epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб рыцару, што не баяўся

Быў сабе адзін пан, велькі рыцар, і ён нічога не баяўся да яшчэ казаў, што ён невядома што даў бы, каб анно яму хто паказаў, якое гэта «баюся». Але, вядома, ніхто яму не паказаў, так ён аднаго разу кажа да хлопца:

— Запрагай коні, паедзем у свет шукаць таго «баюся».

Ну, так той, хочучы не хочучы, запрог ды й паехалі. Едуць яны, так едуць, едуць, едуць, але нідзе і не чуваць і не відаць «баюся». Ажно аднаго разу захапіла іх ноч серад чыстага поля; калі глянуць, ажно па горцы такі агонь палае! Так то пан кажа:

— Ідзі, палядзі, што там такое?

— Калі, пане, баюся!

— Ат, дурню ты, чаму ж я і не баюся? Злазь з каляскі!

Хлопец то злез, а ён сеў і паехаў пад тую горку. Пад'язджае, ажно там скарб! Так набраў поўну калясачку ды й, пад'ехаўшы да хлопца, кажа:

— От бачыш, ты баяўся, а я, палядзі, чаго набраўся! Сядай і едзьмо дахаты.

Як прыехалі, так кажа:

— Перапражы, хлопча, коні, паедзем яшчэ гэтаю ноччу шукаць «баюся».

Так і паехалі. Едуць яны, так едуць, ажно назаўтра захапіла іх ноч каля магілак.

— Ну,— кажа той пан,— не варта; нідзе ехаць далей, начуймо тут.

А таму хлопцу аж валасы дубам сталі і ушы звялі, ды й то кажа:

— А-ей, паночку, я тут баюся!

— Ну, калі так,— ка [жа],— то будзем тут, канешне, начаваць, я хачу хоць раз угледзець «баюся».

Так выпраг коні — нішто рабіць, калі наняўся, то як запрадаўся! Ну, хлопец той загнуўся з страху ў брычцы, а пан пайшоў на могліцы ды й то лёг сабе на свежай магіле. Ляжыць, ажно ніўбаве калі затраскаціць нештась, зямля расступілася, ды й то вылез мрэц у белым і пайшоў. А пан як нігды ніц, ляжыць сабе. Ажно паждаўшы крыху, ідзе назад, так пан у труну. Той прыйшоў, панюхаў.

— Хто тут?

— Я!

— Пускай!

— Не, не пушчу!

Той давай прасіць.

— Не, не пушчу!

Цэрталіся яны, цэрталіся, нарэшце певень какарэку! Так той мрэц бурждэнк! ды й перакінуўся каля магілы. Так то пан, вылезшы з труны:

— Янку! — крычыць.— Нясі мяшка, ест ужэ адно «баюся».

Хлопец прыбег, калі гляне, што гэта мрэц, мала ні абамлеў са страху, але што рабіць, усадзіў у мяшок ды й панёс на каляску. Тым часам ужэ пачало світаць, так паехалі далей, а пан такі ўжэ рад, што прынаймсе хоць аднаго знайшоў страха. Ужэ было не адвячоркам, як прыехалі да аднае карчмы, так пан кажа да карчмара:

— Ці не можна было б тут пераначаваць?

— Оўшам,— ка[жа],— я панаві не шкадую, але і не раджу.

— Чаму?

— Калі тут нешта страшыць — я сам баюся.

— О, таго я і хачу! Выпрагай коні ды й прынось таго гіцля сюды!

Хлопец зараз прынёс, коні выпраг, і лёг той пан спаць. Спіць, спіць, ажно ў глухую поўнач зрабіўся такі грукат, стукат ды й нешта мічыць пад печчу:

— Лезу, лезу!

А пан:

— То лезь, калі лезеш!

Так той зноў пад печчу:

— Рука, рука, рука!

А пан:

— Давай сюды руку!

Так то зноў:

— Нага, нага, нага!

А пан:

— Янку,— кажа,— давай сюды нашага!

Хлопец то зараз вытрас з мяшка гэтага мярца, утэды як ні шчэпяцца, як ні стануць рвацца зубамі, а пан усё бегае надаўкол іх да ўсё крычыць:

— Мой тва[й]го бяры! Мой тва[й]го бяры!

Біліся яны, біліся, аж утом певень какарэку! Так яны бурждэнк! абодва ды й пападалі нежывыя. Утэды пан казаў забраць у мяшок абодвых, паўносіць на каляску, ды й кажа да таго карчмара:

— Ну, ужэ ж цяпер і не бойцеся нічога, бо я забраў вашага «баюся».

Да то сеўшы, паехаў. Едуць яны, так едуць, анно ўжэ іх ноч пачала захапляць у лесе. Едуць далей, ажно ўгледзелі — серад лесу ў хатцы агонь блішчыць; так то хлопец злез, паглянуў праз акно ды й кажа паціхеньку:

— А-ей, паночку, уцякаймо, бо тут разбойнікі!

А пан:

— То што, дурны! Яны нас не заб'юць, у нас грошай німа.

Разбойнікі разлажылі сабе серад хаты агонь, ды й на ражон ссадзіўшы, пякуць неяку пячэню, ажно пан увайшоў ды й стаў прасіцца ў іх нанач. Так яны аглянуліся па сабе, засмяяліся ды й кажуць:

— То начуй!

Так ён сабе сеў, клікнуў хлопца ды й кажа:

— Янку! Прынясі сюды і нашу пячэню, то за адным заходам і мы сабе прыпячэм.

Так то Янко, узяўшы мярца за ногі, прывалок, а пан яго ссадзіў на меч і давай пячы. Разбойнікі чыста папалохаліся, гэту камедзю бачачы. Ён пёк, пёк, потым урэзаў кусочак, скаштаваў ды й кажа:

— Янку! Падай свежага, бо гэты ўжэ пратух.

А разбойнікі як ні пойдуць, як падмецяны з хаты! (бо думаліся, што з іх каторага), ды й то выракшыся свае пячэні, усялякіх прыштыкаў, грошай, пайшлі з слыхамі, пакінуўшы ўсё сваё багацтва. Утэды гэта і пан насоўваўся і напіўся, калі гэта паршук, і хлопца накарміў і напаіў здаволі, а потым, загарнуўшы ўсё багацтва ў скрыню, паехалі дахаты. Прыехаў, увайшоў да пакою, так кажа да жонкі:

— Ну, сэрданько, я толькі прыехаў адвезці гэта, што мне бог даў, а сам зараз зноў еду ў свет, бо я яшчэ не знаю, што то за «баюся».

Жонка яго так просіць, так лемянтуе, ледзьве ўмаліла, каб адну ночку пераначаваў. Як прыйшла ўжэ пара класціся спаць, жонка яму выслала ложка ды й пад прасцірадла падсадзіла ожыка. Як лёг ён, як укалола яму ў сцягно, так давай ён крычаць:

— А е-ей, баюся! баюся!

І па той раз не паехаў ужэ нідзе шукаць «баюся».



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 511-514
Крыніца: скан