epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Аддай мне, што у доме невядома

Ехаў багаты купец з торгу дамоў. Дарога ляжала чэраз пушчу: нідзе жывой душы не відаць.

Засцігла яго ноч на дарозе, цёмна, хоць вока выкалі, нічога не відна. Мусіў ён астанавіцца і заначаваць. Разлажыў ён агонь, спутаў каня, пусціў пасціся, а сам сеў каля агню, пячэць сала на ражончыку і вячэрае. За дарогу змарыўся ён, скора заснуў.

Прачхнуўся назаўтра, глядзіць і вачам не верыць: кругом яго вада агарнула, волны так і хлешчуць, вось-вось яго зальюць. Спужаўся купец. «Прапаў я,— думае сабе,— не выбрацца мне адсюль». А вада ўсё прыбываець і прыбываець, волны ўсё вышэй і вышэй уздымаюцца. Аж бачыць ён — чалавек у чоўне плывець. «Дзякуй богу, ратунак паслаў!»

— Чалавеча, плыві скарэй сюды, бо ўтаплюся! — закрычаў як мага купец.

Човен павярнуўся ў яго сторану, і скора чалавек праплыў досыць блізка, але к берагу не падплыў, астанавіўся.

— Ратуй мяне, братко!— моліць яго купец.— Што хочаш вазьмі — ды ратуй.

— Добра,— кажа той чалавек,— я цябе ратую, але не дармо: аддай мне, што ў доме невядома.

Падумаў, падумаў купец: «Што ў мяне невядома? Здаецца, нічога такога няма. Што будзе, то будзе, а таргавацца некалі, трэба гадзіцца».

— Добра,— кажа,— толькі ратуй; бяры, што ў доме невядома.

— Мала што ты гаворыш! Гэта не парадак... Потым яшчэ зрачэшся. Вынь кусочак скуры, разрэж мезяны палец і напішы гэта. Так крапчэй будзе.

Купец так і зрабіў, кінуў у човен кусочак скуры. Той чалавек падняў яго і зарагатаў дзікім голасам.

Вады як бы і не было. Тады наш купец дагадаўся, што гэта не йначы, як нячысцік. Нечага рабіць, злавіў свайго каня, запрог яго і паехаў дамоў. Дарогай так яму маркотна зрабілася, што хоць памірай. Сэрца бяду вяшчуе. Паганяе ён каня як мага — дадому спяшаецца. Прыехаў дамоў, скарэй у хату. А ў хаце гасцей поўна, а жонкі не відаць.

— Здароў у хату,— кажа ён.— Што ў вас новага?

— Харошая навіна. Жонка твая радзіла сына,— сказаў хтосьці.

Як пачуў гэта купец, у вачах памуцілася, галава яго закружылася і абамлеў ён. Быў ён бяздзетны, сына бог паслаў, а ён яго запрадаў нячысціку! А госці думалі, што гэта ён з радасці.

Хлопчык урадзіўся такі прыгожы; рос, як цеста на дражджах. Называўся ён Юр’я. Аддалі яго ў навуку — усіх абагнаў у навуцы: такі ўжо ўрадзіўся да ўсяго здатны. Людзі радуюцца, глядзючы на яго, бацькам завідуюць, а бацька яго ўсе маркатнеў і маркатнеў. Сын дагадаўся, што тут штось не так, прыстаў раз к бацьку:

— Скажы, татко, чым ты недаволен мною, што я такога зрабіў, што ты мяне як бы не любіш?

Бацька маўчыць, толькі так жалосна глядзіць на яго.

— Хіба я не твой сын? — пытае ён.

— Не мой, сынок, запрадаў я цябе нячысціку, як яшчэ ты і не радзіўся...

І расказаў яму, як было дзела.

— Калі так, татка, дык бывай здароў! — сказаў сын.— Невядома, ці скора ўбачымся. Або галавой налажу, або тваю запрадажу разаб’ю.

Стаў ён сабірацца ў дарогу. Зрабіў сабе лук, настругаў стрэл, узяў кашулю ў запас, краюшку хлеба, кусок сала, трохі грошы і ціханька ноччу выйшаў, каб бацькоў прашчаннем не трывожыць.

Ішоў ён чы доўга, чы коратка, толькі прыйшоў к рэчцы. Мясціна выдалася такая прыгожая, што захацелася яму адпачнуць трохі. Лёг ён; аддыхае, хлебам з салам закусывае, аж бачыць — ляціць дванаццаць вутачак. Ён ужо схапіў было лук, каб застрэліць каторую-нібудзь, як сядуць на ваду, аж яны ўдарыліся аб зямлю і зрабіліся дзяўчатамі, ды такімі прыгожымі, што залюбавацца. Сталі яны купацца, а Юр'я ціханька падпоўз і сцягнуў адной плацце, каторае з краю ляжала. Пакупаліся яны, выйшлі з вады, сталі надзявацца — адной адзёжы няма. Кідалася яна, бедная, і туды, і сюды — не найшла. Тыя надзеліся, абярнуліся вуткамі, узняліся і паляцелі, а йна сядзіць і плачыць. На астатак стала йна выклікаць:

— Адгукніся, хто ўзяў маё адзенне! Калі ты старэй мяне — будзеш дзядзька мой, калі маладзей мяне — будзеш брат мой, калі роўня мне — будзеш мілы мой!

Тады Юр’я кінуў ёй плацце. Надзелася йна, выйшаў Юр'я к ёй, палічылі гады — роўня ёй. Пытае йна ў яго, хто ён і адкуль? Куды йдзець і зачым? Ён ёй усё пайстком1 і расказвае. Выслухала йна яго да канца і кажыць:

— Няйнача, як ты йдзеш к майму бацьку. Калі так — я твая слуга; а без мяне табе прапасці там. Так ужо не адзін прапаў. Бывай здароў, там убачымся, а цяпер мне трэба даганяць сваіх сясцёр.

Абярнулася вуткай і паляцела. У тую старану, куды йна паляцела, пайшоў і Юр’я. Прыйшоў ён к двару. Збудаван двор на гарах, і такі замчысты2. Стукаець у вароты:

— Хадзяіна,— кажа,— хачу відзець.

Выйшаў сам хадзяін у дарагім убранні, золата так на ём і кіпіць.

— Чаго табе трэба? — пытае ў Юр’я.

— Так і так,— расказвае той,— шукаю свайго пана, каму мяне бацька запрадаў, як я яшчэ і не радзіўся.

— Я твой пан,— кажа нячысцік,— і хацеў ужо за табой ганцоў пасылаць, бо ты ўжо ў супоўныя леты ўходзіш, аж ты і сам з’явіўся на прыгон. Так і трэба, за гэта хвалю цябе.

— Прабачай, паночак, а чы маеш, пан, запіс ад майго бацькі?

— Ёсць і запіс, ёсць, ты мой із скурай. Калі ты мне будзеш верна служыць, аддам табе запісь і выпушчу на волю — ідзі куды хочаш; а будзеш аба мне нядбаць — з жывога скуру здзяру. Вот табе работа: скрозь ноч успашы поле, засей пшаніцай, сажні яе, змалаці, змялі і к ранку на заўтра напячы мне пірагоў. Зробіш — пойдзеш на волю. Работа лёгкая.

Сказаў так, завярнуўся і пайшоў сабе ў пакоі.

«Ну, загадаў загадку! — падумаў Юр’я.— Быў я ў бальшых навуках, а як гэта зрабіць — не знаю. Прапаў я саўсім».

Заплакаў ён і пайшоў брадзіць па двару. Так ён зайшоў на самы канец двара. Бачыць — стаіць хатка. Із вакна знаёмы голас завець яго:

— Юр’я, Юр’я! А на мяне і забыўся? Я табе дара**джу!

Глянуў ён — там паненка, што ён плацце схаваў, стаіць і завець яго. Увайшоў ён у хату і дзіву даўся: так прыгожа была прыбрана. Паздароваўся ён з паненкай, расказаў, якую работу яму загадалі.

— Не бойся, спі спакойна, будзець зроблена. Я табе памагу. Без мяне не вынесці табе галавы на плячах. Тут так ужо многа народу загублена. Лажыся і спі.

Мусіў ён паслухаць паненкі, лёг спаць. Спаў крэпка, бо дужа змардаваўся дарогай.

А тая паненка ў поўнач выйшла на ганак, махнула тройчы пруточкам, і з’явілася трыццаць малайцоў: адзін пад адзін, стаяць, чакаюць прыказу. Сказала паненка — і пайшла работа: той пашаць, той сеець, той жнець, малоціць, меліць, пячэць... І пірагі ўдрух гатовы.

Прачхнуўся Юр’я зранку, першая яго думка: «Чы ёсць пірагі?» Аж бачыць — ляжаць на стале, і такія румяныя, пульхлыя... І паненка сядзіць каля іх.

— Не бойся,— кажа,— гатовы. Нясі толькі да столу.

Паказала яна яму тое места, дзе расла пшаніца, дзе салома зложана, дзе мякіна, каб была прызнака, калі бацька не дасць веры, што гэта яго, самаго Юр’і, работа. Падзякаваў ёй Юр'я і панёс пірагі да столу.

Прачхнуўся пан, выходзіць з пакою, бачыць — Юр’я стаіць з пірагамі.

— Гатовы,— кажа,— паночак! Як пан прыказаў, так і зроблена.

Паглядзеў нячысцік на пірагі, панюхаў, пакаштаваў — усё як трэба.

— Ну, маладзец ты, Юр’я. Работнік ты, як бачу, з нягоршых, відаць, што быў у навуцы. А я ўжо думаў, што быць тваёй скуры ў рабоце. Калі ж ты такі масцер, дык я за цябе дачку аддам. У мяне іх дванаццаць, усе на выданні, выбірай любую: каторую спадабаеш, тая і твая. Толькі бяда: не будзе дзе вам жыць, асобных пакояў няма. Але ты дасі рады: чалавек ты вучоны. Дык вот збудуй ты праз ноч камяніцу, каб было ў ёй столькі пакояў, сколькі дзён у гаду, каб столь была, як неба, каб хадзілі па ёй сонца, месяц і зоры, каб працякала кругом камяніцы рака, каб быў чэраз раку мост — залатая маснічына, сярэбраная маснічына, каб чэраз мост перакінулася вясёлка, а канцамі ў ваду ўпіралася. Адным словам, каб не стыдна было людзям паказаць. Збудуеш такі пакой, будзеш зяцем, не збудуеш — галавой паложыш. У мяне так: калі ласка — дык ласка, а гнеў — дык гнеў. А цяпер ідзі сабе.

Замаркоціўся наш Юр’я, пачуўшы такі прыказ.

«Вот каб ты лопнуў, нячыстая сіла! — падумаў ён сабе.— Што раз, то труднейшую работу загадываець! Што тут рабіць? Трэба ісці да паненкі, няхай вызваляе з бяды».

І пайшоў ён. Прыходзіць і расказвае ёй, якую работу загадаў яму бацька яе.

— Не пячалься, будзе зроблена. К сроку будзе гатова,— кажа йна,— а цяпер пахадзі па двару, быццам ты выглядаеш места, дзе будаваць.

Так ён зрабіў: хадзіў, брадзіў, выглядаў, а к вечару ціханька зайшоў у хатку паненкі. Яшчэ да поўначы было далёка, разгаварыліся яны.

— Чаму ты жывеш у гэтай хаце на адзіноцы, а твае сёстры жывуць з бацькам у камяніцы? — пытае Юр’я ў паненкі.

— А таму мяне на задворкі загналі, што ў мяне маткі няма, а мачыха. Яна з сваімі дачкамі ў пакоях раскашуецца, а мяне ў гэтым хлеўчыку пасялілі.

Пагаварылі, пагаварылі і спаць ляглі. У поўнач паненка ўстала, выйшла на двор, махнула тройчы пруточкам, і з'явілася трыццаць малайцоў, стаяць, чакаюць прыказу. І кажа йна ім:

— Збудуйце праз ноч такую камяніцу, каб было ў ёй столькі пакояў, сколькі дзён у гаду, каб столь была, як неба, каб хадзілі па столі сонца, месяц і зоры, каб абцякала кругом рака, каб быў праз раку мост — залатая маснічына, сярэбраная маснічына, каб праз мост перакінулася вясёлка і канцамі ў ваду ўпіралася.

Толькі сказала паненка — і пайшла работа: той піліць, той сячэ, той стружыць — к ранку будынак гатоў. Як сказана, так здзелана. Выйшаў Юр’я на двор, глянуў і залюбаваўся: стаіць будовіна пад самае неба, над будынкам вясёлка іграець, мост агнём гарыць. Увайшоў у сярэдзіну, глянуў уверх, чуць не аслеп: так сонца сіяець, зоры блішчаць.

Стаў Юр’я на масту, чакае пана. Аж скора і пан-нячысцік выходзіць. Глядзіць, любуецца. Паглядзеў, паглядзеў:

— Ну, маладзец Юр’я,— кажа ён,— варт дачкі, калі твая гэта работа. Нечага гаварыць— пастараўся. Што ж? Нікому — сабе. Але пакуль вяселле спраўляць, яшчэ табе работу маю. Ёсць у мяне конь добры, цаны яму няма, але не аб’езджаны. Аб’ездзі ты яго к вяселлю.

Нечага рабіць.

— Добра, пане,— кажа Юр’я,— заўтра аб’езджу.

Выйшла мачыха з сваімі дачкамі паглядзець будоўні. Убачылі, і яны дзіву даліся; а як пачулі, што бацька даклераваў аддаць дачку за майстра, дык кожная захацела выйсці замуж. Асабліва жонка нячысціка хацела, каб яе каторай дачцэ дастаўся такі муж.

А наш Юр’я, як сцямнела, пацягнуўся к сваёй паненцы начаваць. Прыйшоў і кажа, якую яму работу загадаў бацька яе.

— Але я не баюся,— кажа ён,— гэта работа па мне: хоць якога каня аб’езджу.

— Не,— кажа паненка,— напярод не хваліся: гэта работа самая труднейшая! Ты думаеш, што гэта будзе конь настаяшчы? Не, гэта будзе сам мой бацька. Ён не верыць, што гэта ты сам будынак паставіў. Але не бойся! Я і тут рады дам. Спі спакойна.

Юр’ я яе паслухаў, лёг спаць і такі здорава храпануў. Назаўтра будзіць яго паненка.

— Ідзі каня аб’язджаць,— кажа йна.— Вот табе мой цудоўны пруточак: калі конь занаровіцца, дык ты яго памеж вушэй сцебані гэтым пруточкам — уціхамірыцца.

І пайшоў Юр’я, узяўшы пруточак.

Увайшоў у стайню: стаіць конь — залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка, вочы кроўю наліты, із наздрэй полымя шыбае, із вушэй дым валіць, і падступіцца няможна. Юр’я махнуў каля сябе пруточкам — і жар яго не бярэ; падышоў к каню — на дыбы становіцца, пад строп падскаквае, сесці не дае; а як заржаў — стайня трасецца. Юр’я як сцебане яго памеж вушэй, дык ён і на калені ўпаў. Юр’я скарэй на верх скок. Конь на дыбы, чуць-чуць яго не скінуў, але Юр’я не промах: давай яго хвастаць меж вушэй. Конь пад ім танцуе, а ён яго хвошчыць. І панёс яго конь, ляціць, чуць зямлі чапае і ўсё наравіць Юр'ю скінуць, каб капытамі раздавіць. А ён яго хвошчыць, а ён яго хвошчыць... Лятаў конь, лятаў па гарах, па балотах, чэраз лясы, але пад канец-такі змогся, павярнуў дамоў. Скора пайшоў шагам, так яны і на стайню прыехалі. Паставіў яго там Юр’я, а сам пайшоў па двару брадзіць, каго ні спаткае, ніхто з ім гаварыць не хоча. І пайшоў ён да паненкі.

— Ну, відаць, добрую задаў ты лазню майму бацьку, калі сам цэл вярнуўся! Лажыся спаць, бо ты, відаць, змардаваўся.

І ляглі яны спаць. Назаўтра ад бацькі пасланец прыходзіць, завець паненку ў пакой.

— Ну,— кажа яна Юр’ю,— скора і цябе пазавуць выбіраць сабе жонку. Мы ўсе на адно ліцо. Калі хочаш мяне выбраць, дык глядзі мне на лоб: у мяне на ілбе будзе муха сядзець.

Як яна сказала, так і сталася: скора пазвалі і Юр’я да пана. Спатыкае яго пан з завязаным лобам.

— Ну, мой зяць названы, выбірай сабе жонку: каторую спадабаеш — тая і твая. Як я сказаў, так і будзе.

Увайшлі ў пакой. Глянуў Юр'я — стаяць паненкі як адна. Паглядзеў, паглядзеў, убачыў муху на ілбе ў адной. Ён і хваць яе за руку:

— Вот,— кажа,— мая жонка.

— Гэта дык гэта,— кажа нячысцік,— у мяне дзеці ўсе роўны. Жывіце сабе на здароўе.

А мачыха аж пазелянела са злосці, што не яе дачку выбраў ён. «Ну, я ж над імі зымшчуся!» — падумала йна.

І пайшлі маладыя ў тую хатку начаваць, пакуль вяселле мае быць. Прыйшлі яны, тая паненка і кажыць:

— Будзем цяпер спаць, бо ў поўнач нам трэба ў дарогу пушчацца, трэба ўцякаць у тваю старану, а не то мая мачыха пагубіць нас.

Ляглі яны, адпачнулі трохі. У поўнач прачхнуліся і сабраліся ў дарогу. Паненка паплювала ў кажды вугал сваёй хаткі і Юр’ю сказала наплюваць. І пайшлі яны. Прайшлі парадашны кусок. Ужо і добры дзень настаў, ужо ўсе паўставалі. Чакаюць маладых — не ўстаюць. Паслалі будзіць.

— Уставайце,— кажуць пасланцы,— ужо дзень настаў.

— Зараз устанем,— адказвае сліна.

Ужо сонца пад поўдзень стала падбірацца. Узноў слугі прыйшлі.

— Уставайце,— клічуць,— бо ўжо скора поўдзень.

— Надзяваемся! — адказвае іх сліна.

Ужо і палуднаваць пара. Слугі прыходзяць, клічуць палуднаваць.

— Мыемся,— адклікаецца сліна.

Прыйшлі зваць іх на абед — сліна высахла, ніхто не адклікаецца. Выламалі дзверы — нікога няма. Як сказалі гэта нячысціку, як рассердзіцца ж ён, як расходзіцца ён, аж аб сценку галавой стаў біцца. А мачыха крычыць:

— Пасылай ганцоў даганяць — чы жывых, чы мёртвых, а няхай іх прывядуць.

Пусціліся ганцы ўслед, ляцяць, як конь выскачыць можа. І Юр’я з паненкай бягуць як змога. Прылягла паненка вухам на зямлю, паслухала-паслухала:

— Ай,— кажыць,— ганцы за намі ляцяць, скора дагоняць, бежмо шпарчэй. А як нас дагоняць, я абярнуся авечкай, а цябе абярну пастушком. Запытаюцца ў цябе, чы не бачыў ты, як ішлі мужчына з дзяўчынай? Кажы, што не бачыў.

Аж скора і ганцы паказаліся.

Махнула паненка пруточкам: сама зрабілася авечкай, а Юр'я — пастушком.

— Пастушок, чы не бачыў ты, як беглі мужчына і дзяўчына? — закрычалі ганцы.

— Я тут з малых дзён пасціў, а нікога такога не бачыў,— кажа так пастушок.

Ганцы і вярнуліся назад, бо думалі, што з дарогі збіліся, след страцілі. Вярнуліся і кажуць пану як і што:

— Нікога,— кажуць,— не відзелі, мае быць след страцілі чы не па той дарозе пагналіся, бо спаткалі мы пастушка і авечку, дык пастух нам сказаў, што ён з малых дзён тут пасціць, а нікога такога не бачыў.

— Гэта яны і былі! — закрычала пані.— Даганяйце іх шпарчэй і сячыце тапарамі.

Кінуліся ганцы назад удагонку, а ўжо Юр'я з паненкай тым часам далёка адбегліся. Бягуць яны бягуць, аж чуюць зямля гудзіць. Прылягла паненка вухам к ёй:

— Гоняцца,— кажа.

Прабеглі яшчэ трохі, і ганцы паказаліся. Паненка махнула пруточкам: сама абярнулася садам, а Юр'я зрабіўся садоўнічым.

Пад’язджаюць ганцы і пытаюць:

— Чы не бачыў ты, як тут двое людзей беглі: мужчына і кабета?

— Не, нікога такога я не відзеў, а ўжо я тут даўно сад даглядаю,— так адказвае дагоншчыкам садоўнічы.

— А пастух чы не гнаў тут авечкі?

— І пастуха не бачыў.

Так ганцы дамоў і вярнуліся, бо думалі, што з дарогі збіліся. А Юр'я з паненкай пабеглі далей. А ганцы, прыехаўшы дадому, і кажуць панам як і што:

— Нікога не дагналі, як вадой разліліся. Спаткалі мы садоўнічага ў садзе, дык ён сказаў нам, што ніхто на той дарозе не бег, і пастух с авечкай не гнаўся. Мы і вярнуліся, бо што ж лавіць у полі вецер?

— Дурныя вы! — закрычалі на іх пан і пані.— Трэба было вам сеч сад і садоўнічага, бо гэта былі нашы ўцекачы. Не, кепская на вас надзея, трэба самім гнацца.

І кінуліся ўдагонку пан і пані з ганцамі: ляцяць — аж пыл курыць, аж зямля дрыжыць, аж гул ідзець. А ўжо Юр’я з паненкай пад дом падбіраліся; пачулі гул — шпарчэй бегчы пусціліся, бо дагадаліся, што бацька паненкін з мачыхай за імі гоняцца. А гул тым часам усё грамчэй і грамчэй ідзець...

— Не ,— кажа паненка,— не дабяжым да твайго дому. Трэба хоць цябе ратаваць.

І абярнула сябе ракой, а Юр’ю рыбаловам. Аж скора і ганцы наскочылі і, ні слова не кажучы, давай сеч раку тапарамі. Так рака кроўю і паплыла. А Юр’я на другім берагу стаіць і рады даць не можа, што рабіць, не знае.

— Акалявай, паганая! — кажуць паны рацэ.— А ты, зводыяш, беражыся: і да цябе дабяромся.

Сказалі так Юр’ю і дамоў павярнулі.

Чуець Юр’я, што стогнець рака:

— Ох, цяжка мне. Доўга мне яшчэ адлежвацца, раны гаіць, доўга с табой не відзецца. Ідзі, Юр’я, дамоў, толькі глядзі на мяне не забывай! А каб ты на мяне помніў, глядзі ні з кім не цалуйся. Пацалуешся — на мяне забудзеш. Наведывай мяне...

Пайшоў Юр’я дамоў ужо маркотны, думаў з жонкай вернецца, аж вот табе на...

Прыйшоў дамоў. Бацькі як убачылі яго — ад радасці як не ашалелі. Толькі дужа здзівіліся, што ён ні з кім цалавацца не хочыць, нават і з імі не пацалаваўся. Ну, што ж, мала што бывае? І стаў Юр’я дома жыць, бацькоў радаваць. А як настане субота — ідзе к рацэ, пагаворыць з ракой, возьмець ад яе кашулю чыстую на нядзелю, ёй чорную аддасць і пойдзе дамоў — усё чакае, пакуль раны паненкі паджывуць.

Так прайшоў ужо ладны час, рака стала чысцець, раны паненкі сталі гаіцца, аж такі прыпадак трапіўся: заснуў раз Юр'я, прыйшоў нейкі дзед і пацалаваў яго соннага. Прачхнуўся Юр’я і на паненку забыўся.

Прайшоў яшчэ час, і Юр’я задумаў жаніцца, а ўжо бацькі даўно яму дзяўчыну нагледзелі. Падабалася дзяўчына Юр'ю, і вяселле сталі гуляць. Вяселле было гучнае. Але Юр’ю штось маркотна, смутна, а сам не знае чаго. Сталі каравай мясіць, красачкі і зорачкі ляпіць. Аж увайшла якаясь кабеціна і кажа йна:

— Дазвольце мне, каравайніцы, зрабіць вам селезня і вутачку на каравай.

Каравайніцы дазволілі. Вылепіла яна селезня і вутачку. Пасадзіла селезня на каравай маладога, а вутачку ў руках трымае, прыгаварвае:

— Забыўся, селязенька, як я цябе з няволі вызваляла! — ды ў галоўку яго клёў! — Забыўся, як я тваю галаву ратавала! — ды зноў у галаву яго клёў.— Забыўся, як я для цябе бацьку-матку пакідала, з табой уцякала! — ды зноў у галаву яго клёў.— Успомні, як я за гэта раны прынімала! — ды яшчэ ў галаву клёў.

Тут Юр’я ўсё прыпомніў, што з ім дзеялася, тады ён спазнаў і сваю паненку (а гэта была яна) і кінуўся ёй на шыю.

— Вот, бацькі, мая жонка! — закрычаў ён.— Яна мяне з няволі вызваліла!

І пасадзіў яе радам з сабой на места маладой, а ёй сплаціў пацеру і з-за стала вон. І доўга яны жылі, і шчасліва жылі.

1 Пайстком – па парадку.

2 Замчысты – добра ўмацаваны, трывалы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 273-282
Крыніца: скан