epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб рачку

Ехаў адзін чалавек у лес па дрова, аж [г]лядзіць, сядзіць у хварасце рак, так ён спалохаўся да й адкінуў яго галінаю, а рак давай прасіцца:

— Чалавечку, вазьмі мяне дахаты.

— А[д]чапіся ты, гадзе нялюдскі, на чорта ты мне здаўся! Але як стаў прасіць, як стаў прасіць, так ён нішто, узяў.

А там недалёчка жыў кроль і меў тры надта-надта харошых дочак; так як адагрэўся на пячэ, так давай прасіць сва[й]го гаспадара, каб пайшоў да кроля і сказаў, што ў яго е сын рачак і што ён хоча з кралеўнаю ажаніцца. Так гаспадар кажа:

— Здурэў ты, гадзіно, ці што? Як ты смееш гэтак казаць!

Але як стаў прасіць, як стаў прасіць, так пайшоў. Так то прыходзіць, да й то неяк адважыўся і кажа: так і так. Так кроль:

— Ну, то калі твой сын гэтакі разумны, то няхай мне за гэту ноч ад твае хаты да ма[й]го палацу дыямэнтавы мост зробіць.

Так гаспадар прыйшоў і кажа:

— А што, казаў, што не варта аказвацца, цяпер [г]лядзі, казаў, каб ты за адну ноч дыямэнтавы мост выставіў!

А ён:

— Ну, то і добра,— кажа,— гэта ўжэ не ваша бяда, анно вынесце мяне на двор да на стаўбцы пасадзеце.

Так ён яго і вынес. На заўтрашні дзень, зрання, кроль выходзіць, ажно зыіць ужэ дыямэнтавы мост! Так прызваў да се таго гаспадара да й кажа:

— Відна, твой сын разумны, то няхай жа ж яшчэ зробіць, каб за гэту ноч ад твае хаты да ма[й]го палацу мак расцвіў.

Так гаспадар, прыйшоўшы дахаты, наваліўся на рачка да й кажа:

— Ну, мост то ты зрабіў, але гэтага не ведаю, ці дасі рады.

— Кажэце! Ну то што ён там вычварыў?

— А то ж казаў, каб ад хаты да палацу мак расцвіў за гэту ноч!

А рачак кажа:

— Ы-ы, гэта яшчэ не бяда! Стойце, анно вынесце мяне на двор і дайце жменьку маку.

Так ён гэтак зрабіў. Калі то на заўтрашні дзень кроль прачхнецца, глядзіць праз акно, ажно праўда, найхарошайшы мак цвіце! Так прызваў гэтага чалавека да й кажа:

— Калі так, то няхай твой сын той дачцэ, катору ён сабе выберэ, сукню не мерачы справіць.

Той гаспадар прыйшоў, кажа так і так, ажно за ноч і сукня стала гатова. Тады ўжэ яго ўзяў да й завёз да кроля. Паказаў ён сукню, так кроль казаў сваім дочкам станавіцца ў рад, а яму выбіраць. Так ён серадольшай дачцэ на ножку споўз, змерылі сукню — ажно як уліта на яе!

Тады зараз сталі хадзіць кала вяселля, палажылі то яго на талерцы, паакладалі ў акол дыямэнтамі і так ім шлюб давалі.

Па шлюбе кладавяцца спаць, ажно ён узяў струхнуўся, так скаралюпіна абляцела, да й зрабіўся харошы кралевіч. А тую скаралюпіну пад подушку падлажыў. Як кралеўна ўгледзела такога нязмерне харошага, так надта ўцешылася і ўжэ тады перастала плакаць.

А гэта не быў рак, да кралевіч, закляты праз адну ведзьму ў рака. Ажно назаўтры незнарок яна агледзела гэту скаралюпіну да й то схапіўшы яе бурзгянула ў агонь.

Прыходзіць ён, хоча на се злажыць — німа! Так ён да яе:

— Не бачыла ты таго, што пад подушкаю было?

— Чаго? Брыды гэтай? А то ж я ўзяла да й спаліла.

— Ну ж цяпер то ты мяне навекі згубіла! Мне ўжэ анно месяц было пакутаваць, а ты мне вырабіла, што я не ведаю, калі яна скончыцца.

І даў ёй залезныя чаравікі да й кажа:

— Як гэтыя чаравікі стопчаш, то тады хіба я выпакутуюся.

Гэта кажучы, перакінуўся ў галуба да й паляцеў. Яна то ад таго часу як дзень, так ноч усё плакала да ляментавала, да ўсё хадзіла па лесе да па полі, па карэннях, па каменнях, каб хутчэй іх патаптаць.

Ажно аднаго разечку зайшла да гаднае хаткі, а ў той то хатцы была ведзьма, што кралевічаў заклінала. Так просіцца ў яе на службу, а яна кажа:

— Мне не трэба, у мяне і так есць задосыць, хіба ідзі тут недалёка да аднае пані, то яна цябе возьме галубкі пасвіць.

А тая пані таксама была ведзьма да й то згадзіла яе пасвіць, а тыя то галубкі ўсё былі заклятыя кралевічы. Так тая ведзьма ёй так сказала годзячы:

— Як будуць усе галубкі цэлыя, то я табе екуратне заплачу, а калі не, то голаў зніму.

І здала то ёй на рукі ўсё чыста. Гоніць яна іх пасвіць да й то між усімі пазнала неяк сва[й]го. А ён яе таксама пазнаў і з тае пары стаў ёй пасабляць: як галубкі дзе паразлятаюцца, так ён іх пазганяе да горбы.

Выбыла яна рок да й ідзе па заплату, ажно яе сядзіць на дубе да й кажа:

— [Г]лядзі ж, ты нічога не хаці браць, анно аднаго галубка, а ўжэ ты мяне пазнаеш, бо я няўзнак кіўну галоўкаю.

Ну так ведзьма, пералічыўшы галубкі, што ўсе, кажа:

— Ну, дзеўко, добра ты пасвіла — дам, што хочаш, і мо на другі рок аставайся?

А яна кажа:

— На другі рок астацца то не магу і грошай не хачу, анно за тое дайце мне аднаго галубка.

— То добра,— ка[жа],— які ж табе да спадобы?

А кралевіч кіў няўзнак галоўкаю, так яна кажа:

— Ось, я гэтага хачу! — І ўзяла сабе.

Варочаецца яна да палацу, ажно на дарозе чаравікі падраліся, так ён як бач і перакінуўся зноў у чалавека.

Кроль, угледзеўшы іх, надта ўрадаваўся, зараз то ім выправіў вялікі банкет, усе кролі на ём былі, віно лілося рэкамі, а і я там была, мёд, віно піла, па барадзе цякло, а ў роце не было.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 109-112
Крыніца: скан