epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аб ведзьме-з'яждушцы да хлопцу, што перакінуўся ў голуба

Была ў дзеда дачка і сын, а ў бабы-ведзьмы, яго жонкі, анно дачка. Аднаго разу ўначы баба кажа да дзеда:

— Дзедку, дзедку, зарэж шваго шына!

Асёж дзедава дачка, пачуўшы гэта, давай плакаць. Так брат ёй кажа:

— Ціха, сёстрачко, не плач: як маці мяне будзе есці, то ты костачкі пазбірай да ў сарветку завярці, пад яварам пахавай, жоўтым пясочкам пасыпай, расіцаю палівай. Буду я як макава зернетка, посля як семянё зернетка, посля як гарохава зернетка, посля як бабова, да й то буду я як поўяйца, буду я як цэла яйцо, а ўрэшці буду я сівым галубком.

Ну, так то дзед зарэзаў яго яшчэ тае саменькае ночы, ведзьма із'ела, а сястра так зрабіла, як ён яе прасіў. Зрабіўся ён спяршоў як макава зернетка, посля як семянё, гарохава, бобава, асёж у канцы стаўся сівым галубком. Сеў ён сабе на яблынцы, асёж едуць купчыкі, вязуць кашулечкі. Так то ён кажа:

— Купчыкі, купчыкі! Скіньце мне па кашульцы, збаю я вам басенку, скажу я вам сказаньку. Татка-зарэждушка, маці-з'яждушка, а сястронка-пазбярушка, мае косці пазбірала, пад яварам пахавала, жоўтым пясочкам пасыпала, расіцаю палівала. Быў я як макава зернетка, быў як семянё, як гарохава, як бобава, як поўяйца, быў як цэла яйцо, да то посля ўжэ стаўся сівым галубком.

Яны яму скінулі па кашульцы ды й паехалі се далей. Сядзіць голуб на яблынцы, асёж едуць зноў купчыкі да то вязуць спаднічкі.

— Купчыкі, купчыкі! — кажа голуб.— Скіньце мне па спаднічцы, збаю я вам басенку, скажу я вам сказаньку. Татка-зарэждушка, маці-з'яждушка, а сястронка-пазбярушка, мае косці пазбірала, пад яварам пахавала, жоўтым пясочкам пасыпала, расіцаю палівала. Быў я як макава зернетка, быў як семянё, як гарохава, як бобава, як поўяйца, быў як цэла яйцо, да то посля ўжэ стаўся сівым галубком.

І скінулі яму купчыкі па спаднічцы ды й паехалі далей. Сядзіць голуб каля дарогі на яблынцы, аж набах зноў едуць купчыкі, вязуць каптанікі. Так ён кажа:

— Купчыкі, купчыкі! Скіньце мне па каптаніку, збаю я вам басенку, скажу я вам сказаньку. Татка-зарэждушка, маці-з'яждушка, а сястронка-пазбярушка, мае косці пазбірала, пад яварам пахавала, жоўтым пясочкам пасыпала, расіцаю палівала, Быў як макава зернетка, быў як семянё, як гарохава, як бобава, як поўяйца, быў як цэла яйцо, да то посля ўжэ стаўся сівым галубком.

Яны скінулі яму па каптаніку ды й паехалі далей. Сядзіць ён сабе, асёж едуць купчыкі, вязуць панчошкі. Ну, так то ён да іх кажа:

— Купчыкі, купчыкі! Скіньце мне па панчошцы, збаю я вам басенку, скажу я вам сказаньку. Татка-зарэждушка, маці-з'яждушка, а сястронка-пазбярушка, мае косці пазбірала, пад яварам пахавала, жоўтым пясочкам пасыпала, расіцаю палівала. Быў я як макава зернетка, быў як семянё, як гарохава, як бобава, як поўяйца, быў як цэла яйцо, да то посля ўжэ стаўся сівым галубком.

Яны яму скінулі па панчошцы ды й самі далей. Ды й то сядзіць голуб на яблынцы, асёж едуць купчыкі, вязуць чаравічкі. Голуб да іх кажа:

— Купчыкі, купчыкі! Скіньце па чаравічку, збаю я вам басенку, скажу я вам сказаньку. Татка-зарэждушка, маці-з'яждушка, а сястронка-пазбярушка, мае косці пазбірала, пад яварам пахавала, жоўтым пясочкам пасыпала, расіцаю палівала. Быў я як макава зернетка, быў як семянё, як гарохава, як бобава, як поўяйца, быў як цэла яйцо, да то посля ўжэ стаўся сівым галубком.

Яны яму скінулі па чаравічку ды й у сваю дарогу. Сядзіць голуб на яблынцы, асёж зноў едуць купчыкі, вязуць залатыя пярсцёначкі, срыбраныя шпоначкі, ды й то размавітыя кольчыкі, ды й юстэрачка, і каралі, і пекныя пацёрачкі. Так ён кажа:

— Купчыкі, купчыкі! Скіньце кажнае рэчы! Збаю я вам басенку, скажу я вам сказаньку. Татка-зарэждушка, маці-з'яждушка, а сястронка-пазбярушка, мае косці пазбірала, пад яварам пахавала, жоўтым пясочкам пасыпала, расіцаю палівала. Быў я як макава зернетка, быў як семянё, як гарохава, як бобава, як поўяйца, быў як цэла яйцо, да то посля ўжэ стаўся сівым галубком.

І гэтыя яму скінулі. Сядзіць голуб сабе, асёж едуць купчыкі, вязуць камені. Так ён кажа:

— Купчыкі, купчыкі! Скіньце мне па каменю! Збаю я вам басенку, скажу я вам сказаньку. Татка-зарэждушка, маці-з'яждушка, а сястронка-пазбярушка, мае косці пазбірала, пад яварам пахавала, жоўтым пясочкам пасыпала, расіцаю палівала. Быў я як макава зернетка, быў як семянё, як гарохава, як бобава, як поўяйца, быў як цэла яйцо, да то посля ўжэ стаўся сівым галубком.

Як яны яму скінулі, так ён, забраўшы ўсё, паляцеў ды й сеў на бацькаўскай хаце. Асёж ведзьма кажа да яго сястры:

— Ідзі, к..., жамятай хату!

Замяла яна хату ды й выйшла за парог смецце выкідаць, а ён бах! усём дабром на яе. Так яна прынясла ўсё дахаты ды й давай цешыцца. Асёж ведзьме мала вочы не паўлазілі з зайздрасці, так то да свае кажа:

— Ідзі ты, дачушко, нажбірай якога-шякога шмецюшка ды й выкінь на надворак, мо хто і табе яшчэ больш шкіне ўшяго.

Так яна то сюды-туды завінуўшыся, выходзіць на надворак, а ён бах! ёй каменем, голаў чыста рассадзіў, ды й па ёй. Ведзьма то паждаўшы кажа:

— Ого, мая дачушка мушыць яшчэ больш мае, бо нешта не хутка варочаечша, мушыць цяжка ёй нешчы, пайду я ёй шама пашоблю.

Асёж ведзьма як анно пераступіла нагою за парог, так ён бахець! і ў яе каменем у голаў, і забіў. Посля ён перакінуўся ў хлопца, і жылі з сястрою добранька, калі то ў мядочку.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 268-271
Крыніца: скан