epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб трох братох і воўку

Меў адзін бацька тры сыны: двох разумных, а трэцяга яны перазвалі дурнем, хоць чорта ён дурны быў. Анно ж трапілася, што кралеўна не магла за нікога замуж пайсці, бо ўсе ёй выдаваліся брыдкія, так кроль расказаў усім, хто хоча з кралеўнаю ажаніцца, каб упярож пайшоў да такоі і такоі крыніцы (а да яе не дапускалі нячыстыя) і ўмыўся таею вадою, то такім пекным стане, што адразу да душы ёй прыпадзе. Той бацька даведаўшыся аб гэтым, напёк ламункаў да й выправіў найстаршага да тае крыніцы. Ідзе ён, так ідзе, анно ж спатыкае воўка, так воўк пытае:

— Куды ідзеш?

— Туды і туды.

— Што нясеш?

— Ламункі!

— Дай мне крыху.

— А хваробу табе ў бок! А мне што будзе?

Той воўк пабег. Ішоў ён, так ішоў, даходзіць да таго месца, а там горач такая, што проста не вытрымаць, так няма рады, мусіў назад вярнуцца. Так бацька зноў напёк ламункаў і выправіў сярэдняга сына. Той таксама спаткаў таго воўка да й не даў яму ламункаў, так і ён анно набільніцы прынёс дахаты. Ну, так бацька кажа:

— Цяпер трэба, каб наш дурны папрабаваў шчасця.

— Эх,— кажуць,— куды ён, тату, пойдзе: ні яго носам да ля не дайшлі, а ён дойдзе!

— А што вам да таго, няхай ідзе, мо хутчэй дзе згіне.

— Хіба так!

Ну, так бацька напёк ламункаў да й выправіў яго ў дарогу. Ён пайшоў; ідзе, так ідзе, анно ж спатыкае таго воўка.

— Куды ідзеш?

— Да крыніцы!

— Што нясеш?

— Ламункі.

— Дай мне крыху з’есці.

— Добра,— і, гэта, сеў, наламаў, наклаў, накарміў таго воўка, і як сам наеўся, так устаў і кажа:

— Ну, братко, аставайся здаровы, мо ўжэ не ўгледзімся ніколі.

А воўк кажа:

— Седавіся на мяне!

Той сеў, як бач, так і ўгледзеў тую крыніцу. Тады воўк кажа:

— Злезь і ўлезь мне ў лева ўха, а праз права вылезь.

Той так зрабіў: улез, вылез, калі гляне, анно ж сябе не пазнаў — стаўся такою мараю! Тады воўк кажа:

— А маеш бутэлечку?

— Маю.

— Ну, то ідзі да іх: ты будзеш такі сам, як і яны, яны це не пазнаюць. Анно глядзі, каб стаў задам да тае крыніцы, то і яны пастануць задам, так ты вазьмі спусці бутэлечку нізначне, набяры з між ног вады і пад паху падцягні леваю рукою, анно праваю не бяры, бо яны паадварочваліся б і ўгледзеўшы, што ты гэтакі, укінулі б цябе туды.

Той так і зрабіў: прыйшоў, яны агледзелі, што чужы, усё яго пхаюць да тае крыніцы; калі падыдзе бліжай, анно ж там вада аж кіпіць да й плавае незлічона моц трупаў паразварваных, каторых яны туды накідалі. Так ён гэта адвярнуўся, і яны паадварочваліся да й пачалі шалець, а ён гэта хутчэй набраў вады, да дай божа ногі! Прыбягае, анно ж воўк жджэ:

— А што, як там?

— Людска!

— Лезь жа мне ў права ўха, а праз лева вылезь.

Ён так зрабіў і як бач зноў стаў такім самым. Так воўк:

— Ну, то седавіся на мяне.

Ён гэта сеў, ажно як бач, так сталі каля хаты. Тады воўк кажа:

— Злезь і ідзі дахаты, а як чаго будзе табе патрэба, то анно падумай аб том, то мецьмеш.

Той уходзіць у хату, а тыя пытаюць:

— А што, як?

— Ці хто яго нат што бачыў — такая пеката!

— А што, дурню, анно дармо падбіўся — ідзі малаціць!

Той пайшоў, малоціць, после думае сабе:

— А мо гэта вада якая нядобра?

Так выняў гэта з-за пазухі, пырснуў на се і стаў такім харошым, якога яшчэ не было і не будзе на гэтым свеце, а адзежа тая на ём аж зыіць. Так гэта ўвайшоў у хату, а бацька з братамі шапкі з галоў пасхватвалі і думаюць сабе: «Скуль гэта з’явіўся гэтакі харошы паніч?» После бацька на старшага кажа:

— А закліч нашага дурня, няхай і ён пагледзіць.

А дурань не хацеў, каб яго пазналі, так пачуўшы, выбег і давай качацца па таку. Той прыходзіць, анно ж ён ляжыць:

— Уставай,— кажа,— дурню, абач, які паніч да нас прыйшоў.

Яны прыходзяць, анно ж нікога нідзе няма і ніхто не ведае, дзе падзеўся. А, такое ім дзіва..

У якісь час кроль расказаў, каб усе чыста сабраліся там і там. Так браты яго паехалі, а яго не ўзялі. Ён гэта падумаў аб кані, анно як бач стаў і конь. Тады ён сеў да й заехаў яшчэ ўпярож ад братоў туды. Усё там пхаецца, то туды бяжыць, то сюды, людзі яго ганяюць, таўкуць:

— А ты,— кажуць,— куды гэта тут, шасталапо, прэшся!

А ён на гэта не зважае да й лезе смаліцаю. Нарэшце, выходзіць кралеўна: усе зараз гэта сталі ў шар1, а кралеўна ідзе да й глядзіць на ўсіх. Як была ўжэ блізка яго, так ён пырснуў на се вадою, так стаў такім харошым, што аж людзі дзівам дзівяцца. Кралеўна падышла, глянула і кажа:

— Гэта будзе мой! — і дала яму аднаго пярсцёнка, а другі такі самы ў яе быў на пальцы. Ну, так як ён пярсцёнка ўзяў, так няведама дзе згінуў; людзі яго шукаюць усюды—няма! А ён сеў на таго воўка да й паехаў. Прыязджаюць браты, а ён вылегуецца на печы:

— Ну, што ж ты тут, дурню, бачыў? — Печ, а мы бачылі кралеўну і паніча харошага, каторы калісьці нашым кролем будзе, бо ўжэ заручыліся.

А ён таго пярсцёнка абвярцеў быў лапінкаю; так захацелася яму паглядзець, калі адверціць — анно ж цэла хата і зазыяла, так бацька давай крычаць:

— Што ты там, дурню, забаўляешся з агнём? Хочаш хату спаліць?!

Браты таксама населі на яго: ты такі-гэтакі, і на гэтым скончылася. Пабыў ён у хаце якісь час, захацелася яму кралеўну ўгледзець, так паехаў на кралеўскі двор, стаў каля калодзезя і стаіць. Анно ж нібавам выбегла кралеўна з конавачкаю па воду, а ён кажа:

— Няхай кралеўна пазволіць, то я выцягну.

Так яна, нічога не кажучы, паставіла конавачку, ён наліў і дае ёй, а яна не хоча браць, так ён ніўзнак укінуў туды пярсценка і адышоўся, тады яна ўзяла конавачку ў рукі. Тады ён кажа:

— Чаго мяне кралеўна гэтак гадзіцца, а то ж я ваш кавалер.

Яна анно заўстыдалася да й пабегла, вылівае воду, анно пярсцёнак бульт! і ўпаў! Тады яна пазнала і дагадалася ўсяго. Так выйшла да яго і кажа:

— Што гэта такое, я дала харошаму пярсцёнка, а ты такі брыдкі? Скуль у цябе гэты пярсцёнак узяўся? Мо ты ўкраў або дзе найшоў?

Тады ён усё расказаў, наліў з бутэлечкі тае вады, паўмываліся і сталі найхарошайшымі людзьмі ў свеце. Нібавам было і вяселле. Па вяселлі непрыяцель увайшоў да гэтага краю, так ён паехаў разам з войскам на вайну, да й ссёк іх так, што ні адзін не выйшаў. Так кроль кажа:

— Гэта я і маё войска пабіла, а не ты.

А ён:

— Такой бяды,— кажа,— няхай будзе і так.

После зноў была вайна, так ён не паехаў, але як асталося разам з кролем з дзесяцёх ужэ, тады выляцеў да й пабіў непрыяцеляў дачыста. Тады кроль думае сабе: «Я ўжэ стары і то не дам рады, а ён малады, і то як бач паб’е: пачакай, трэба яго зрадзіць!» Так гэта казаў выкапаць шырокі і глыбокі роў да й кажа:

— Пераскоч ты конна праз гэты роў.

Так ён падумаў аб кані — як бач конь стаў. Так ён сеў і пераскочыў. Кроль думаў, што таксама пераскочыць, так гэта бабоўх! разам з канём і забіўся, а ён з кралеўнаю і цяпер яшчэ жыве.

1 У шар – шарэнгай (заўвага збіральніка).



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 486-489
Крыніца: скан