epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб разбойніку, што паненкі краў

Было сабе ў адных паноў тры дачкі, у самую найменшую залюбіўся разбойнік і прыйшоў ён аднаго разу, перабраўшыся за жабрака, каб яе ўкрасці. Маці тых дачок выслала яму асьмак, але праз найстаршу; яна яму дае, а ён яе — цап! за руку, закінуў за плечы, як воўк гаўцу, да й памчаў як дуж. Агледзеліся бацькі, як яго ўжэ нідзе і следу не было. Прымчаў ён яе ў глухі лес да свае зямлянкі, а ў ёй было трынаццаць пакояў. Яна, небарака, плача, а ён яе цешыць, хоць агледзеўся ўжэ, што гэта не тая, каторай ён хацеў, але што зрабіць! Водзіць яе па тых пакоях, паказвае ёй багацтва ўсё, але яна плача да й плача. Трэба яму адходзіць у лес, так даў ёй ключы ад усіх трынаццаці пакояў да й прыказаў, каб да трынаццатага не зазірала, і даў ёй чырвонае яблыка і сказаў:

— Як ты да таго пакою пойдзеш, то я па яблычцы пазнаю.

Як ён пайшоў, пачала яна хадзіць па пакоях, а яблычка схавала за пазуху. Перайшла ўсе да й кажа:

— Недаждане яго, каб ён пазнаў, што я загляну да гэтага пакою! — да й увайшла туда.

Глядзіць, ажно там паўнюсенька людзей парэзаных ляжыць, і стаіць кадушка вялізна, а ў ёй кроў чалавеча. Яна нагнулася ў тую кадушку заглядаць, ажно яблычка з-за пазухі выпала ў тую кроў. Яна за тое яблычка, давай абціраць, але яно чыста збляднела. Села ўжэ яна, небарака, да й плача, ажно ідзе іх аж дванаццаць з лесу, а ён падышоў проста да яе і кажа:

— Ля, чаго ты так плачаш?

— Як жа мне не плакаць, то ж мае бацькі не ведаюць, дзе я падзелася.

— А не захадзіла ты да трынаццатага пакою?

— Не, не была.

— Ну, то пакажы ж мне яблычка.

Паглянуў:

— Ну,— кажа,— то хадзі, я табе пакажу!

Увёў яе туды, адцяў голаў, кроў спусціў у тую кадушку да й кінуў міжы трупамі, а сам пайшоў зноў да тых бацькоў, перабраўшыся за крамніка. Прыходзіць ён туды, ажно выйшла серадольша сястра голкі купляць. Ён гэта кінуўшы кромку за яе! да й пабег. Прынёс ён яе да зямлянкі, павадзіў па пакоях, даў яблычка і ключы і пакінуў яе; анно і з ёю так зрабіў, як і з старшаю, а сам пайшоў па трэцюю, учыніўшыся агроднікам. Прыходзіць туды, ажно якраз тая наймельша ходзіць па гародзе, так ён падышоў і кажа:

— Ці паненцы не патрэба агродніка?

А яна кажа:

— І оўшам, трэба,— да й стала з ім хадзіць па гародзе да й паказваць то тое, то сёе, а ён яе цап! закінуў за плечы да й памчаў. Прыносіць ён яе, такі ўжэ кантэцен, водзіць яе ўсюдыма, паказвае ўсё... Назаўтра трэба яму было пайсці да лесу на разбой, так пакінуў ён ключы, яблычка тое і кажа:

— А не хадзі туды, бо заб'ю!

Так яна, як анно выйшаў, яблычка тое пад по**душку падлажыла да й сама пайшла па ўсіх пакоях, увайшла да трынаццатага, ажно там яе сёстры парэзаны, так давай плакаць. Потым выйшла на надворак, села і сядзіць сабе, знябожыўшыся, ажно і ён прыходзіць. Глянуў да й кажа:

— Чаго ты такая маркотна?

— А чаго,— ка[жа],— я буду вясёла: там мае бацькі забіваюцца ад плачу, а я тут адна, як калок у полю, ні да каго загаварыці слова.

— А мо,— кажа,— ты была ў трынаццатым пакою?

— Ы-ы не.

— Пакажы ж мне яблычка.

Яна з-за пазухі, ажно яно яшчэ харошчае як было. Такі ўжо ён уцешны з яе! Пацешыўся ён ёю, пацешыўся да й і зноў павіхрыўся на лес. Яна пайшла да таго пакою, паплакала над сваімі сёстрамі, а потым выйшла на двор і села пад со**снаю задумаўшыся. А на той сосне было круковае гняздо, да й з таго гнязда якраз пры ёй выпала кручанятка. Так яна зараз яго падняла да й шчарапкалася на дзерава і ўсадзіла яго ў гняздо. А кручыца ўсё гэта здалёк бачыла, так падляцела і кажа:

— Паненко, ты маё дзіця ад смерці выбавіла, раскажы ты мне, чаго ты такая хмурная, мо я стану табе ў якой прыгодзе.

Яна ўцешылася, што хоць з птушкаю пагаварыць можа, да й давай ёй усё чыста расказваць. Так кручыца ёй на тое:

— Я табе прынясу вады жывушчай, то ты свае сёстры аджывіш і ўцякайце згэтуль як дужыя.

Да й хуценька то паляцела, вады ёй прынясла, яна гэта зараз пашмаравала горла сваім сёстрам, так у той момант аджылі, пашмаравала другою — пагоіліся. Потым пачалі думаць да гадаць, як бы да бацькоў дастаціся, а тут нават не ведаюць, кудэма ўцякаць. Потым-такі тая наймельшая прыдумала раду і як той прыйшоў з лесу, так кажа да яго:

— Будзь ты такі добры, дай маім бацьком хоць з скрыню адзежы, гэта яны такія бедныя, не маюць чаго насіць, а ў нас і так глуміцца.

Так ён кажа:

— І оўшам, накладзі колькі хочаш, я сам занясу.

Так яна кажа:

— Яшчэ я цябе буду аб адну рэч прасіць: як ты прыдзеш, не будзі мяне, бо як ты мне сон пераб'еш, то я захварэю, анно вазьмі цішком і нясі; а не заглядай да скрыні, бо я ўсё буду чуць і бачыць.

Так ён кажа:

— Добра, не буду,— бо яе надта любіў.

Ну, так як ён пайшоў на разбой, так яна гэта барджэй сваю сястру ў скрыню да й яшчэ наклала то сяго, то таго, а сама легла спаць. Прыходзіць ён, папрабаваў скрыню, што цяжкая, так кажа сам да се:

— Трэба несці, мусі ўжэ напакована,— да й закінуўшы гэта за плечы, памчаў.

Нясе, так нясе, нясе, так нясе, а потым кінуў на пень да й кажа:

— Мо яна не даведаецца, трэба паглядзець, што яна тут наклала.

Ажно тая адзываецца ў скрыні:

— Бачу я, чую я, што мой міленькі да скрыні заглядае!

Так ён гэта — «а!» — задзівіўся да й памчаў, да й памчаў далей. Прыходзіць да двара, ужэ ноч была, так падышоў пад дом, кінуў тую скрыню і кажа:

— На табе, бацьку, чорт адзежы прыслаў! — да й сам уцекі.

Бацькі гэта пасхватваліся, выбеглі на двор, а[д]чыняюць скрыню — анно іх дачка сядзіць! Так ужэ яны ўцешыліся, што і сказаць трудна, але як ім пачала расказваць усё, то аж млелі ад жалю. Тым часам, як той вярнуўся, так Марыська кажа:

— Мой міленькі, занясі ты яшчэ калі маме адзежы.

— Добра,— кажа,— прыгатуй анно, то ўзаўтры занясу.

Так яна таксама зрабіла з другою сястрою, а ён скрыню гэту замчаў, шпурнуў пад сце**ну да й кажа:

— На табе, маці, чорт адзенне прынёс! — і сам уцекі.

Прыйшоў, а яна яго зноў просіць:

— Занясі, міленькі, яшчэ ім грошай, усё роўна ў нас гэтак веле есць.

— Што хочаш,— кажа,— занясу, анно ты будзь вясёлай і любі мяне.

Ну, так як ён анно пайшоў на разбой, яна гэта спякла паненку цукровую, велічыні як сама, прыбрала ў тую сукеначку, што сама хадзіла, палажыла на ложку да й прыкрыла хустачкаю твар. Прыбягае ён гэта з лесу, сюд-туд завінуўся, за скрыню, закінуў цішком за плечы да й памчаў. Прынёс, кінуў пад акно да й кажа:

— Бацько і маці, п'еце і ешце і с... ў хаце, бо чорт грошай прынёс! — а сам ужэ хутчэй да свае Марыські.

Прыбягае да зямлянкі, анно яна яшчэ спіць! Дзівіцца ён: што то такое?! Адкрыў хустачку, пацалаваў у руку — салодка, пацалаваў у другую — салодка, у твар, у нос — усюды салодка! Эх, як ні по**рве яе з ложка, як ні возме яе есць, так еў, еў, еў, еў, а рэшту паламаў, пагракатаў, на землю пакідаў, а сам на сосне павесіўся з жалю.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 347-350
Крыніца: скан