epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб токару і злотніку

Быў токар і злотнік, зышліся разам да карчмы, дзе зачалі** выпіваць. Выпіўшы добра, токар кажа:

— Я лепшы майстар!

А злотнік:

— Не, я за цябе лепшы!

Ну, так слова за слова і давай біцца.

Пабіліся добра, а то было ў сталэчным месце1, так кажуць:

— Ідзем да кроля, няхай нас рассудзіць.

Прыйшлі да кроля, кроль пытае:

— Хто вы такія?

Так адзін кажа:

— Я злотнік.

А другі:

— Я токар.

— А чаго вы хочаце?

— Так і так.

— Но,— кроль кажа,— добра, за два тыгодні зрабі ты, злотнік, сваю добру штуку, а ты, токар, сваю, то я забачу, хто з вас лепшы майстар і тэды вас асуджу.

Пайшлі яны дадому; злотнік абмысліў, зрабіў залатую рыбку, цо як пусціць у воду, то яна ходзіць, як жывая; а токар вырабіў такога галубка на шрубе, як закруціць у адзін бок, то ён дагары ляціць, а як адкруціць назад, то ўніз. Га, так нясуць яны свае штукі да кроля.

Прыйшлі, так то кроль казаў у вазу вады наліць, рыбку ўпусціць — аж ходзіць, як жывая!

Той зноў пакручывае шрубу — галубок рвецца дагары: добрыя штукі!

— Но майстры,— кроль кажа,— выходзьце до сандовэй салі, там бэндзем сондзіць вас.

Пайшлі яны там, кроль адзяваецца, а кроляў сын, едэнастолетні хлопчык, схапіў у рукі гэтага галубка, выйшаў на двор, узяў яго між ногі і давай круціць шрубу.

Як-то накруціў моцна, як пойдзе галубок з ім угару — панёс і панёс, як можна окам скінуць!

Зараз зачалі крычаць, кроль кінуў суд, выскачыў на двор — няма!

Рассылае сваіх слуг па ўсём свеце, жэб хоць косці найшлі; шукалі-шукалі — няма.

А ён тым часам ляцеў-ляцеў, і як ужэ збіўся аж пад само слонка, так дапіро трэцяга дня прыпомніў сабе, цо трэба назад адкручваць.

Зачаў адкручваць назад, аж апушчаецца, да й то спусціўся пад неякі дом і стаў.

А было то рана, стаіць хлопчык бедны, галодны і плача, аж ідзе купец, паўважаў на гэта дзіця, зачаў распытываць — не знае мовы яго, потым іннаю моваю і нарэшці натрапіў. Ну, так пытае:

— Скуль ты?

А ён:

— Не ведаю.

Ну, забірае яго да се, накарміў, напаіў, зачаў яго гадаваць; відзіць, цо то цікавы хлопец, так то падучыў яго крыху чытаць, пісаць і потым узяў яго ў сваю краму, спрэдаваць ружныя рэчы.

Там былі скрыпкі і ружныя інструмэнты; ён-то наўчыўся так пекне граць на скрыпцы, жэ цэло места сходзілася слухаць і купавалі ў той краме — а божа! Но, у том месце такжа быў кроль і залажыў баль, так пытаў, жэб добрага музыкі, аж яму мовяць, жэ е ў аднаго купца людскі музыка.

Прысылае кроль фурмана, вязе яго, аж там блізка кралеўскага палацу стаіць шэсцьпянтрова вежа. Так ён у фурмана пытае:

— Цо гэта? Хто тут жыве?

Так фурман кажа:

— Тут на шостым пёнтру кралеўна ест.

— А чаго яна там жые?

— А то для таго,— кажа,— панічыку, жэ яна як радзілася, то бабка прыёмна сказала, жэ то будзе велька шэльма, так кроль баяўшыся, жэбы яна глупства не зрабіла, то казаў вымураваць гэту вежу, і яна там жые ўжэ лят за дванасце, тылька старая баба носіць ядзенне і ўчыць цо трэба, а кругом стаіць варта, жэб баба каго не ўпусціла.

Так ён ніц на гэта не кажа, тылька занатаваў сабе. Заехаў да палацу, граў там цэлу ноч, ну і яго адвезлі зноў да купца, але яму ўсе ў галаве гэта кралеўна, як бы да яе дабрацца. Потым то падумаў, злажыў галубка і ўвечар выйшаў з крамы, накруціў, сеў і паляцеў. Абляцеў кругом гэту вежу, абгледзеў, а жэ окна былі з сярэдзіны паўстаўляны, так ён на мур сеў і ўглядаецца.

Аж выходзіць з другога пакою паненачка пекна, як кветка серад летка. Пахадзіла яна, пахадзіла і пайшла; тэды ён праз акно ўкінуў рукавічку і сам паляцеў.

На другі вечар прылятае назад, паглядзеў, цо акно не зашчэпена, так адчыніў паціху, узлез, аж там на стале стаіць віно ў бутэльцы і печань добра; выпіў, закусіў і думае сабе: «Пайшоў бы я там, але баюся, жэб не нарабіла крыку».

Аж адчыняюцца дзверы, і ўходзіць яна. Забачыла яго, так спалохаўшыся, стала крычаць, бо яна нігды не відзела мужчыны. Так ён кажа:

{.

}— Ціха, ціха, я такі сам чалавек, як ты, не бойся.

Яна-такі баялася, не хацела падходзіць да яго. Але ён ёй расказаў, што і ён кролеў сын, да й з якога кралеўства, усё..., а потым кажа:

— Але ты бабе не кажы, цо я тут прыляцеў, бо мяне ўхопяць і страцяць.

Ну, так яна падышла ўжэ да яго бліжай, пасядзелі, потым пахадзілі, і яна ўсё дзівілася, чом ён мужчына, а яна дзеўчына. Так ён ёй расказаў, наўчыў, чаму то так, і, нядоўга пачакаўшы, пайшлі яны спаць. Паляглі крыху, але жэ ёй гэта падабалася, так то стала яго прасіць, жэбы ён застаўся назаўша з ею.

Но, але ён вытлумачыў ёй, жэ няможна, бо як даведаецца кроль, то страціць іх абое. Але кажа:

— Я да це буду прылятаць, тылька ўначы, але памятуй, не кажы нікому, жэбы ніхто не ведаў.

Но так пажагналіся, ён сеў на галубка і паляцеў дадому. Яна назаўтра дзень казала бабе, жэбы прынесла больш віна і ядзення, і ён ужэ летаў і летаў да яе.

Яны так пекне мілаваліся, цалаваліся, але ж потым баба пазнала, цо кралеўна пабрухацела, сказала кролеві, так кроль на бабу:

— Хіба то ты, ведзьмо, каго пусціла; павешу бабу!

І то казаў бабу ў астрог усадзіць, а да дачкі паслаць дохтара, жэб паглядзеў, чы то праўда. Дохтар то забачыўшы:

— Праўда,— кажа,— міласцівы кролю, дачка ваша ў цяжку.

Но, так то кроль збірае зараз раду і кажа:

— Мо**і панове, як то можа быць, тож то поветжны птак тэго не зробі, а мэншчызна там не ўлезе?

Так то сенаторы кажуць:

— Трэба, міласцівы кролю, на ўсе окна смалы наліць, то пазнаем, чые там слядэ будуць.

— Добра.

Но, так і зрабілі, а ён-то не агледзеўся, прыляцеў уначы і на акне слядэ зрабіў, так яны і пазналі, жэ гэта чалавек.

Так то назаўтра дзень кроль казаў, жэбы ўсіх з цэлага места вызваць і забачыць, у каго рукі або ногі ў смале. Но, так і зрабілі, і кралеўну стуль звялі і кажуць:

— Пазнавай жа, каторы ў цябе быў?

Але яна яго, вядома, шкадавала, хадзіла, хадзіла, кажа:

— Няма!

Ну, так кроль кажа:

— Таіш, шэльмо, то цябе едно повесім.

Тэды то яна:

— Но, кеды гіноньць, то разам: он ест тутай!

І пайшла, узяла за руку і вядзе.

Так то — зараз і асудзілі іх павесіць абое. Тэды ён кажа:

— Добра, няхай будзе і так, тылька пазвольце ёй пажагнацца з айцом і з маткаю, а мне хоць з цэлым светам і з ею.

Кроль пазволіў. Ну, так ён да яе падышоў, абняў яе нібыто пацалаваць, як закруціў шрубу галубку — пайшлі ўгару!

Тут крычаць:

— Трымайце! Лапайце!

А ён крыкнуў: «Пацалуй мне ў..., найяснейшы кролю!»

І паляцелі! Ляцяць яны, ляцяць, аж яна кажа:

— Кепска мне, стань!

Так ён апусціўся ўніз і папала ў лесе. Тэды яна кажа:

— Но, мой міленькі, буду дзіця радзіць!

Так ён то прэндзей узяў, агню разлажыў лом і сам на галубка, да да места.

Прыляцеў, распытаў, дзе баба: яна выйшла, а ён яе хапіў, да то на галубка і п-а-анёс! Так то баба і замглела, бо думала, цо яе чорт хапіў.

Прылятаюць, аж кралеўна ўжэ дзіця родзіць. Яны там пасядзелі тры дні, ён бабу адставіў назад, потым забраў яе, дзіця і павёз да бацька.

Спусціўся рыхтык у сад кралеўскі, аж чуе, у месце барабаняць, людзі ідуць грамадаю, так то пытае:

— Цо там такое!

— Гэто, паночку, токара вязуць вешаць, за то, цо ён зрабіў такога галубка, каторы панёс кролевага сына.

Так ён кажа:

— А, змілуйцеся, хутчэй, хутчэй дайце знаць кролеві, жэб не павесілі таго токара, бо кралеўскі сын ест.

Сказалі, кроль зараз забараніў, ён прыходзіць да бацька, а той, забачыўшы яго, давай то цалаваць, абымаць, аж ён кажа:

— Я не едзін тут: е ў садзе мая нажэчона.

Кроль то хутчэй паслаў па яе, прывялі да палацу, распытаў сына аб цэлай прычыне, зараз казаў іх да касцёла і шлюб ім далі.

Васэле выправілі такое гучнае, усе кролі былі там і ксёнжэнта, і паны і таго на той ахт папрасілі, хто гэту байку казаў. Трахтавалі нас мёдам, вінам, па барадзе і ўсах цякло, а ў губе-то і ніц не было.

1 У сталэчным месце – у сталічным горадзе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 604-608
Крыніца: скан