epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб ведзьме, што дзеўку з'ела

Была сабе адна дзеўчынка сірацінка, так яна цёнгле плача, так плача, што не мае ні роду, ні плоду. Аднаго разу прыходзіць да яе ведзьма:

— Дзеўка-дзявіцо, русо касіцо, чаго ты плачаш?

— От плачу, што адна на свеце, як людзі кажуць: «Хто схоча наглуміцца, ніхто за мяне не ўступіцца».

Ведзьма на тое:

— А каб цябе! А то ж я твая цётка, ці ты мяне не памятуеш?

І пачала яе ўсяк намаўляць:

— Прыйдзі да мяне ў гасціну, прыйдзі, саколко, з кудзелькаю.

Дзеўка кажа:

— Калі не ведаю куды?

Так яна расказала ёй дарогу, так сіротка нешта на другі ці на трэці дзень пайшла да яе. Ідзе яна так ідзе, ажно ляжыць чалавеча галава ды і кажа:

— Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, куда ты ідзеш?

— Іду да цёткі з кудзелькаю.

— Не ідзі,— кажа галава,— бо гэта не цётка твая, а ведзьма: яна цябе з'есць.

Сіротка не слухала, пайшла далей. Ідзе так ідзе, ляжаць чалавечыя очы:

— Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, куда ты ідзеш?

— Іду да цёткі свае з кудзелькаю.

— Гэта не цётка твая, гэта ведзьма: яна цябе з'есць.

— Не бойсь, не!

Ідзе далей, ляжыць чалавеча рука:

— Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, куда ты ідзеш?

— Іду да цёткі з кудзелькаю.

— Не ідзі, гэта ведзьма, яна цябе з'есць.

— А-а! А то ж, а то ж цётка мая!

Ідзе далей, ажно ляжыць чалавеча нага:

— Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, куда ты ідзеш?

— Іду да цёткі з кудзелькаю.

— Эй, не ідзі, бо гэта ведзьма, яна цябе з'есць.

— Не бойсь,— кажа дзеўка,— не з'есць.

Ідзе так ідзе, аж на плоце вісяць кішкі чалавечыя:

— Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, куда ты ідзеш?

— Іду да цёткі з кудзелькаю.

— Эй, не ідзі, бо гэта ведзьма, яна цябе з'есць.

— Не бойсь,— кажа дзеўка,— не з'есць.

Ідзе далей, ажно ляжыць чалавечы тулуб:

— Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, куда ты ідзеш?

— Іду да цёткі з кудзелькаю.

— Эй, не ідзі, бо гэта ведзьма, яна цябе з'есць.

— Не бойсь,— кажа дзеўка,— не з'есць.

Ідзе так ідзе, ажно стаіць чалавеча кроў у кадушцы і пытае:

— Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, куда ты ідзеш?

— Іду да цёткі з кудзелькаю.

— Эй, не ідзі, бо гэта ведзьма, яна цябе з'есць.

— Не бойсь,— кажа дзеўка,— не з'есць.

Дзеўка такі пайшла далей. Ідзе так ідзе, ходзіць белы конь:

— Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, куда ты ідзеш?

— Іду да цёткі з кудзелькаю.

— Эй, не ідзі, бо гэта ведзьма, яна цябе з'есць.

— Не бойсь,— кажа дзеўка,— не з'есць.

Ідзе так ідзе, ажно ходзіць сівы конь:

— Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, куда ты ідзеш?

— Іду да цёткі з кудзелькаю.

— Эй, не ідзі, бо гэта ведзьма, яна цябе з'есць.

— Не бойсь,— кажа дзеўка,— не з'есць.

Ідзе далей, ідзе, ажно ходзіць чорны конь:

— Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, куда ты ідзеш?

— Іду да цёткі з кудзелькаю.

— Не ідзі, бо гэта ведзьма Барабаха, яна цябе з'есць. Дзеўка такі пайшла далей. Ідзе так ідзе, ідзе так ідзе, аж нарэшце прыходзіць. Ведзьма ў яе пытае:

— Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, скажы, што ты там чула, што бачыла? Бо я цябе з'ем, з'ем!

— Бачыла, бачыла чалавечу голаў.

— Гэта мой гаршчок! Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, скажы, што ты там чула, што бачыла?

— Бачыла, бачыла чалавечыя очы.

— То мае зоры, зоры! Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, скажы, што ты там чула, што бачыла?

— Бачыла, бачыла чалавечу руку.

— Гэта мае граблі, граблі! Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, скажы, што ты там чула, што бачыла?

— Бачыла, бачыла чалавечу ногу.

— Гэта мая качарга, качарга! Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, скажы, што ты там чула, што бачыла?

— Бачыла, бачыла чалавечы тулуб.

— Гэта мая хата, хата! Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, скажы, што ты там чула, што бачыла?

— Бачыла, бачыла на плоце кішкі.

— Гэта мая ашнова, ашнова! Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, скажы, што ты там чула, што бачыла?

— Бачыла, бачыла ў кадушцы кроў.

— Гэта мой кваш, кваш! Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, скажы, што ты там чула, што бачыла?

— Бачыла, бачыла белага каня.

— Гэта мой дзень, дзень! Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, скажы, што ты там чула, што бачыла?

— Бачыла, бачыла сівага каня.

— Гэта мой змрок, змрок! Дзеўко-дзявіцо, русо касіцо, скажы, што ты там чула, што бачыла?

— Бачыла, бачыла чорнага каня.

— Гэта мая ноч, ноч! А ты не пойдзеш проч?

Глам! — ды і з'ела.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 518-521
Крыніца: скан