epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб ведзьме, як сына жаніла

У адном дварэ надта было многа пшаніцы, а тую пшаніцу вазілі цёнгле да неякагось места. Адзін чалавек не меў каго выправіць з таею пшаніцаю, так прыбраў сваю дачку па-мужчынску і выправіў яе ў дарогу. Ехала яна з таею пшаніцаю, пачаў ёй воз ламацца, тыя хфурманкі паехалі ды і паехалі, а яна засталася. Асёж прыязджае на трайчасту дарогу ды і не ведае, у катору ёй ехаць. Нарэшце ўехала ў неякісь лес, асёж пачало і сутуняць:

— Ах, ліхачко, што мне тут рабіць?

Едзе яна далей, асёж глядзіць — у лесе неякаясь хата, так заехала прасіцца нанач. Прынялі яе з ахвотаю. А то была вядзьмарская хата, і ў тых ведзьмароў быў адзін сын. Зара яны завялі яе каня і недзе паставілі, а яе ў хату клікнулі, і так ужэ яе там частуюць, прымаюць. Той сын думае, што яна мужчына, а маці кажа — дзеўка, і не пускаюць яе ад се і дзяржаць. Асёж той сын з бацькамі ўсё спрачаецца, ён кажа:

— Мужчына.

А яны:

— Дзеўка.

Асёж быў пры ёй сабачка, каторы за ёю з дому бег, а што ён толькі пачуе, што яны міжы сабою гавораць, так зараз ёй кажа. Аднаго разу кажа ён ёй так:

— Пашлюць цябе да кермашу, а самі будуць здалёк назіраць, што ты будзеш купляці, ці жаноцкае, ці мужчынскае, то глядзі ж ты, май розум, бо яны це хочуць з сваім сынам жаніць.

Паехала яна да таго кермашу, не купуе хусток, ані стужок, ані пацерак, ані ў той бок глядзіць, да ўсё хамуты, капузы, уздэчкі, пасвісцёлы і ўсё мужчынскае рэчы таргуе.

Тады сын кажа:

— А што? Я такі казаў, што гэта мужчына!

Узяла ды і забіла яе сучачку, бо дагадалася, што гэта яна яе асцерагла, і давай жа з яе ўсяляк збыткавацца, аж покіль прызналася, што яна дзеўка. Так дзяцюк той, канешне, з ёю жаніцца, а ведзьма быто прыстае, але дала ёй дайніцу і кажа на яе:

— Ідзі ж ты мае каравы падой, а іначай то я це з свету збаўлю.

Выйшла яна ўжэ з таею дайніцаю і так плача, так плача, бо нідзе жаднай каровы і следу німа; асёж выйшаў той дзяцюк.

— Ціха,— кажа,— не плач, я табе скажу, якія гэта каравы.

І даў ёй парася.

— Ідзі,— кажа,— у лес, палажы гэтае парася: як яно закрычыць, так назбягаецца ваўчыцаў, а як пачнуць яны яго есць, так ты баржджэй іх па разу цыркні, свіркні і сама бяжы дахаты: яны цябе не зачапацьмуць.

Як ён сказаў, так яна зрабіла. Прыносіць яна тое малако дахаты, а ведзьма:

— Нябось,— кажа,— хітра, ведала, як зрабіць.

Назаўтры дала ёй ножны ды й кажа:

— Ідзі ж ты яшчэ пастрыжы мае гоўца, то тады будзе тваё вяселле з маім сынам.

Выйшла яна, небарака, і так плача, так плача; асёж падходзіць той дзяцюк:

— Ля! Чаго ты плачаш, чаму ты не кажаш мне, чаго табе бракуе?

І даў ёй дзіця і кажа:

— Ідзі на расстайныя дарогі, палажы гэтае дзіця, а як яно заплача, то пазбягаюцца зу ўсюль чэрці і будуць яго нюхаць, а ты тым часам у кажнага астрыжы па касмычку барады і прынясі ёй: гэта будзе яе воўна.

Як ён наўчыў, так яна зрабіла. Прыносіць гэту воўну, а ведзьма кажа:

— Нябойсь, хітра! Ну, калі хочаш быць маею нявесткаю, пайдзі ж ты яшчэ на той свет і прынясі ад мае сястры нічальніцы.

Выйшла яна, бедна, на двор плачучы; асёж ведзьмін сын кажа:

— Дурню ты, не плач!

І даў ён клубок ніці і кажа:

— Дзе ён будзе каціцца, туды ты ідзі.

Даў ёй пшаніцы жменьку:

— Спаткаеш ты на дарозе гусі, пасып гэту пшаніцу, няхай: клююць.

Потым даў ёй сыра:

— Спаткаеш ты каты, палажы той сыр, няхай ядзяць.

Даў ёй яшчэ бохан сітняга хлеба:

— Ты там,— кажа,— спаткаеш сабакі, палажы ім, няхай ядзяць.

Нарэшце даў ёй хфаску масла і кажа:

— Як прыйдзеш пад дзверы, то пастаў каля іх гэта масла, а як ведзьма дасць табе есць, то ты што першы раз укусіш, так трымай за левай шчакою, бо яна спытае, каб ты аддала, то ты аддай.

Як ён наўчыў, так яна зрабіла. Увайшла да ведзьмінай сястры і кажа:

— Цётко, твая сястра прыслала мяне па нічальніцы.

Яна ёй у той момант дала нічальніцы і пачала частаваць, а як ужэ дзеўка, пад'еўшы, дзякавала, яна:

— Аддай ты мне тое, што ты першы раз укусіла.

Так выняла з-за левае шчакі і дае, а ведзьма анно галавою закруціла. Выходзіць яна за дзверы, а яна кажа:

— Дзверы, дзверы, забеце яе!

Асёж дзверы на тое:

— Мы ў це цэлы век масла не бачылі, а цяпер поўну хфаску маем: не будзем біць!

Так яна на сабакі:

— Сабакі, сабакі, разарвеце дзеўку!

Сабакі кажуць:

— Мы ў це цэлы век і чорнага хлеба не бачылі, а цяпер над сітнім седзімо: не будзем зачапаць!

Яна на каты:

— Каты, каты, задушэце дзеўку!

Асёж каты на тое:

— Мы ў це і не зналі, які то на свеце сыр, а цяпер поўнаю губаю ямо: не будзем душыць!

Так ведзьма на гусі:

— Гусі, гусі, задзяўбеце дзеўку!

А гусі:

— Мы ў це не ведалі, ці якая пшаніца на свеце ест, а цяпер паглянь, якую харошую ямо: не будзем дзяўбсці!

І так яна прыйшла шчасліва дахаты і аддала ёй нічальніцы.

Асёж ведзьма:

— Ідзі ж ты,— кажа,— мой род на вяселле пасклікай.

Яна, небарака, так ужэ плача, выйшаўшы на надворак, бо чорт яе ведае, дзе яе роду шукаць?!

Асёж выйшаў той дзяцюк і кажа:

— Ціха, дурню, не плач!

І даў ёй конску голаў:

— Ідзі,— кажа,— з гэтаю галавою, стань над крыніцаю, злажы гэту голаў на сваю голаў і ўсё ківайся стоячы і ўсё ківайся. З крыніцы ўсё будуць чэрці вылазіць і ісці да яе на вяселле, а як вылезе апошні, так дасць табе па галаве, галава гэта ўпадзе на зямлю і ты падай, а ён сам паляціць, бо думацьме, што ён це забіў, тады ты ўстань ды й ідзі назад дахаты.

Як ён наўчыў, так яна зрабіла.

Прыходзіць яна дахаты, асёж ведзьма сядзіць за сталом абсадзіўшыся падаўкол чартамі. Так як анно глянула на яе, так нібы ўцешылася і давай рагатаць, нібы яна такая рада. Рагатала, рагатала ды й лопнула! А чэрці з-за стала — парвалі тыя лелехі дый пайшлі праз комін. Тады яны ў двойзі пажаніліся і добра ўжэ ім было.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 123-126
Крыніца: скан