epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Адзінюк

Быў сабе чалавек з жонкаю, і было ў іх тры дачкі. Аднаго разу стары пайшоў у лес рубаць дрова, каб было чым палудзень зварыць. Рубае ён там, рубае, аж прыязджае да яго паніч і кажа:

— Што ў цябе дома есць, аддай мне.

А ён кажа:

— У мяне няма нічога, анно тры дачкі і жонка.

— То аддай мне найстаршу дачку.

А чалавек:

— Не дам, у мяне анно іх трох.

А той:

— На табе грошы з мяшком: хочаш бяры, хочаш не — твае дачкі не будзе.

Сказаўшы тое, пакінуў яму грошы і паехаў. Ажно выйшла найстарша дачка на надворак, а той паніч перакінуўся львом, цап! за яе да й у ногі. На другі дзень пайшоў стары зноў дрова рубаць, ажно прыязджае другі паніч і кажа:

— Аддай мне, што ў цябе дома есць.

— Не дам, у мяне дома анно баба і дзве дачкі, бо трэцю паніч ухапіў.

Так ён кажа:

— На табе з мяшком грошы: хочаш бяры, хочаш не — дачкі не будзе — і паехаў.

Ажно выйшла на надворак сярэдняя дачка, а той паніч перакінуўся ў велярыба, цап за яе і панёс.

На трэці дзень зноў прыйшоў стары рубаць дрова, ажно прыязджае трэці паніч і кажа:

— Аддай мне, што ў цябе дома есць!

— Не дам, у мяне дома анно баба і адна дачка, бо дзвюх панічы ўхапілі.

Так ён кажа:

— На табе з мяшком грошы: хочаш бяры, хочаш не — дачкі не будзе.

После пад’ехаў проста пад яго хату, ажно якраз выходзіць наймельша дачка, так ён як бач перакінуўся арлом, цап за яе і панёс. Так после нарадзіўся ў старога сын і рос не гадзінамі, але мінютамі. Аднаго разу той хлопец пайшоў на вёску, а хто яго ўгледзіць, то ўсё называе Адзінюком. Так ён, прыйшоўшы дахаты, кажа:

— Мамачко, чаму гэта мяне завуць Адзінюком?

— Таму, што ў це было тры сястры, але як усіх панічы пакралі, то ты адзін застаўся і зле таго Адзінюком цябе называюць.

А хлопец:

— Пайду,— кажа,— іх шукаць.

Так зараз узяў хлеба і солі грудачку ў торбу да і пайшоў. Ідзе, ідзе, ажно ўгледзеў двох паршучкоў б’ючыся, так ён кажа:

— Чаго вы б’ецеся?

— А мы,— кажуць,— знайшлі тры рэчы.

— Якія тыя рэчы?

— Шаблю, дыван, што як на ім сядзеш і скажаш: «Дыван, дыван, нясі мяне там і там»,— так ён і занясе, і плашч, што як акрыешся ім, то ніхто цябе не ўгледзіць.

Так ён кажа:

— Я мо вас рассуджу, анно разбяжэцеся і бяжэце да мяне.

А паршучкі як беглі да яго, так ён мечыкам чах! чах! і пассякаў ім галавы, а сам прывязаў да боку меч, акрыўся плашчам, сеў на дыван і кажа: «Дыван, дыван, нясі мяне да найстаршай сястры!»

Так як бач і стаў на яе надворку. Выйшаў, а сястра яго шыла, так ён то голку ёй зломіць, то нітачку парве і не дае шыць. Ажно яна дамыслілася і пытае:

— Хто тутакава есць? Акажыся!

— Я,— кажа,— сам наймельшы брат твой, што после радзіўся.

— А як ты,— кажа,— называешся?

— Янко** Адзінюк.

Так яна ўцешылася, давай брата частаваць; п’юць, ядзяць, аж бачаць — ляціць Леў. Так яна:

— Дзе ты,— кажа,— братко, схаваешся, бо як Леў прыбяжыць, то ён цябе і мяне з’есць.

А ён кажа:

— Не бойся!

І гэта кажучы, акрыўся плашчам і сеў у куточку. Ажно прылятае Леў: страсянуўся, павесіў скурку на цвічку і перакінуўся ў вока мглені ў пекнага паніча. Дала яна яму вячэраць, а после, як паклаліся, так яна кажа:

— Цо бы то, мэнжу, было, жэб хто з моей родзіны пшышэд1?

А ён кажа:

— Га, у бабы волас доўгі, але ўм карноткі2! Чаму не, рад быў бы.

А яна:

— Прыйшоў,— кажа,— да мяне мой братка Ясюк.

— А дзе ж ты яго схавала? Пакажы! — і давай клікаць: «Ясюк, Ясюк, пакажыся!»

Так ён і паказаўся. Пабыўшы ў іх якісь час, так Леў кажа:

— Мо табе тут смутна, то на табе адну шарсцінку, а як табе якая бяда станецца, то ты вымеш яе і скажаш: «Льве швагжэ, пшыбывай мне ў памочы3».

Так ён падзякуваў, сеў на дыван і кажа: «Нясі мне да сярэдняй сястры!»

Так як га! Дыван і занёс яго. Як уляцеў дахаты, то сястра яго прала, так ён ёй то нітку парве, то вераценца вырве. Так яна кажа:

— Хто тутакава такі есць?

— Я, Янко, твой брат наймельшы!

— Я,— кажа,— не мела нігоднага брата.

Так ён кажа:

— Я после радзіўся.

— То пакажыся!

Як ён паказаўся, так дала яму есць, піць і кажа:

— Дзе я цябе схаваю, як пшыплыве Вялёрыб4?

— Не бойся!

Ажно глядзяць — плыве, аж хата дрыжыць. Так ён узяў плашчам накрыўся і сеў у куточку. Тым часам Вялёрыб прыплыў, вылез з вады, страсянуўся, так як бач луска апала, а ён зрабіўся панічом і сваю луску павесіў у сенях на цвічку. Увайшоў у хату, яна яму дала вячэраць, а па вячэры палажыліся спаць. Так яна кажа:

— Што гэта было б, каб хто з мае радні прыйшоў?

А ён кажа:

— У бабы волас доўгі, але ўм карноткі! Як жа ж не, рад быў бы!

А яна:

— Прыйшоў,— кажа,— мой брат наймельшы Янко.

— Пакажы.

Так яна стала клікаць:

— Янко, Янко, пакажыся!

Так ён скінуў плашч і паказаўся. Пабыў там якісь час, аж Вялёрыб кажа:

— Мо табе тут маркотна? — і даў яму адну луску і кажа:

— Як табе якая бяда станецца, то, выняўшы луску, скажы: «Вялёрыб швагжэ, ставай мне ў памочы!»

Янко падзякуваў; пажагнаўся, стаў на дыване і кажа: «Дыван, дыван, нясі мяне да наймельшай сястры!» — і ў вока мглені стаў у яе. Аж яна панчошку робіць. Так ён ёй то пруток выцягне, то панчошку з рук вырве. А яна:

— Хто тут? Хто то мяне зачапае?

— Я, твой брат наймельшы!

— Калі я жаднага брата не мела.

А ён кажа:

— Я после радзіўся і называюся Янко.

— Ну, то пакажыся!

Ён скінуў плашч і паказаўся. Яна гэта зараз дала яму есці, піці і кажа:

— Дзе я це, бедна, схаваю, як мой муж Арол прыляціць?

— Не бойся!

Глядзяць, аж і Арол ляціць, так Янко накрыўся плашчам і сеў у куточку. Нібавам уляцеў Арол, страсянуўся, зрабіўся харошым панічыкам, а пер’е сваё ў сенях на цвічку павесіў. Па вечары ўжэ, як ляглі спаць, так яна кажа:

— Цо бы то, мэнжу, было, жэб хто з моей родзіны пшышэд?

А ён кажа:

— У бабы волас доўгі, але ўм карноткі! Чаму ж? Рад быў бы!

Так яна кажа:

— Прыйшоў да нас Ясюк, мой наймельшы братка.

— То закліч яго.

Як яна пачала клікаць, так скінуў плашч і паказаўся. Пабыў там у іх кілька дні, аж Арол кажа:

— Мо табе абрыдла ў нас?

Так даў яму адну пе**рынку і кажа:

— Як табе якая бяда станецца, то ты вымі гэту пе**рынку і скажы: «Орле швагжэ, пшыбывай у памочы!»

А ўсе яго тры швагры: Леў, Вялёрыб і Арол — ваявалі на бяссмертнага цара, так ён стаў на дыван і кажа: «Дыван, дыван, нясі мяне да бяссмертнай царыцы!»

Як пе**рынку спаліць, так і стаў у яе. Царыца ў ём надта закахалася. Як нацешыліся сабою, так яна кажа:

— Дзе я цябе, мой міленькі, схаваю, бо як мой муж прыйдзе, то ён мяне і цябе заесць.

А ён кажа:

— Не бойся, дам сабе раду.

Нібавам глядзяць, ажно едзе цар, так ён баржджэй сеў у куточку і накрыўся плашчам. Утом уходзіць цар і кажа:

— Вэ, вэ, не слыхана, не відана, нешта жывым духам смярдзіць!

А яна:

— Жадан птах не пшэлецял пшэз тэн дах, не тылько жэб хто пшышэд5.

Павячэраўшы, ляглі спаць, а Адзінюк сядзіць сабе ў куточку і слухае, што яны гавораць. Назаўтра рана, як паехаў цар ваяваць з яго шваграмі, так Янко пытаецца ў царыцы:

— Дзе твайго мужа смерць?

А яна кажа:

— Не ведаю.

Так ён кажа:

— Як ён прыбяжыць, то ты ў яго папытайся.

— Добра.

Аж вечарам прылятае цар і кажа:

— Давай есці!

Павячэраўшы, як ляглі спаць, так яна кажа:

— Скажы мне, мой мужу, дзе твая смерць?

— Мая смерць у шаблі.

Так гэта назаўтра, як ён пабег, яна зараз увабрала шаблю ў стужкі, у квяты, паставіла люстэрка, узяла ксёнчку6 і стала мадліцца. Утом прыходзіць яе мужык і кажа:

— Што ты гэта робіш?

— Я мадлюся, каб тваё жыццё даўжэйша было.

— Калі мая смерць,— кажа,— не ў шаблі, але ў стрэльбе.

Так назаўтра, як цар паляцеў ваяваць, яна таксама ўвабрала стрэльбу і стала мадліцца. Аж надвечар прыходзіць цар і кажа:

— Што ты гэта, жонко, робіш?

— Мадлюся,— кажа,— да стрэльбы, каб тваё жыццё даўжэйша было.

— Калі мая смерць не ў стрэльбе, а ў валовым рогу.

Так яна назаўтра ўвабрала таксама рог і стала мадліцца. Аж надвечар прыбягае цар з вайны:

— Што ты, жонко, робіш?

— Ля, а тож мадлюся да рога, каб тваё жыццё даўжэйша было.

— Калі мая смерць не ў валовым рогу, але на мору стаіць цэрква, а ў ёй свечка на сто пудоў, а ад гэтай цэрквы ключы ў качкі на моры; каб хто тую качку разадраў, то дастаў бы з ёй яйцо, а каб хто тое яйцо пабіў, то дастаў бы ключы ад цэрквы і, адчыніўшы цэркву, каб хто тую свечку згасіў, то я ўмёр бы.

На заўтрашні дзень, як ён пайшоў ваяваць, яна давай Янку расказваць, што так і так, так і так. Ён гэта, не доўга ждучы, сеў на дыван і кажа:

— Дыван, дыван, нясі мяне на мора, дзе стаіць цэрква!

Як сказаў, так як бач і стаў каля тае цэрквы. Тады выняў шарсцінку і кажа:

— Льве швагжэ, пшыбывай мне ў памочы!

Так Леў каля яго і стаў. После выняў луску і кажа:

— Вялёрыбе швагжэ, пшыбывай мне ў памочы!

Так Вялёрыб і прыплыў зараз да яго. Нарэшце выняў пе**рынку і кажа:

— Арол швагер, пшыбывай мне ў памочы!

Так у том маменці і Арол прыляцеў. Тады Вялёрыб злавіў качку і падаў Льву, а Леў раздзёр тую качку, так Янко пабіў яйцо, дастаў ключа і адчыніў цэркву і патушыў. Нім гэта сталася, цар бег дадому крычучы: «Я ее заем! Я ее заем!», але ўтом Арол якраз згасіў свечку, так цар упаў на парозе і скіпеў. Тады Янко Адзінюк ажаніўся з таею царыцаю, і ўсе швагры да таго палацу пасходзіліся, жылі разам і дабра набывалі.

1 Што б гэта, муж, было, каб хто з маёй сям'і прыйшоў? (польск.)

2 Карноткі – карнаты, кароткі.

3 Леў швагер, прыбудзь мне ў дапамогу.

4 Вялёрыб – кіт, вялікая рыба.

5 Ніводная птушка не пралятала праз гэты дах, не тое каб хто прыйшоў (польск.)

6 Ксёнжка – кніжка (польск.)



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 536-542
Крыніца: скан