epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб кралеўне, заклятай у жабу

Было ў аднаго гаспадара трох сыноў, так ён кожнаму даў па стрэльбе да й кажа:

— Ну, хлопцы, ідзеце на паляванне!

Пайшлі яны. Ну, так тых двох страляюць стрэльбы, а таго меншага не; так то ён узяў яе да ў луг укінуў. Прыходзіць да братоў да й кажа:

— Так і так — я стрэльбу сваю ў луг укінуў, бо не хоча страляць.

А тыя кажуць:

— Якая яна есць, то есць, калі бацька даў, то дзяржы.

— Але, — ка[жа], — праўда, браткі, — і пайшоў па тую стрэльбу. Прыходзіць, ажно на ёй сядзіць не[й]ка жаба да й кажа:

— Калі возьмеш мяне за жонку, то аддам стрэльбу.

Так ён німа рады:

— Вазьму,— кажа.

Тады яна і аддала яму тую стрэльбу. Ну, прыходзіць ён дахаты, ажно на акне сядзіць жаба! А! Што тут рабіць?! Пайшоў ён да ксяндза, ксёндз кажа:

— Даў слова, німа рады, жаніся!

Так ён гэта і ажаніўся з ёю. Бало, як удзень, то яна жаба, а пад вечар харошаю паненкаю стане, да й то расказала яму, што яна была кралеўнаю, але яе адна ведзьма закляла. А браты яго былі ўжэ жанатыя, да й то як надышлі мяніны бацька, так тыя напяклі пірагоў і паслалі, а ён кажа да яе:

— От, братавыя пірагоў напяклі і паслалі бацьку, а ты што зробіш, калі ты жаба?!

— Не бядуйся, купі анно мукі.

Ну, так ён і купіў мукі, а яна спякла пірагоў яшчэ лепшых, як тыя, да й то паслала. Бацька дзівам дзівіцца, што жаба такіх пірагоў напякла!

На другі рок, на мяніны, зноў тыя паслалі па кашулі бацьку, так ён прыходзіць да яе і кажа:

— От, тыя прынамсь па кашулі пашылі бацьку і паняслі, а ты, падло, што, калі ты жаба!

— Не бядуй,— ка[жа],— анно купі плаценка.

Як купіў, яна то хутчэй пашыла да й кажа:

— Ты ідзі цяпер, а я зараз прынясу.

Той пайшоў, сядзяць, гавораць, ажно зямля застагнала; заехала каляска, коні белыя, харошыя, з яе выйшла кралеўна, яго жонка, да й аддае бацьку кашулю. Так ён гэта дахаты, бачыць, ляжыць той жабячы вылупак, так ён яго ў печ, і згарэў. Утом яна ўлятае:

— Ах, ліхачко! А тож анно тры дні яшчэ была б заклята, а так, калі мая скура згарэла, няхай і я згару!

І гэта ўскочыла ў печ і згарэла.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 94-95
Крыніца: скан