epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб свіным кажушку

Быў сабе дзед з бабаю, і была ў дзеда дачка і ў бабы дачка. Баба сваю дачку і надта песціла, а з падчарыцы збыткавалася: сваю дачку па хфэстах, кірмашах, вяселлях і ўсюдачкі вазіла, а дзедавай то з свіное скуры зрабіла кажушка, ды й яна ў ём цёнгле1 ў хаце сядзела.

Было то аднаго разу, якраз на коляды, паехала баба з дзедам, узяўшы сваю дачку, да касцёла, а сіраціну так, як заўсюды, пакінула ў хаце ды й яшчэ дала ёй мерку маку, змяшаўшы з попелам, каб яна яго чыста перабрала. Плакала яна, бедна, плакала, а потым падумала сабе: «Ці так, ці так я гэтага маку не перабяру, пайду хоць крышачку на матчыну магілку, мо мне лягчэй будзе».

Пайшла яна на магілу, так плача, так плача, ажно маці пытае:

— Ці дуброва шуміць, ці дарога звініць, ці то ж маё дзіця радзонае плача!

Так яна ёй адказала:

— Ні дуброва шуміць, ні дарога звініць, але тваё дзіця радзонае плача.

Тады гэта маці выйшла з магілы, паглядзела, што яе дзіця такое абдзертае, такое чорнае, цёмнае, няшчаснае, ды й яшчэ яна пачала казаць, што ёй мачаха мерку маку пакінула перабіраць.

Маці гэта пайшла ў магілу, вынесла ёй вязку адзежы, калі то зняць, такое харошае! сукняў, залатыя чаравічкі, усяго ўсялякага — і вывела яшчэ за сабою зайчыка ды й кажа:

— Ну, ідзі ж, маё дзіця мілюсенько, у лес, там стаіць сосна дупляста, паскладай ты гэты ўборы ў тую сосну, а ў некаторыя ўбярыся сама, сядай на зайчыка і едзь да касцёла, то яшчэ паспееш на мшу, а мак ужэ твой перабраны.

Ну, так гэта яна пайшла хутчэй, увабралася, улажыла чаравічкі залатыя ды й паехала на зайчыку. Ажно як увайшла яна ў касцёл, то зрабіўся такі бляск ад яе сукні, што людзі адны другіх не бачылі. А быў якраз на тую пору кралевіч у касцеле, ён аж спалохаўся, бо ніколі гэтакае не бачыў. Яна гэта крышачку пабыла, пабыла ў касцеле, потым выйшла, села на зайчыка ды й паехала. Ну, так яна прыехала да тае дуплястае сосны, раздзелася, усадзіла туды зайчыка, апранула на се свінога кажушка, прыйшла дахаты ды й села сабе.

Прыходзяць тыя бацькі з касцёла, паглядзела мачаха, што мак перабраны, анно галавою закруціла. Ну, так гэта сіраціна стала пытаць:

— Мая мамачко, што вы там сягонні чулі да бачылі?

— Ужэ ты таго,— кажа,— не будзеш бачыць, што мы бачылі, такі бляск біў па касцеле.

На другі дзень выбіраюцца зноў яны, так ужэ яна просіцца, так просіцца:

— Вазьмеце мяне з сабою, няхай і я пагляджу таго дзіва.

А мачаха калі то ні зікне, калі вызверыцца на яе да яшчэ ўсадзіла ёй грымака ў плечы:

— Куды,— кажа,— табе, Свіны кажушку! Мая дачка ні табою, а ніц там не значыць; будзе зле цябе2 даволі, што табе сягонні работы не пакіну — сядзі так!

Ды й паехалі самі. Яна ж гэта, крышку паждаўшы, пайшла зноў сабе да дупла, яшчэ харошчую сукню апранула, села на зайчыка ды й паехала. Як увайшла ў касцёл, так яшчэ горай, як учора, усім очы засланіла ад вялікага бляску. Ну, так усенькія людзі ды й сам кралевіч не мог сабе да галавы розуму прыставіць, хто бы то быў такі? Думаў, гадаў — прыдумаці не мог.

Тым часам яна то памаліўшыся, выбегла, села на зайчыка ды й паехала. Тыя бацькі прыехалі, ажно ўжэ дзеўка ў свіном кажушку, як нібы то тое, ды й яшчэ пытае:

— А што,— кажа, — мо сягонні была тая паненка свяцяшча?

А мачаха нешта не рада была, анно зікнула на яе:

— Што табе за дзела, Свіны кажушку!

Ну, на трэці дзень зноў бацькі выбіраюцца, так ужэ яна іх просіць, каб узялі, але мачаха як вызверылася на яе, так яна і асела. Прыязджаюць да касцёла, анно ж ужэ кралевіч у брамах поўныя карыта смалы панастаўляў на яе. Ажно і яна прыехала, схапілася хутчэй з зайчыка, пераскочыла цераз карыта, увайшла ў касцёл, ажно дубальт дубальтамі горшая яснасць ад яе зрабілася. Так кралевіч ды й усей народ нават і адных пацераў не маглі згаварыць, бо ўсё на яе зырылі. Ну, так па мшы выходзіць яна, пераскочыла праз адно карыта, праз другое, а ў вапошнім неяк пакаўзнулася, ды й уграз яе залаты чаравічак у смале. Так яна з вялікага поспеху няма што чаравічка не вымала да хутчэй паехала. Ну, так кралевіч, таго чаравічка ўзяўшы, давай то ездзіць на доўкалічнасць3 ды й мерыць, да чые нагі прыпадзе. Аб’ездзіў усюды — не! не прыпадае да нічые. Урэшце, прыехалі ў тое сяло, дзе Свіны кажушак жыве. Ходзяць яны па сяле мерачы, а мачаха то хутчэй сіраціну навярнула карытам, а сваёй дачцэ хутчэй ногі памыла ды й папрыплесквала, каб былі маленькія.

Ажно ўходзяць жа ў хату: прымерылі старой — нічога, прымерылі дачцэ — не, не прыпадае. Ну, так кралевіч пытае:

— Мо ў вас яшчэ якая жонка ці дзеўчына е?

Так мачаха:

— Не,— кажа,— німа больш нікагусенька.

Анно адзін сусед кажа:

— А дзе ж ваша дурная падзелася, трэба і на яе змераць.

Так яна пад карытам:

— Госьдзека я!

Ну, так адвярнулі карыта, вылезла яна, улажылі чаравічак, ажно якраз прыпаў на ногу! Ну, так усенячкім дзіва такое стала, а кралевіч кажа:

— Ну, цяпер садавіся за мною ў залаты коч4, будзеш маею жонкаю.

Ну, так яна то села, ды й паехалі. Ехалі то яны каля дуплястае сосны, яна то злезла, скінула з се кажушак, да то злажыла залатыя шаты, забрала зайчыка і ўсенячка, ды й патарахцелі. Прыехаўшы то, кралевіч пусціў погаласку ўсім панам, каб з'язджаліся на вяселле, так і мачаха, даведаўшыся, таксама паехала паўзірацца, вядома, як заздрона на тыя дзівавіска. Ажно такое было вяселле, і лепша быць не можа.

Утэды мачаха з вялікага жалю, вярнуўшыся дахаты, дачцэ голаў скруціла, а сама на перасове павесілася.

1 Цёнгле – увесь час.

2 Зле цябе – з цябе.

3 Даўкалічнасць – наваколле.

4 Коч – карэта.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 367-370
Крыніца: скан