epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб рыцару, як ён забіў змея

Жылі сабе ў адной вёсцы двое людзей, і не было ў іх дзяцей, тылё нарадзіўся адзін сын і не меў жаднае владзы1 да трыдзесту лет.

Пайшлі яны аднаго разу ў поле жаць, а яго пакінулі дома зачыненага. Аж прыходзяць туды ўтрох людзі старыя і просяць у яго, жэбы даў ім цо напіцца. А ён кажа:

— Даў бы я вам, але не магу хадзіць.

Так яны кажуць яму:

— Папрабуй ты аднаею нагою, чы ты можаш ею рухаць.

Ён парухаў, аж пачуў, цо можа хадзіць. Так вельмі ўцешыўся і кажа:

— Чы многа вам трэба прынесці? Бо ест у нас віно, але ўнізе, у склепе.

Так яны кажуць:

— Вазьмі вядро і прынесь поўна.

Ён прынёс і кажа:

— Піце.

— Папрабуй сам напіцца.

Ён як узяў, так адразу цэла вядро і выпіў. Так яны кажуць:

— Прынясі два разы [с]толька.

Ён прынёс, так кажуць:

— Папрабуй,— а ён усё дачыста выпіў.

Так трэці раз кажуць яму:

— Ідзі і прынясі яшчэ два разы [с]толька.

Ён і тым разам выпіў усё. Тэраз пытаюцца ў яго:

— Ну, як, у цябе велька сіла ест?

— Чую,— кажа,— такую сілу, цо мог бы ўсю землю перавярнуць, жэб тылё далі мне такі стоўп.

Так яны пагаварылі з сабою ўтрох, жэ то замнога яму сілы будзе, і кажуць:

— Схадзі, прынясі віна яшчэ два разы [с]толька і выпі.

Ён выпіў, так пытаюцца:

— Ну, як цяпер чуеш сілу?

А ён кажа:

— Тэраз тылё палова засталося сілы.

Так кажуць між сабою: «Даволі будзе сілы для яго». І даюць яму шпільку з галоўкаю на канцы і кажуць, жэбы ён занёс да каваля і казаў куць датуль, аж стане седэм пудоў булавы. І кажуць:

— Каваль нех куе, а ты вярніся назад да нас.

Ён так і зрабіў. Прыходзіць дахаты, а яны яму кажуць:

— Гэты каваль то не будзе рабіць з гэтае шпількі, але зробіць з жалеза, то вазьмі тую булаву, выйдзі на двор, вазьмі за ценьшы канец і кінь угару і слухай, як яна будзе з высока ісці, то пачуеш шум, тэды падстаў калена, то яна разбіецца, калі не з шпількі зроблена.

Потым далі яму лук жалезны і дванасце куль і кажуць:

— Гэты лук то будзе табе на тыя разбойнікі, цо ў лесе ў таком месцы ест, а з гэтаю булавою то пойдзеш у поле, там расце шэсць дубэ, то паміж гэтымі дубамі ест жалезныя дзверы, ты тры разы ўдар у дзверы, то яны паб'юцца; а пад тымі дзвярамі ест яшчэ адны жалезныя дзверы, там будзе жалезна колка, то вазьмі за яго, то адчыняцца. А потым,— кажуць,— адчыніўшы тыя дзверы, свісні тры разы моцна, то выбежыць да це з-пад зямлі конь, то яго не выпусць наверх, бо не зловіш, тылько злаві за ўздэчку і выведзі яго на свет і тады сядай і едзь проста на сход слонка, бэз гэтыя лясэ2, то едучы напаткаеш зараз дванасце разбойнікі, то зараз кладзі ў лук кулі і бі. Потым,— кажуць,— як пазабіваеш гэтых разбойнікаў, то едзь далей у лясэ, знайдзеш там дванасце дубэ агромных, а на іх гняздо, а ў том гняздзе змей будзе з аднаею галавою. Як будзеш пад'язджаць, то ён свісне, але ты не ўважай, бо табе свіст не ўшкодзіць, бо ты сільны. А як ён высадзіць голаў, то ты чым хутчэй кладзі кулю ў лук і пападай яму ў правае ока. Ён,— кажуць,— зараз упадзе на землю, тэды бяры яго, прывяжы да сядла і едзь з ім проста да кроля. Там у кроля будзе велькі баль і будуць з усюль рыцары, і кажан будзе хваліцца за свае сілы і адвагі, а ты ўвайдзі і ўсім пакланіся, а як будуць пытаць, хто ты ест, то ты скажы, цо я найсільнейшы з вас усіх. Пазней па балю будуць вызываць, жэбы з сабою прабаваліся, то ты вазьмі гэтага змея адвяжы ад сядла і кажы змею (бо ён не будзе забіты, тылё ранены), жэбы па-сваему свіснуў, то яны са страху пападаюць на землю, і ўжо ніхто з табою не будзе прабавацца.

І казалі ему, жэбы зараз нёс на поле радзіцам абед, і пайшлі самы. Як яны наўчылі, так ён і зрабіў. Занёс абед, прыносіць, аж радзіцы ўцешыліся і дзівіліся, цо то сталося, жэ ён можа хадзіць. А ён кажа:

— Ого, абачыце, які я яшчэ слаўны на цэла кралеўства стану.

Потым пайшоў да каваля, узяў булаву і зрабіў так, як яму казалі. Так тая з жалеза зламалася, і каваль мусіў выкуць яму нанава з тае шпількі. Так, узяўшы булаву, пайшоў, вывеў таго каня, сеў і паехаў.

Прыехаў у лес, пабіў разбойнікаў, потым раніў таго змея, прывязаў да сядла і паехаў. Прыязджае на кралеўскі двор, аж там рыцароў! Бавяцца, п’юць, банкетуюць. Так пакланіўся ўсім, а яны:

— Хто ты ест?

— Рыцар!

— Будзеш з намі прабавацца?

— Добра, тылё ходзьце, забачце, цо я прывёз.

Яны выходзяць, аж змей прывязаны да сядла, а голаў у яго, як цэбар, а пазура, як сашніке! Так угледзеўшы, чыста патрупелі, а ён то на змея:

— Свішчы!

А змей як свісне, так яны як га! так і пападалі на землю. Тады кроль казаў яму змея забіць і ажаніў яго з сваёю дачкою. Вяселле было гучнае: і я там быў, мёд, віно піў, па ўсах пацякло, а ў губу не папала. Байка за байку запала, кавал носа адарвала, і канец тэму ўтрапеню.

1 Не меў жаднае владзы – не меў ніякай улады.

2 Без гэтыя лясэ – праз гэтыя лясы. У польскіх гаворках сустракаецца ўжыванне замест праз. Лічыцца парушэннем літаратурнай нормы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 298-301
Крыніца: скан