epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб ведзьме, што мужыка у сабаку перакінула

Адна ведзьма мела сабе кавалера пабочнага, так аднаго разу перакінула нялюбага мужыка ў сабаку да й прагнала ў свет. Бяжыць ён, так бяжыць, ажно бачыць, пастух так ганяецца за скацінкаю, а яно стракуе, і ніяк раданькі не дасць. Ну, так той сабака падбег да то давай упуняць. Упуняў, упуняў да й урэшце ўспакоілася, так то падбег, сеў каля пастуха, а ён даў яму хлеба да і кажа.

— Ну, цяпер ужэ, сабачко, не пойдзеш нідзе ад мяне.

А сабака думае сабе: гэтага я і хачу! Надышоў вечар, так сабака пабег, скацінку завярнуў да й пагнаў дахаты, а пастух ідзе сабе ззаду. Загнаў у хлеў, пастух анно зачыніў, да й пайшлі дахаты. Прыйшоўшы, даў яму сырога мяса — не есць, даў варанага — есць. Ну, так ад тае пары пачаў ужэ даваць сабаццы, што сам еў. После ўжэ пастух і не выганяе скацінкі, бало анно хлявок а[д]чыніць, а той сабака выжане да й то сам пасе. Быў ён там мо з рачок, ажно дачуваюцца, што нехтась украў двое кралеўскіх дзяцей і што кроль разгаласіў, што як хто ўкрадзе трэйцё, таго надгародзіць дзеля паверкі, бо казаў як дзень, так ноч пілнаваць таго дзіцяці. Як той пастух аб гэтым даведаўся, так то зараз пайшоў да кроля і кажа:

— Найяснейшы кролю, у мяне есць такі сабака, што скацінку за мяне пасе, то ён пэўне прыпілнуе лепш за ўсіх кралеўскіх вартаўнікоў.

Кроль кажа:

— Праўда?

— Але.

— Ну, то прывядзі,— кажа,— а калі прыпілнуе, то вынадгараджу це добра.

Так то зараз пайшоў, прывёў таго сабаку да й кажа:

— А няхай найяснейшы кроль дае яму тое есці, што людзі ядуць.

— Добра.

Палажылі ўжэ дзіця спаткі, а сабаку прывязалі на ланцугу, бо кроль меў памышленне на яго, што пэўне ён гэта крадзе. Ляжыць ён, ажно каля поўначы чуе, нештась стукнула, калі гляне — ажно ўсе тыя вартаўнікі пападалі да й як бач паснулі.

А гэты сон наслаў на іх чараўнік да й то нібавам і сам лезе праз аконца. Улез, ухапіў дзіця да то ўцекі, а той сабака давай брахаць, рвацца, да й то зарваўшыся з ланцуга, за ім. Гнаў, гнаў і такі дагнаўшы ў саду, скочыў на яго, а ён кінуў на землю тое дзіця да да яго. Рваліся, рваліся, сабака чыста яго парваў; так то чараўнік пазнаўшы, што піва ні пераліўкі, адрокся дзіцяці да й уцекі, а сабака лёг пры дзіцяці і ляжыць.

Назаўтра варта папрачыхалася, глядзяць, ажно ні дзіцяці, ні сабакі! Што тут рабіць? Так адзін ухапіў стрэльбу да й пабег да саду, гіншыя то там, то сям паразбягаліся, а адзін пайшоў кролю азнаёміць. Так той з стрэльбаю як анно выбег, чуе, сабака вые, так туды падыходзіць, ажно бачыць, стаіць той самы сабака, а пад ім дзіця ляжыць. Ён гэта зараз змеціўся, а сабака лапаю па дзіцятку, так яно і расплакалася.

Тады той вартаўнік годзі страляць, да хутчэй то падбег, ухапіў тое дзіця, да то да кроля занёсшы, кажа так і так. Так кроль урадаваўся да й кажа:

— Ну, што гэтаму сабаццы за тое даць? Хіба трэ залатую адзежу яму справіць.

Як сказаў, так і зрабіў. Зараз — увабралі таго сабаку так, аж тое золата проста на ём капаціць. Перайшло крыху часу, ажно той сабака думае сабе: «Хоць мне тут добра, але ні то з кім пагаварыць, ні то пасмяяцца — усё-такі сабака сабакаю; трэ-такі ўцякаць дахаты, мо як жонка на мне ўгледзіць такое багацтва, то адпусціцца». І такі як ноч надышла, пабег.

Прыбягае, а жонка, угледзеўшы на ём золата, давай яго гладзіць:

— А мой ты такі, а мой сякі, а мой гэтакі! — да й то зняўшы тое золата, перакінула яго ў вараб'я, да й занёсшы за сяло, пусціла.

Паляцеў ён, бедны, не ведаўшы сам куда. Ляціць, так ляціць, ажно бачыць гумно — ён туда і давай то дзяўбсці з гіншымі вераб'ямі збожжа. А гэта гумно было таго саменькага ведзьмара, што кралеўскія дзеці краў. Быў ён там якісь час, ажно той і агледзеўся, што вараб'і яму збожжа дзяўбуць, так — пастой! узяў, дзе якая дзірачка, пазатыкаў да й толькі адну пакінуў, а як яны наўляталі, так і тую заткнуў, а сам у гумно і давай іх лавіць.

Лавіў, лавіў, урэшце трапіў на гэтага самага і пазнаў:

— Ну,— кажа,— маеш ты шчасце, што на такога трапіў — гіншы бы це забіў за гэта, што ты мне ў кроля зрабіў, але я табе дарую.

Да й то зараз перакінуў яго ў чалавека і кажа:

— Ідзі ж ты да свае жонкі, зрабі так і так, то яна перакінецца ў кабылу, то ты сем лет ею дрова вазі, а як сем лет выйдзе, так удзер яе пужальнем да й скажы: «Была ты сем лет кабыліцаю, будзь жа цяпер маладзіцаю».

— Добра,— да й падзякаваўшы пайшоў.

Прыходзіць дахаты, ажно жонка да яго:

— А мой міленькі, мой такі, гэтакі, выбачай на мяне, што я табе праз дурны розум гэтак вырабіла.

Але ён не ўслухаўся, да то зрабіў так, як той чараўнік яго навучыў. У момент, калі гляне, ажно стаіць перад ім кабыла, так зараз запрог да й вазіў ею дзень у дзень праз сем лет дрова.

Раз, а ўжэ сёмы рок кончыўся, вязе ён дрова, ажно яна на дарозе ўпала, так ён па ёй пужальнем да й кажа:

— Была ты праз сем лет кабыліцаю, будзь жа цяпер маладзіцаю!

Так як бач перакінулася ў харошую маладзіцу, і тады ўжэ жыў ён з ею шчасліва.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 198-200
Крыніца: скан