epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Агонь у сэрцы, а розум у галаве

Даўно тое было, бо я яшчэ была блазніцаю, як нам гаварыла старэнькая баба ўсялякія казкі да байкі, а яна, кажа, чула тыя байкі ад свайго нябожчыка дзеда, як яшчэ была дзеўкаю. Многа яна казала казак, да такіх харошых, што толькі заслухацца. Але я пазабывала, бо, дзеткі, доўга жыву, мо хутка будзе дзевятдзесят гадкоў. Бачыце, як мяне сагнула ў сучок, а даўней была маладзіца, як кроў з малаком, а як гуляла дзеўкаю, дак каса аб лыткі білася. От седзімо мы, бывала, чуць не ўсю ноч пры лучыне да прадом у двор талькі, да такія тоненькія, каб сарачня пасам пралезла праз пярсцёнак. Седзімо мы, а баба сусліць зрэбе да кажа казкі, каб мы не заснулі. От, дай божа памяць, і ўспамянула адну казку. Дак слухайце, як тое было.

Жыў сабе адзін чалавек. Быў ён вельмі цікавы й хацеў усё знаць. Куды ні гляне, што ні ўбачыць, та ўсё пытае, што гэта такое, зачым яно да навошта? Казалі яму, казалі людзі, нарэшце ўбачылі, што й самі не знаюць, да й кажуць яму:

— Дзівачны ты чалавек, колькі ні пытай, та дурнем памрэш, бо ўсяго не пазнаеш.

Не слухае ён людзей, кінуў гаспадарку да й пайшоў у свет.

— Пайду,— кажа,— к яснаму сонейку, яно ўсюды свеціць, усё бачыць, дак усё знае. Запытаю ў яго, чаму так робіцца на свеце.

От ідзе ён да йдзе, бачыць — сядзіць кала дарогі на камені чалавек да ўсё крычыць, пытае:

— Дакуль я буду сядзець?

І просіць ён, каб запытаў у сонейка, калі ён устане. Пайшоў далей да й бачыць, што якісь чалавек падпірае тын. Зірнуў ён, але не ведае, што гэта ён робіць. Ідзе ён далей, аж дзве жанчыны пераліваюць у рацэ воду. Зацікавіўся ён, але не ведае, што яны гэта робяць, да й пайшоў далей. Мо ўжэ саўсім блізка падышоў ён к сонейку, дзе яно з-за зямлі ўсходзіць на неба, да й бачыць, што чалавек пераграбае смецце. Пайшоў ён далей да як зірнуў праз лес, дак аж вочы зажмурыў, такі там бляск. Падышоў ён бліжэй, аж гэта сонейка палацы блішчаць у золаце, бы вагонь гарыць. Насілу вайшоў ён туды, чуць не аслеп ад бляску, да й сустракае там сонейка матку. Тая й пытае, чаго ён прыйшоў?

— Прыйшоў,— ён кажа,— да сонейка, каб запытаць, зачым так робіцца на свеце?

А тая й адказвае, што сонейка паднялося на неба аглядаць адтуль землю.

— Пачакай, яно хутка вернецца.

От ён наклаў сабе агеньчыку, сядзіць, грэецца да смажыць сала на ражэньчыку. Наеўся сала з хлебам. Захацелася яму піць.

Пайшоў ён к рацэ, каб напіцца. Толькі ён схіліўся к вадзе, аж адтуль выплыла вельмі гожая паненка, да як зірнула на яго, дак ён і стаў бы ўкопаны. Стаіць, пазірае да й ачу не мажэ адарваць ад яе. Спадабаўся ён той паненцы, от яна й кажа яму:

— Не пі вады з ракі, бо тагды сонейка цябе спаліць.

Да й павяла яго пад стары дуб, дзе была крыніца. Схіліўся ён да й пачаў піць тую чыстую да халодную воду. Колькі ён ні п'е, дак усе больш хочацца й не мажэ ніяк напіцца.

— Годзі ты піць,— кажа тая паненка,— бо ўсё добра ў меру. От ты хочаш усё знаць, зачым яно гэ, а не йнак, а не ведаеш таго, што хутчэй выпіць усю воду, чым усё знаць. От ты трохі напіўся, та й будзеш жыў, трохі свету пабачыў, та й будзеш знаць пра патрэбу.

Зірнуў ён, аж сонейка апускаецца з неба ў свае палацы. Трэ йці туды, але не мажэ ён адарваць ачу ад тае паненкі. А яна й кажа:

— От мой бацька вярнуўся да гасподы. Лядзі, нічога не кажы яму, што ты пазнаў і што мяне бачыў.

Тут яна ўзнялася ўгору да й заблішчала адтуль гожаю зоркаю. Пайшоў ён да сонейка ў палацы. Убачыла яно, што чалавек асмеліўся прыйсці да яго, да як пачне смаліць яго да пякці, дак аж мур кругом трашчыць, а ён як напіўся халоднае вады, дак і ні панкі. Абазлілася сонейка, давай яшчэ гарэй пякці, а ён шапку насунуў на вочы да й падходзіць бліжэй. Бачыць яно, што нічога не парадзіць з упартым чалавекам, от і пытае яго, што яму трэ. Расказаў ён сонейку, чаго прыйшоў, а тое й кажа:

— Як будзеш усё знаць, та хутка памрэш — і бліснула яму сонейка ў голаў.

От і пачуў ён, што многа знае, але галава гарыць, а ў сэрцы холадна бы лёд. Выйшаў ён ад сонейка да й сустракае сонейка матку. От тая й кажа:

— Памрэш ты, чалавеча, калі не сагрэеш сэрца, бо без сэрца галава згарыць.

Дагадаўся ён, як нагрэць сэрца, да й пайшоў шукаць тую паненку да зваць яе з неба. Пачула яна, хутка пакацілася з неба яснага зоркаю да й стала кала яго тою гожаю паненкаю. От і загарэлася ў яго ў сэрцы да й пачуў ён, што пакуль будзе там гарэць, патуль ён будзе знаць, чаму так усё робіцца на свеце. От пабраліся яны да й пайшлі ў яго край. От падходзяць яны к таму месцу, дзе чалавек пераграбае смецце.

— Ой, чалавеча,— кажа ён,— ты ў смецці шукаеш згубленыя грошы да дарам траціш час. Ідзі ты рабіць дзела, та хутчэй заробіш больш тых грошай.

Пазнаў той чалавек сваю амылку да й пайшоў гараваць да працаваць — дак і нажыў гаспадарку й грошы на патрэбу. Ідуць яны далей, аж тыя жанкі ўсё пераліваюць воду. І растлумачыў ён ім, што колькі б яны ні пералівалі, та вада вадою будзе, як колькі б яны ні гаварылі, та нічога не выгавараць. Ідуць далей, аж чалавек падпірае тын. От ён і кажа яму:

— Не падпірай у жыццю гнілое, бо яно ўсё роўна ўпадзе.

Нарэшце падышлі яны к таму чалавеку, што ўсё сядзіць на камені, да пайшлі міма яго. Адышліся трохі, от ён і кажа здалека:

— Патуль ты сядзіш, пакуль другі тут сядзе, бо ў жыццю кожын займае свае месца.

От прыйшлі яны ў яго край, нашлі тую вёску, дзе ён жыў, але там ужэ без гаспадара й хатка яго абярнулася, да яе хлопцы расцягалі на вагонь. Няма чаго рабіць, трэ жыць, як набяжыць. І пачаў ён будаваць сабе харомы да заводзіць гаспадарку. Па немалум часе абрабіліся яны да й пачалі жыць да пажываць да дабра нажываць. І дзівіліся людзі, што яны жывуць і ніколі не тужаць. Пачалі яго пытаць, чаму яны так добра жывуць, а ён і кажа:

— Затым мы добра жывом, што ў нас вагонь у сэрцы, а розум у галаве.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 358-361
Крыніца: скан