будзе яна табе даваць золата і што захочаш анно, але ты не бяры нічога, бо золата хутка разыдзецца, але папрасі, каб дала табе пудэлачка3.

Той увайшоў, так яна паказала яму ўсё багацтва да й кажа:

— Бяры сабе, што хочаш.

А ён кажа:

— Я нічога не хачу, анно гэтага пудэлачка.

— А,— кажа,— гэтага я не магу даць, гэта мне татуля даў.

Той завярнуўся і пайшоў. Так грыф кажа:

— А што, дала?

— Не,— кажа,— не дала.

— Ах,— кажа,— каб такія дзеці не радзіліся. Едзьма далей.

Ён сеў, прыляцелі ў зялёну землю.

— Злезь,— кажа, — ідзі ў той палац, там мая серадольша дачка жыве, гэтак сама нічога не бяры, анно папрасі пудэлачка.

Ён уходзіць, тая так урадавалася:

— Бяры,— кажа,— што хочаш.

— Я нічога,— кажа,— не хачу, анно пудэлачка.

— А,— кажа,— пудэлачка не дам, я яго ад бацька дастала ў падарунку.

Той прыйшоў і кажа: так і так.

— Ах, каб такія дзеці,— кажа,— не радзіліся! Едзьма далей.

Прыляцелі ўжэ ў чорну землю.

— Ну, злазь,— кажа,— ідзі ў той палац, там наймельша мая дачка жыве: яна павінна даць, бо найлепша.

Ён прыйшоў і кажа: так і гэтак.

— Ах, — кажа, — шкада мне яго, але што рабіць; калі татуля кажа, то наце.

Да й аддала. Ён узяў да й прыходзіць да грыфа.

— А што,— кажа,— дала?

— Дала.

— Ну,— кажа,— то дзякуй богу! Нясі ж ужэ цяпер дахаты, анно,— кажа,— не адчыняй у дарозе.

Ён нясе, нясе, захацелася яму канешне адчыніць. Адчыніў, анно ж войска так і стала каля яго да й пытае:

— Што рабіць?

А ён кажа:

— Нічога.

І зноў зачыніў. Анно ж якраз па ту пору чорт падцыкнууся і ўкраў у яго ключык. Агледзеўся ён — нямашака! Так ужэ шкадуе, анно ж чорт з-за плячэй кажа:

— Чаго вы, дзядзьку, шукаеце?

— Ля, ключыка згубіў ад гэтага пудэлачка.

— Дайце мне,— кажа,— тое, што вы ўдома не пакінулі, то аддам.

Той думае: «Ну то што ж я ўдома не пакінуў? Мо, жонка карову купіла, то няхай сабе бярэ» — да й кажа:

— Добра!

Так чорт зараз выняў валову скуру, выпісаў там нештась, ён мізінага пальца разрэзаў, падпісаўся, чорт зараз ключыка аддаў, пайшоў ён выскакуваючы дахаты.

Каля сяла адчыніў, войска каля яго стала, ідзе праз сяло, усе дзівяцца, што гэта такое?! Анно ж бачыць — ідзе баба, радзюшкаю накрыўшыся, і двое дзяцей нясе на руках: адзін хлопчык, другая дзеўчынка. Ён пазнаў зараз, што гэта яго жонка, да й заплакаў. Потым падышоў да яе да й кажа:

— А то ж я твой мужык!

Яна так урадавалася, а аб дзецях нічога ён не спамінае. Анно ж тыя дзеці раслі не ле**тамі, але гадзінамі. У сем лет прыходзіць чорт, бацькі давай плакаць, але не было радачкі, так кажуць:

— Ну, ідзіце, дзеткі.

Чорт гэта іх ухапіў, папёр да пекла.

— Сядзіце,— кажа,— тут, а я пайду на вяселле.

Яны сядзяць, плачуць, анно ж прылятае конь:

— Седавецеся,— кажа,— дзеткі, на мяне, я вас выратую з гэтай бяды.

Яны паселі, ён іх завёз да й у землю схаваў. Прылятае чорт — няма іх там! Даўся ў вобалакі — няма; даўся ў землю — есцека! Так ён гэта ўхапіў іх да й кажа:

— Ну, калі вы гэтак другі раз зробіце, то я ўжэ вам не дарую — паб’ю!

Да й паляцеў. Сядзяць яны ў пекле і плачуць, анно ж прылятае галубок.

— Седавецеся, дзеткі,— кажа,— на мяне, я вас выратую.

Яны паселі, а ён іх занёс аж за аблокі.

Прылятае чорт — няма ў пекле. Даўся ў землю — няма, даўся ў вобалакі, ажно есцека!

— Ну, — кажа, — калі вы цяпер уцечаце, то не жыццё ваша!

Да й сам пакруціўся на вяселле. Сядзяць яны і плачуць, ажно прыбягае вол:

— Седавецеся,— кажа,— дзетачкі, на мяне, я вас выратую з гэтай бяды.

Хлопец-такі ўсё яшчэ думаў аб богу, а дзеўчына ўжэ заўсім на чортаву руку падавалася: хлопец — ехаць, яна — не, нарэшце селі-такі да й паехалі. Прывёз ён іх у пушчу, у хатку.

— Ну,— кажа,— тут хоць вас знойдзе, то не зачэпіць.

Да й сам згінуў.

А гэта не быў вол, анно анёл таксама, як той конь і галубочак.

Потым, няведама скуль, прыбеглі сабакі да хлопца, ён з імі хадзіў на паляванне, а гэта таксама былі анёлы. Адзін раз прыляцеў чорт да тае дзеўчыны да й кажа:

— Трэба нам яго з свету спратаць: як прыйдзе, то дай яму есці, мяса, усяго, потым дай шпільку з зубоў мяса выкалупаць, а я яго падцыкну, і ён праб’ецца.

Тая кажа:

— Добра.

Прыйшоў ён, яна накарміла, напаіла, потым кажа:

— Мо табе даць шпілечку з зубоў мяса выкалупаць?

— Дай,— кажа.

А тыя сабакі як скочуць на яе, так і разарвалі тую сукню, дзе шпілька была.

— Ах,— кажа,— каб іх хвароба! Чаму ты дзе іх не патраціш?

Потым чорт кажа да яе:

— Я перакінуся ў еленя, падыду пад хату, ён мяне нацкуе, я сабакі адвяду дзе далёка, а ты,— кажа,— напалі у печы, і мы яго спячэм.

— Добра.

Анно ж прыбягае елень пад хату.

— А,— кажа,— братко, які елень харошы, трэ яго забіць, бо нат баязно выйці.

Той выйшаў, нацкаваў, сабакі пайшлі за ім, а чорт іх адвёў далёка, вярнуўся назад да й кажа:

— Ну, ужэ мы цяпер то спячэм цябе!

— Дайце ж,— кажа,— мне хоць памаліцца.

— Добра.

Выйшаў ён на двор, анно ж чуе, сабакі ляцяць, пастаяў яшчэ крыху да й увайшоў у хату.

— Ну,— кажа [чорт],— годзі, кладавіся!

Той палажыў адну ногу — «не так!», — другую — «не так!»,— кажа,— да й сам лёг: «О гэтак»,— кажа. А ён яго шусь! у печ да й закрыў.

— Хадзем,— кажа,— да бацькоў ужэ.

— Яшчэ,— кажа,— гэту ноч тут пераначуйма.

— Добра, няхай будзе і гэтак.

Анно ж прыляцелі сабакі, ён ужэ такі рад, што хоць не згінулі. Потым ляглі яны спаць, анно ж сніцца яго сястры: «Устань, выгарні попел, знойдзеш там зуба, так ушый яму ў подушачку».

Так устала, знайшла таго зуба, а як ужэ прыйшлі дахаты, так яна кажа да бацькоў:

— Трэба гэтыя сабакі замураваць, бо я іх надта баюся: раз мне сукню такую харошу раздзерлі.

Бацькі кажуць:

— Добра.

Да й узялі замуравалі, а яна гэта пашыла подушачку, ушыла таго зуба і паслала яму. Як ён заснуў, так і заснуў. Спіць і спіць, а сабакі енчаць, што не жарты! Нарэшце бацькі ўжэ кажуць:

— Трэба гэтыя сабакі адмураваць, мо якія добрыя.

Як анно адмуравалі, як ні дадуць яны ў вокна, у дзверы, проста да тае станцы4, дзе ён спаў. Як прыляцелі, так тую падушачку і раздзерлі. Ён схапіўся:

— Ах,— кажа,— прылёг на мінютачку і то не далі спаць!

— Заснуў бы,— кажуць бацькі,— ты навекі, каб не гэтыя сабакі.

Давай шукаць, анно ж знаходзяць таго зуба. Яна тады прызналася да ўсяго шальмоўства, так яе зараз гэта на жалезныя бораны расцягалі, а самі жылі ўжэ шчасліва.

Сабакі тыя няведама дзе падзеліся.

1 Нім – тут: пакуль.

2 Памергавацца – тут: разлічыцца.

3 Пудэлачка – скрыначка.

4 Да тае станцы – да той кватэры.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 240-243
Крыніца: скан