epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб удавы сыну, што на магілках начаваў

Быў сабе адзін удавы сын, надта бедны, і ў той самай вёсцы быў багатыр такі, што меў сем валоў. Аднаго разу прыходзіць удавы сын да карчмы, а там быў той багатыр і кажа:

— Хто на нашых магілках пераначуе, то таму дам быка.

А на тых магілках быў чалавек пахованы такі, што як прыдзе дванаста, так устае з магілы, ходзіць па свеце і страшыць. Як той хлопец гэта пачуў, так прыйшоў да маткі і кажа, што так і так, так і так. Тады матка кажа:

— Ідзі, сынку, і палажыся на том боку труны, на каторы века адчыняецца.

Потым дала яму пеўня жывога, лусту хлеба і кажа:

— Гэтага пеўня трымай у руках, а хлеб палажы пад голаў; як мрэц вы[й]дзе, то будзе пытаці: «Хто тут?» да трэцяга разу, а ты, сынку, маўчы.

Як маці сказала, так ён і зрабіў. Палажыўся на магіле, аж а дванастой зрабіўся шум і нібавам труна выйшла наверх, а(д)чынілася і вылез з яе той мрэц. Ажно пазнаў, што на магіле нехта ёсць, так пытае: «Хто тут?», а хлопец не аказаўся, так другі раз: «Хто тут?», а хлопец ніц.

— Аказвайся,— кажа,— бо ўдушу!

Так хлеб аказаўся:

— Я!

— Хто я?

— Мэнчэннік!

— Які ты мэнчэннік?

— Такі,— кажа,— мэнчэннік: возьме мяне гаспадар, параскідае па полю, потым баранамі давай драць і чыста мяне змяшае з пяском. Потым, як дасць дождж, заб'е мяне, так я храсткі папускаю і расту. Расту, расту, расту, ужэ мне добра, аж як дасць снег, чыста,— кажа,— я змерзну, і гэта мне яшчэ ніц (а за каждым словам ацягаецца, каб даўжэй гаварыў). Потым, пад весну, снег зыдзе з мяне і ўжэ мне добра. Расту я, расту, аж як стане пячы слонка, чыста я,— кажа,— пажоўкну, ужэ я заўсім прапаў. Ажно як насходзіцца бабаў, як стануць мяне рэзаць! Так рэжуць, рэжуць і ўсё ў кучкі стаўляюць. Чыста яны мне кішкі паперарэзваюць, ужэ ў мяне заўсім духу німа! Пякуся я зо две нядзелі на слонку, аж прыязджае гаспадар, усё кідае на воз і да гумна возіць. У гумне за кожным разам кладзе мяне ў торп і ўсё каленьмі прытоптывае, і ўсё каленьмі прытоптывае. Яшчэ як людскі гаспадар да гумно вяліка, то ён мяне не так прытоптывае, а як іншы да гумно малое, то чыста мяне стопча. Ляжу ўжэ я ў торпе, аж прыходзіць гаспадар, скідае мяне з торпу на ток, скідае. Потым як стануць мяне цапамі біць, чыста з мяне костачкі павылятаюць. Потым збярэ мяне, выдмухае, вычысціць, напаліць печ, усыпле мяне, чыста я ўжэ згару да звання! І гэта мне яшчэ німа ніц! Потым выбярэ мяне з печы, завязе да млына да ўсё мяне каменнямі трэ да трэ. Чыста ўжэ мяне змеле, замне, анно чуць я жыў. І гэта мне яшчэ ніц. Дапёро як мяне, небараку, прывязе дахаты, так гэта прыдзе баба, насыпле мяне ў дзяжу, да ўсё наакол дзежкі ходзіць і кулакамі таўчэ да таўчэ. Як ужэ я ўкісну, так напаліць печ, так накладзе на лапату і ў печ садзіць. Тут ужэ мне канец. Потым сяджу я ў печы, сяджу, аж прыходзіць баба і выме мяне з печы, то як людска катора, то баржджэй мяне вадою палье, тады мне крыху дух адыдзе.

Як ён гэтыя слава вымавіў, так гэта певень лоп! лоп! крыламі і какарэку-у! а мрэц нават не ў труну, але так нуртам у зямлю ўпаў. Назаўтра прыйшоў удавы сын і кажа так і так. Упярож багатыр не хацеў даць веры, але як убачыў, што нуртам у зямлю ўпаў, так аддаў таму хлопцу аднаго вала.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 550-551
Крыніца: скан