epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб кралевічу-чараўніку

Быў сабе адзін бедны чалавек, меў ён сына, але не мог яго пры сабе дзяржаць, так аднаго разу кажа:

— Хадзем, сынку, дзе ў свет, мо я це аддам дзе на науку да якога майстра.

— Га, нішто зрабіць,— добра, татку.

Пайшлі яны. Ідуць, так ідуць, ажно ў лесе спатыкае іх неякісьці стары чалавек да й пытае:

— Куда вы ідзеце?

— Іду,— ка[жа],— у свет, мо дзе сына аддам да майстра на науку.

— То мо мне аддайце, я яго за тры лет усяго выучу.

Так то чалавек урадаваўся, што не трэба ўжэ далей ісці, пакінуў сына, а сам, згарнуўшыся, пайшоў да хаты, не ведаючы, што ён чараўніку сваё дзіця пакінуў. Ажно жыве ён там рок, два, тры, нічога не учыць, ужэ тры нядзелі да трэцяга року не ставала, тады вядзьмар кажа да яго:

— Напалі ў печы!

Ён напаліў, калі то ведзьма аж чырвона.

— Лезь,— кажа,— у печ!

Яму валасы дубам сталі, але думае сабе: «Будзе горай, як не паслухаю». Так улез — ажно нігарачо! Паляжаў крыху, а чараўнік кажа:

— Вылезь!

Ён зараз вылез, да й улез чараўнік, а, паляжаўшы крыху, вылез да й кажа:

— Ну, дзяці**но, будзеш ты разумнейшы ад мяне!

І аддаўшы яму такое лычка, кажа:

— Як ужэ це бацька забярэ, то будзеш перакідаўся ў коні, сабакі, усё.

І наўчыў яго, як рабіць трэба.

— Адно скажы,— ка[жа],— свайму бацьку, каб не браў больш за це на кірмашы як сто злотых, да й каб лычка часом не аддаваў, бо як пакіне на табе, то ты ўжэ не магчымеш перакінуцца ў чалавека.

У той сам дзень выйшаў хлопец у лес, ажно якраз угледзеў сва[й]го бацька, так падбег да й кажа:

— За тры нядзелькі прыдзеце ўжэ па мяне, а нас е там многа такіх, то чараўнік нас паперакідае ў коні, потым у галубы і паненкі да й скажа, каб вы мяне пазнавалі, то помніце, як паперакідае ў коні, то я прытулю правае ўха, а як у галубы, то ўсе будуць галоўкі пад крыламі дзяржаць, а я высаджу дзюбку з-пад правага крылачка, а як у паненкі, то я буду крыху вышайшы.

Сказаўшы гэта, пажагнаўся з бацькам да й пайшоў назад. У тры нядзелі якраз прыходзіць да чараўніка бацька яго, так то чараўнік затрубіў на медзяную трубу, аж як бач, з усіх старон пазляталася коней рожных, а гэта ўсё былі хлопцы. Тады чараўнік кажа:

— Ну, чалавеча, пазнавай жа цяпер сва[й]го сына, ці ўзнаеш?

Той ходзіць ад каня да каня, глядзіць, ажно ў аднаго прытулена права ўхо**.

— Ці патрапіў,— ка[жа],— ці не, але гэта, мусіць, ці не мой?

— Няўжо ж што, праўда, гэта ён!

Потым паперакідаў іх у галубы, так яго сын высадзіў дзюбку, так ён кажа:

— Мусіць, гэта!

— Ну, гэтыя разы згануў якраз, па[г]лядзімо ж цяпер, ці пацэліш! — да й гэта паперакідаў іх у паненкі. Так бацька, перайшоўшы раз, другі, стаў каля найвышайшай да й кажа:

— Гэта мой сын!

— Ну, німа што, браце, круціць — забірай сабе яго!

Да й гэта кажучы, перакінуў яго ў хлопца, а тыя паразляталіся на ўсе стораны. Так то чалавек падзякаваў чараўніку, узяў за руку сына дай пайшоў дахаты. Ідуць яны, так ідуць, ажно ў лесе сталі птушкі спяваць, так хлопец кажа:

— Тату, знаеце, што яны спяваюць?

— Ці хто яго знае!

— А я такі знаю: яны кажуць, што я буду ногі мыць, а тата будзе тую воду піць.

— О, ужэ гэтага не дажджэш ты,— кажа,— банкарце, каб я тую воду піў!

— Ну, палядзімо! — і пайшлі далей.

Прыходзяць дахаты, пабылі там дзён зо два, ажно ён кажа да бацька:

— Тату, я перакінуся ў каня, а тата няхай зложыць на мяне гэта лычка і павядзе на кірмаш: анно няхай тата больш не бярэ, як сто злотых і лычка купцу не аддае,— да й гэта кажучы, перакінуўся ў каня.

Бацька, злажыўшы лычка на яго, прыводзіць на кірмаш, ажно зараз знайшоўся купец і пытае:

— Колькі просіце?

— Сто злотых,— кажа.

Той без торгу выняў зараз грошы і даў бацьку, а той, зняўшы лычка, пайшоў дахаты. Ідзе, так ідзе, калі аглянецца, ажно бяжыць конь за ім! Прыбегшы, перакінуўся ў хлопца да й пайшоў з бацькам дахаты. На другі кірмаш перакінуўся ўжэ ён у вогера. Прывёў бацька яго да места, пастаяў крыху, ажно падыходзіць нейкі чалавек, а гэта быў той сам чараўнік, але бацька яго не пазнаў.

— Колькі вы,— ка[жа],— за яго хочаце?

— Тысячу,— кажа,— рублёў!

— То добра, калі не ўступіце.

Да й гэта выняў, заплаціў, ногу закінуў на каня — паа-йшоў! А той тады агледзеўся да й то крычыць:

— Паночку, аддайце лычка маё, аддайце!

— Э-э, годзі, не ў мяне ты лычка дастанеш!

Бацька, німа рады, пайшоў дахаты. Ажно той чараўнік, прыехаўшы да се, наклаў у лесе дроў, паставіў кацёл з вадою, падпаліў, да й вогера ўпапярок таго агню паставіў. Тая пара з катла стоўпам на яго верне, а ён, небарака, стаіць, бо чараўнік лычка не зняў. Ужэ стала цела коваламі адпадаць, ажно ўгледзела гэта жонка чараўніка, так падбегла — шах! лычка скінула, вогер пайшоў, а чараўнік за ім. Прылятаюць пад бераг рэкі, ён стаў вокунем, а чараўнік шчупаком, і давай яго ганяць. Ажно над берагам неякаясь дзеўка з кралеўскага двара хусце мыла, так хлопец стаў харошым пярсцёнкам і ўскочыў той дзеўцы на палец. Яна адраклася і таго хусця да й пабегла з пярсцёнкам да кралеўны. Кралеўна, угледзеўшы, не магла здзівіцца, бо такі быў харошы, да й то адкупіла яго ад тае дзеўкі. Надышоў вечар, а ад таго пярсцёнка такі бляск б'е, як у белы дзень ад слонка! Кралеўна днём носіць на пальцы, а ўночы кладзе яго пад подушку, тады ён перакідаецца ў хлопца і гаворыць з ёю, усё. У колькась дні прыходзіць той чараўнік да й кажа, што ён дасць за той адзін пярсцёнак пятнаццаць харошайшых. Яна, падумаўшы, кажа:

— То і добра, адно прыдзеце заўтра.

Як легла ўжэ спаць, так ён кажа да яе:

— Як прынясе заўтра чараўнік пярсцёнкі, то вы, як будзеце мяне даваць, упусцеце на землю, то я перакінуся ў мак, то вы на адно зернятка наступіце, а як чараўнік усе й пазбірае, то паднясеце ногу.

Яна так і зрабіла. Назаўтра прыходзіць чараўнік, даў ёй тыя пярсцёнкі, а яна, яму сва[й]го даючы, упусціла на землю, так поўна ў пакою зрабілася маку! Тады чараўнік перакінуўся ў пеўня і стаў збіраць. Як пазбіраў, яна ногу падняла, так як га! з таго зернятка маку зрабіўся шуляк і задзёр пеўня. Потым ужэ кралеўна, канешне, захацела за яго пайсці замуж, бо надта ёй быў да спадобы. Як усё ўжэ ўлажылі, так ён паслаў па сваіх бацькоў, а да іх было недалёка, так то іх сплюшчых папераносілі, што яны аб нічом і не зналі. Паклалі іх у палацы ў таком харошым пакою, што а-ей! Назаўтра прачхнулася яго маці, як гляне, аж ёй у ачу зазыяла — думала, што ў раі, так давай будзіць дзеда:

— Дзеду, дзеду, устань, абач, мусіць мы ў раі, глядзі, якое ўсё хароша!

— Але,— кажа,— мусіць у раі.

Ажно ўходзіць іх сын, да й то прывітаўшыся, расказаў ім усё чыста. Таго дня на вячэру даў ім селядцоў і слугам заказаў вады даваць, а сам узяў у нештась вады, усадзіў адну ногу, другую і як яны заснулі, паставіў каля іх. Дзед прачхнуўся, захацелася вады, так мац, мац, ажно стаіць, так напіўся. А той яго сын пад дзвярыма ўслухаўся, так выбег да й кажа:

— А што, тату, уласне я вам ні казаў, што я буду ногі мыць, а вы гэту воду піць.

— Але, сынку, казаў.

— А то ж я ў гэтай вадзе ногі мыў, а вы яе пілі.

— Калі вада чысценька і ножкі твае чысценькія.

Незадаўга ажаніўся ён з таею кралеўнаю, а па смерці яе бацька кролем яго абабралі. А на том вяселлі і я быў, мед, віно піў, па барадзе цякло, у губе не было.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 419-422
Крыніца: скан