epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб кралевічу, чараўніку і яго дачцы

У аднаго кроля быў маленькі сын, і хтосьціць ім сказаў, цо ён згіне. Як хлопец гэты падрос, то раз стаў прасіцца, жэб пайсці на паляванне. Кроль доўга не пушчаў яго, але потым даў яму людзей, войска і кажа:

— Но, ідзь, сынку, забаўся.

А тым людзям казаў, жэб яго пільнавалі. Хадзілі яны доўгі час па лесе, аж пад вечер абачыў той хлопец вельмі пекну пташку і вяліку, так зачаў за ёй ганіцца: ганіўся, ганіўся і заблудзіў.

Ходзіць, ходзіць, аж увайшоў на такі мост, жэ як ідзе ў адзін бок, то мост топіцца ў воду, як ідзе ў другі, то таксама. Няма яму дзе падзецца. Наканец прыходзіць якісь чалавек да яго і кажа:

— Я цябе даўно чакаў, ходзь за мною, то я цябе выведу на брэг.

Вывеў яго і кажа:

— Но, тэраз1 ходзь за мною, то я цябе завяду дахаты.

Завёў яго да свае хаты, казаў яму даць піць, есць і кажа:

— Ляж спаць, а заўтра дам табе работу: як зробіш, то будзе добра, як не зробіш, то табе будзе смерць.

Назаўтра збудзіў яго, казаў яму даць есць і павёў яго на работу. Завёў яго да леса, а там ляжаў агромны камень, і кажа:

— Як ты зробіш за дзень у гэтым камені дванасце пакоі за ўсім, як трэба тылька ключы аддаць, то добра, а як не, то смерць табе зраблю.

І даў яму малаток, длутка2 і сам пайшоў. Той хлопец падзёбаў, падзёбаў, відзіць, жэ ніц не зробіць, сеў і плача. Аж прыносіць яму таго чараўніка дачка палудзень і кажа:

— Чаго ты плачаш?

— Ай,— кажа,— плачу: казаў мне твой татуля зрабіць дванасце пакоі, а я,— кажа,— не дам жаднае рады.

— Ай,— кажа,— ціха, не плач, сядзь і еш — я табе памагу.

Як хлопец з’еў, так яна кажа:

— Но, ляж тэраз, свайго гора засні.

Хлопец лёг і зараз заснуў, наплакаўшыся, а яна клікнула нячыстых духаў, як відзіш, так зрабілі дванасце пакояў у камені. Тады яна яго будзіць:

— Устань,— кажа,— бо я адходжу, на табе ключ. Як прыйдзе мой тата-чароўнік і запытае цябе, ці добра зрабіў, то скажы: «Усё добра, тылька една акенка крыва», бо як скажаш, цо добра, то будзе з табою кепска. А ключы няйначай як яму ў рукі дай, бо як дзе паложыш, то ён папсуе работу.

Аж над вечар ідзе той чароўнік да яго і пытае:

— А цо, добра зрабіў?

— Добра,— кажа,— тылька една акенка ў сёнках крыва стаіць.

Той чараўнік мовіць:

— Но, хлопча, добры з цябе майстар, ідзі тэраз дахаты.

Казаў даць яму піць, есць і кажа:

— Заўтра дам табе зноў работу, як зробіш, то будзе добра, як не, то смерць табе будзе.

Той пайшоў, лёг і спаў аж да свету. Назаўтра рана збудзіў яго чароўнік, казаў яму даць піць, есць, павёў яго да леса, даў яму шкляну сякеру і кажа яму:

— Ну, жэбы ты за дзень зрубаў той лес, ацерабіў і ў сажні злажыў, то будзе добра, а як не, то будзе табе смерць.

Чараўнік завярнуўся і пайшоў дадому, а гэты хлопец секануў у дрэва, сякера высыпалася, і няма чым рубаць. Так сеў і плача. Аж у палудзень прыносіць тая сама есць і кажа:

— Чаго ты зноў плачаш?

— А як жа мне не плакаць, кеды3 мне гэты твой татуля так націрае, мо я цябе венцы4 не забачу.

А яна:

— І, глупства, не бядуй, еш і ляж адпачыць, я табе памагу, але глядзі, абы ты аба мне не запомніў.

Так ён ёй прырэк, цо нігды не забудзе. Ён то пад’еўшы палажыўся і заснуў, а яна тым часам клікнула сваіх памочнікаў, так у окамгненне і сажні стаяць.

Тады яна:

— Уставай! — кажа.— А як прыйдзе чараўнік і запытае, чы добра зрабіў, то скажы: «Усё добра, тылька една сасна зламалася напалову». А не кажы, цо я табе памагаю, бо ён цябе будзе пытаць.

Прыходзіць чараўнік і пытае:

— А цо, добра зрабіў?

— Добра, тылька една сасна зламалася напалову.

— О,— кажа,— то ты мусіць лепшы майстар за мяне! Але мусіць табе мая дачка памагае?

— І, яшчэ то яна не памагала! Тылё5 прынясе палудзень, я з’ем, і зараз яна назад ідзе.

— Но, то ідзі дадому.

Завёў, накарміў, напаіў дасыта і кажа:

— Ідзі ж спаць, бо заўтра зноў чакае цябе работа.

Так то назаўтра даў яму напарстак, завёў яго да езёра:

— Вылі з езёра за дзень воду і дно пясочкам жоўценькім высып.

Ага, і казаў:

— Палічы рыбаў, колькі будзе велькіх, а колькі малых.

Той выліваў, выліваў напарсткам воду, але і знаку няма. Аж прыносіць яму тая есць, а ён плача.

— Чаго ты ўсё плачаш?

— А як жа мне не плакаць, то ж казаў мне напарсткам воду выліць, а я выліваю і знаку няма.

— Э, глупства, я табе памагу, але памятуй, жэбы ты мяне не забываў.

Ён пад’еў і палажыўся спаць. Як відзіш, так вада выліта і дно пясочкам высыпана.

Так яна кажа:

— Но, устань, але памятай, як прыйдзе татуля і запытае, чы зрабіў, кажы: «Зрабіў».— «А рыбу палічыў?» — «Палічыў: большай трыста шэсцьдзесёнт, а мнейшай не злічыў». Тады ён табе скажа, жэ то не твая работа, але мая, то ты часам не кажы, цо то я зрабіла, бо было б з табою кепска. Но, а потым ён табе скажа, жэбы ты пазнаў, катора табе абед насіла, а нас ест седэм, то над маёй галавою будзе муха лётаць, а другі раз то з тылу будзе бела кветачка ў мяне; а трэці раз будзе на пазурку зялёна нітачка.

Сказаўшы гэта, пайшла яна. Небавам прыходзіць чароўнік і пытае:

— А цо, зрабіў?

— Зрабіў!

— Рыбы аблічыў?

— Аблічыў: большай трыста шэсцьдзесёнт, а мнейшай не аблічыў.

— О, мусіць то мая дачка зрабіла, то не ты?

А ён:

— Не, — кажа, — дальбог, яна тылька прынясла есці і зараз пайшла.

— Но, ідзі дадому: кеды ты пазнаеш, катора прыносіла палудзень табе, то я це ажаню з ею, а як не, то голаў адарву табе.

Пайшоў, прыходзіць, аж ён іх паставіў седэм паненак як една, жаднай змяны нідзе няма.

— Ну,— кажа,— выбірай!

Так ён прыгледзеў, над катораю муха лётала, і кажа:

— О, гэта!

— Ну добра, ідзі спаць.

На другі дзень вывеў седэм як адзін крукоў і мовіць:

— Выбірай тэраз.

Так ён абышоў кругом, агледзеў белу кветачку і кажа:

— Гэта мая!

Чароўнік тылька галавою пакруціў і думае сабе: «Ну хітры, то хітры!».

Назаўтра выводзіць зноў седэм галубіц як една, ані змяны, і кажа:

— Ну, хлопча, выбірай, катора табе палудзень насіла.

Хадзіў ён кругом, хадзіў і агледзеў на пазурку зялёну нітачку,{ні-

тачку,} так кажа:

— Кеды не мылюся, то гэта мая!

А чароўнік:

— Но, но,— кажа,— ты лепшы штукар за мяне.

Назаўтра іх ажаніў, яны пайшлі спаць, а чароўнік казаў, жэб матка пільнавала, жэб часам не ўцяклі. А яго жонка сціха кажа:

— Мы ўцячэм, але паставім дванасце столкі, то гэтыя столкі будуць за мяне адказваць.

Паставілі дванасце столкі і самі ўцекі. Матка пытае:

— Галена, ты ест?

— Ест.

Так яна пытала дванасце разы, а столкі адказвалі, запытала трынасты раз — ціха, так яна крыкнула:

— Мужу, уставай, няма!

Так чароўнік:

— А лець прэндзей6, маці, кеды ўпусціла, гані іх.

Так яна зрабілася цёмнаю хмураю і гоніць, аж дачка пачула і кажа:

— Гоніць нас маці, я,— кажа,— стану велькім лесам, а ты маленькаю пташачкаю, тылё ,не дайся ёй ухапіць.

Так стаў зараз велькі лес, а маленька пташачка лётае па лесе. Стала баба за пташкаю ўганяцца, лётала, лётала — не ўхапіла. Вярнулася назад, а чароўнік пытае:

— А цо ж ты відзела?

— Так і так.

— А чом ты не брала, то ж гэта яны. Гані, бабо, зноў.

Баба зноў зрабілася цёмнаю хмураю і гоніць, а дачка зараз пачула і кажа:

— Ну, гоніць зноў, я зраблюся велькаю гарою і зарослаю церняю, а ты будзеш салавейчыкам, тылё не дайся бабе ўхапіць.

Так зараз стала велька гара, заросла церняю і тылька салавейчык спявае.

Хмура надышла, стала баба за салавейчыкам хадзіць: хадзіла, хадзіла, не дала рады прадзіраць гэтага церню калюшчага, так завярнулася і паляцела, а яны далей уцекі.

Прылятае дахаты, а ён:

— А цо, відзела?

— Так і так.

— Чом ты, дурная бабзно7, не брала? А то ж гэта яны былі. Гані трэці раз, як знайдзеш, забірай.

Так баба ўзяла з сабою тры гарэхі і зноў гоніць іх, а дачка пачула і кажа:

— Я буду езёрам, а ты будзеш качурам, не дайся жа ты бабе ўхапіць.

Прыляцела баба, хадзіла кругом езёра, хадзіла і не ўхапіла.

— Ну, ты,— кажа,— мяне не шкадуеш, а я цябе шкадую: на табе, дочко, тры гарэхі, то яны табе ў няшчасці памогуць.

Даўшы, сабралася і паляцела, а яны з гарэхамі ўцекі. Прыйшлі блізка дому таго хлопца, так яна кажа:

— Я затрымаюся ў карчме, а ты ідзі дадому, тылё глядзі, жэб цябе бацькі не цалавалі, бо ты аба мне заўсім забудзеш.

Ён зайшоў, аж бацька з радасці давай яго цалаваць, так ён і чыста забыўся.

Пабыўшы трохі, мовяць, жэб ён жаніўся. Так ён і жэніцца.

Сабралася многа народу, а яна раскусіла едэн гарэх і выняла з яго сукню, як месяц, убралася і ідзе. А яго матка як абачыла яе, так зачала бедаваць, жэ ён як увідзіць такую пекну панну, то тую пакіне. Так яна яе клікнула да пакою, дала ей такога віна: як выпіла, так легла і заснула. Тэды яны знялі з яе тую сукню і схавалі. Прабудзілася яна — няма сукні, так заплакала з гора і пайшла. Аж на другі вечар зноў з’язджаюцца, так яна раскусіла другі гарэх, дастала з яго сукню, як гвязды на небе, убралася і пайшла. Матка яго як яе абачыла, зноў таксама зрабіла. Тая назаўтра прабудзілася, але цо ж робіць — заплакала зноў і пайшла.

Ідзе, аж спатыкае неяку старую бабу. Баба падышла і пытае:{пы-

тае:}

— Чаго ты, доньку, плачаш?

— Так і так, парадзь мне, бабко, цо мне зрабіць? Я яго ад смерці ратавала, я яму ў помачы ставала, а ён мяне забыў, хоць мы ўжо пажаніўшыся былі.

Так баба кажа:

— Убярыся ты ў кепска адзенне, напішы ліст, занясі і палажы пад люстэркам, дзе ён чэшацца, а ўвечар убярыся і ідзі.

Яна так і зрабіла, а ўвечар раскусіла гарэх, дастала сукню, як слонка, улажыла на се і ідзе. А ён, прачытаўшы ліст, даперу8 ўспомніў яе, так засмуціўся моцна, выйшаў на гуліцу і стаў пільнаваць. Пастаяў трохі, аж ідзе, так пацалаваў яе, перапрасіў і ідуць разам дахаты, а людзі дзівяцца, цо то за яснасць такая — аж відна, як удзень.

Увайшлі, яна пакланілася радзіцам, расказалі, цо было, і замест вяселля зрабілі тылька велькі баль.

На гэты баль і мяне там клікалі, казалі, жэб я ім паказаў камедыю, а я ім казаў, жэбы мне далі шкляныя боты, з масла капялюш і папяровы сурдут. Музыка то зайграла, я хацеў пайсці танцаваць, а шкадаваў, жэб не пабіліся боты, так адхіліўся, скінуў боты і ўцекі, бо хацеў паказаць дома, цо то за штука. Ішоў, ішоў, аж ноч заняла, лёг каля каменя начаваць. Дождж як пайшоў — чыста сурдут размок, я схапіўся і далей, аж тут слонка як прыгрэла, капялюш растапіўся на галаве, так я няма цо абуў боты шкляныя і іду, аж спаткнуўся на камень, а яны дзын-дзын і пабіліся. Тады як давай ужо ісці босы, ішоў, ішоў, прыйшоў на свой пасеў і тутай сеў.

Байку вам сказаў, усё роўна як звязаў, а тыя ўсе жывуць, мёд, віно п’юць, а мне за тое, цо стуль уцёк, не даюць.

1 Тэраз – зараз, цяпер.

2 Длутка – далатцо.

3 Кеды – калі.

4 Венцы – болей, больш.

5 Тылё - толькі.

 

6 Прэндзей – хутчэй.

7 Бабзно — збіральнік пасля гэтага слова паставіў клічнік, звяртаючы ўвагу на незвычайнасць формы. Слова мае некалькі значэнняў. Тут хутчэй за ўсё зневажальнае ад баба.

8 Даперу – толькі тады.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 267-273
Крыніца: скан