epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Алена-Прыгажуня, чараўнік і салдат

Ні ў нашым царстве, ні ў нашым гасударстве жыў-быў цар-гасудар. І была ў яго дачка Алена-Прыгажуня.

Жылі яны каля азярца, і было ў іх многа слуг. Пайшла аднойчы Алена з сваімі слугамі на бераг возера і бачыць: далёка, далёка прыгожы карабель. А ад берагу да яго — залатая дарожка. Ніхто гэту дарожку, акрамя яе, не бачыць. Пакінула яна слуг і пайшла на карабель. Азірнулася, а ззаду дарожкі ўжо няма.

А быў на тым караблі злы чараўнік Кокаць — барада па локаць, сам невялікі — пад паталок ростам.

Узыйшла Алена на карабель, а карабель і паімчаў яе невядома куды.

Перапалохаліся слугі, пабеглі да цара і расказалі аб усім, што бачылі. Аб'явіў цар па ўсім сваім царстве-гасударстве, хто знойдзе яго дачку Алену-Прыгажуню, той атрымае палавіну царства, і Алена-Прыгажуня стане яго жонкай.

І вось прыходзіць да цара салдат Партупей Прапаршчык:

— Я магу. Дай мне толькі тыдзень падумаць.

Згадзіўся цар.

Праходзіць тыдзень, а Партупея Прапаршчыка няма. Паслаў цар слуг да яго, а ён кажа:

— Адной нядзелі мала. Дайце яшчэ адну.

Прайшоў другі тыдзень, і з'яўляецца Партупей Прапаршчык да цара і кажа:

— Дай мне, цар, піці-есці на тыдзень, карабель і тавары і таварышаў. Тады я выратую тваю дачку.

Даў яму цар, што салдат прасіў, і паехаў Партупей Прапаршчык.

Ехалі яны, ехалі і даехалі да канца мора. Прывязалі карабель да куста, дзе была зямля пустая, і пайшлі па лясах і балотах. Доўга так яны ішлі. Нарэшце бачаць хатку на курыных ножках. Хацелі зайсці ў яе, а яна раптам узяла і павярнулася дзвярыма да іх. Сталі яны прасіць яе:

— Пусці нас, хатка, змарыліся вельмі мы.

Пусціла іх хатка. Зайшлі яны, разлажылі свае манаткі, і гаворыць Партупей Прапаршчык свайму сябру:

— Ты заставайся дома, гатуй ежу, а я пайду шукаць Алену-Прыгажуню.

І пайшоў. А яго таварыш настраляў розных птушак і пачаў гатаваць ежу. Раптам стукае нехта ў дзверы. Адкрывае ён дзверы і бачыць, што гэта сам Кокаць — барада па локаць, сам невялікі — пад паталок ростам.

— Дай пакаштаваць,— просіць.

— Не дам. Хутка прыйдзе Партупей Прапаршчык. Чым жа я буду яго карміць?

Збіў Кокаць таварыша Партупея Прапаршчыка, а сам усё з'еў і пайшоў. Ачухаўся таварыш Партупея Прапаршчыка, зноў пачаў ежу варыць. А тут і Партупей Прапаршчык прыходзіць:

— Ну што, наварыў?

— Ды не. Пакуль сабраўся, пакуль птушак настраляў, дык і ты прыйшоў.

На другі дзень застаецца сам Партупей Прапаршчык. Калі ежа была гатова, прыходзіць, як і ў першы дзень, Кокаць — барада па локаць, сам невялікі — пад паталок ростам. Просіць:

— Дай пакаштаваць.

— Калі ласка. Каштуй сабе.

Наеўся Кокаць і кажа:

— А цяпер я цябе буду частаваць. Пайшлі да мяне.

Дайшлі яны да калодзежа, а там вялізны куст расце. Падняў Кокаць гэты куст, а пад кустом глыбокая нара. Спусціліся яны ў нару і ўбачылі вялікі стол. Падыйшлі да гэтага стала, і гаворыць Кокаць:

— Столік, столік, адчыніся, дай нам піці-есці, што на свеце ёсць.

Адчыніўся столік, і ўбачылі яны віна і стравы заморскія. Пачалі яны піць: Партупей Прапаршчык маленькай чарачкай, а Кокаць — вядром. Напіўся Кокаць і паваліўся спаць.

Партупей Прапаршчык забіў яго і забраў у яго ключы.

А было іх у Кокаця дванаццаць. Пайшоў Партупей Прапаршчык адмыкаць пакоі. Чаго толькі ў іх не было! І золата, і драгацэнныя каменні, і розныя другія багацці. Нарэшце ён дайшоў да дванаццатага пакоя. За дванаццацю дзвярыма, за дванаццацю замкамі там сядзела Алена-Прыгажуня. Узрадавалася Алена, кінулася яна да Партупея Прапаршчыка і кажа:

— Выратуй мяне, служывы, а я буду табе добрай жонкай.

Узяў Партупей Прапаршчык яе за белыя рукі і вывеў з цямніцы. Пайшлі яны да чароўнага століка, і кажа Партупей Прапаршчык:

— Столік, столік, адчыніся, дай нам піці-есці, што на свеце ёсць.

Селі яны за столік, памяняліся яны кольцамі. Напіліся, наеліся і рушылі ў дарогу. Зайшлі ў хатку па таварыша Партупея Прапаршчыка і пайшлі да свайго карабля.

Падышлі яны амаль к самаму мору, і засумавала нешта Алена-Прыгажуня.

— Чаго сумуеш, радасць мая? — пытаецца Партупей Прапаршчык.

— Ды вось, калі ўмывалася каля крыніцы, зняла кальцо, палажыла на камень ды і забылася на яго.

Супакоіў яе Партупей Прапаршчык і пайшоў па кальцо назад. А таварыш яго, тым часам, пасадзіў яе на карабель і павёз да бацькі. Ён прымусіў яе прысягнуць, што скажа яна бацьку, што гэта ён яе выратаваў, і даў ёй з'есці прыгоршчу зямлі. Нічога не зробіш, прыйшлося згадзіцца.

А Партупей Прапаршчык, вярнуўшыся, не знайшоў ні карабля, ні Алены-Прыгажуні, ні таварыша. Зажурыўся ён і пайшоў, куды вочы глядзяць. Ішоў, ішоў Партупей Прапаршчык і бачыць бугарок, а на ім хлопчыка гадоў дванаццаці.

— Ці не хочаш ты да нас на службу наняцца? — пытаецца гэты хлопчык.

— З радасцю,— адказвае Партупей Прапаршчык. — Усё роўна мне няма куды дзецца.

— Толькі служыць трэба тры гады. Калі добра паслужыш, то ўзнагародзіць цябе мой бацька. Калі што прыйдзецца не да спадобы, то галаву здыме з плеч.

А бацька гэтага хлопчыка быў чарадзей, і тры гады цягнуліся як тры дні.

Хлопчык жа надта палюбіў салдата і ва ўсім дапамагаў яму.

Служыць Партупей Прапаршчык дзень, служыць другі, а на трэці дзень ён не вытрымаў і адкрыў дзверы, якія нікому не дазвалялася адкрываць. А за тымі дзвярыма стаялі чароўныя коні. Вырваліся яны на волю і разбегліся па ўсяму свету. Але тут на дапамогу прыйшоў сын чарадзея. Так прайшло тры дні. Настаў час разлічвацца.

— Ну, як служыў нам Партупей Прапаршчык? — пытаецца чарадзей у сына.

— Вельмі добра служыў.

— Ну, раз добра, дык атрымай узнагароду.

За гэтымі словамі чарадзей даў яму шашку-самарубку, каня заезджанага і стары кашалёк.

— Прыйдзеш у лес, махнеш шашкай-самарубкай управа — будзе табе дарога. Прыйдзеш да мора, махнеш шашкай-самарубкай улева — зноў жа будзе табе дарога. Куды б ні пусціў ты свайго каня, толькі крыкні: «Сіўка-бурка, стань перада мной, як ліст перад травой»,— адразу ён з'явіцца да цябе. А калі будуць табе патрэбны грошы, то патрасі кашалёк, і пачнуць сыпацца чырвонцы.

Падзякаваў Партупей Прапаршчык чарадзея, сеў на каня і адправіўся ў пуць-дарогу. Пераехаў праз моры і лясы і прыехаў да цара-гасудара. А там пір ішоў гарой. Спраўлялі вяселле. Алены-Прыгажуні з яго памочнікам. На гэтым піру пабывалі людзі з усяго царства-гасударства. Ужо прыходзілі апошнія, як з'явіўся Партупей Прапаршчык. Зайшоў ён на задні двор і сеў на дровы. Тут і яго клічуць на пір. Загарнуў ён руку з кальцом хустачкай і пайшоў. Прыходзіць, садзіцца за стол.

— Што гэта ў цябе з рукой? — пытаецца Алена-Прыгажуня.

— Ды вось параніў.

— Пакажы,— просіць царэўна.

Не хацелася служываму паказваць руку, але ўсе так прасілі, што прыйшлося паказаць руку.

Пазнала царэўна сваё кальцо, узяла яго за руку і павяла да бацькі.

— Вось мой вызваліцель.

Прывязалі абманшчыка да жалезнай бараны, запраглі вараных каней і пусцілі ў чыстае поле. Партупей жа Прапаршчык ажаніўся з Аленай-Прыгажуняй і пражылі яны шчасліва тры гады.

Але грызла Алену-Прыгажуню адна думка: яна, царская дачка, выйшла замуж за простага салдата.

І вырашыла яна яго звесці са свету. Успомніла яна, што яшчэ з маладых гадоў у яе быў сябра — каралёк Андрон Андронавіч. Піша яна яму пісьмо: «Дапамажы мне мужа знішчыць».

Ідзе Андрон Андронавіч вайной на Партупея Прапаршчыка. А Партупей Прапаршчык выйшаў адзін супраць усяго войска і ўзяў з сабой шашку-самарубку. Махнуў направа — палавіна войска палегла, махнуў налева — палегла другая палавіна. Сам Андрон Андронавіч ледзь уцёк.

Другі раз піша Алена-Прыгажуня Андрону Андронавічу пісьмо. Сабраў ён войска ў два разы большае. Зноў выйшаў Партупей Прапаршчык адзін з шабляй-самарубкай і зной усё войска разбіў. Тады просіць Андрон Андронавіч Алену-Прыгажуню дазнацца, у чым сіла яе мужа. Ласкамі і хітрасцямі яна выведала ў мужа тайну.

Падмяніла яна чароўную шаблю простай, а чароўную адаслала Андрону Андронавічу. Пайшоў Андрон Андронавіч зноў вайной. Выйшаў Партупей Прапаршчык з шашкай, ды не дапамагла яна яму. Падскочыў Андрон Андронавіч да яго і махнуў шашкай-самарубкай. Упаў Партупей Прапаршчык пад ногі каню. Андрон Андронавіч вырашыў яго лютай смерцю пакараць. Прывязаў да хваста конскага і пусціў у чыстае поле. Але ж конь быў чароўны. Ён выратаваў Партупея Прапаршчыка. Замчаў яго прама к чараўніку. Паслужыў ён зноў чараўніку тры гады, і даў чараўнік тры кветкі: белую, жоўтую і блакітную.

— Кінеш на мора белую кветку, на лес блакітную — і будзе табе дарога, а калі кінеш далоў жоўтую кветку — станеш канём-прыгажуном. Ды зайдзі к беднаму кавалю.

Пайшоў Партупей Прапаршчык. Ператварыўся ў добрага каня і забег у двор да беднага каваля.

Каваль узрадаваўся такому каню. Але падходзіць царскі загад весці ўсіх каней на царскі двор, цар будзе выбіраць сабе найлепшага каня. Павёў каня і каваль. Яго конь і спадабаўся Андрону Андронавічу. Купіў ён гэтага каня і прыводзіць паказаць жонцы. Жонка адразу зразумела, што гэта не конь, а Партупей Прапаршчык. І кажа яна:

— Трэба яго забіць, спаліць і па ветру развеяць.

А ў Алены-Прыгажуні і Андрона Андронавіча былі тры дачкі. Самай малодшай вельмі спадабаўся конь і стала ёй яго шкада. Прыходзіць яна на канюшню і кажа:

— Конік, конік, забіць цябе хочуць.

— Калі мяне будуць забіваць, прыйдзі і ты. Капне табе на фартушок капля маёй крыві, ты вазьмі і пасадзі пад акном. З яе вырасце залатая яблыня.

Зрабіла царэўна, як ёй казаў конь. Вырасла залатая яблынька. Глядзяць на яе ўсе — не нарадуюцца. А Алена-Прыгажуня глянула на яе і адразу зразумела, што гэта не звычайная яблынька, а Партупей Прапаршчык.

— Трэба гэту яблыньку ссячы, спаліць і па ветру развеяць.

Пабегла зноў малодшая царэўна і кажа:

— Яблынька, яблынька, цябе хочуць ссячы.

— Калі мяне будуць ссякаць, прыйдзі і ты. Упадзе табе трэсачка ў чаравічак, ты яе вазьмі і кінь у возера.

Зрабіла так дзяўчына. І ператварылася гэта трэсачка ў прыгожую залатую качку.

Выйшаў аднойчы сам Андрон Андронавіч пакупацца ў возеры. Ён ніколі не разлучаўся з шашкай-самарубкай. Бачыць — плавае ў возеры залатая качка. Распрануўся ён і зайшоў у ваду ды давай лавіць залатую качку. Вось-вось ужо паймае. Раптам узнялася качка, паляцела, ударылася аб зямлю, ператварылася ў Партупея Прапаршчыка. Схапіў ён шашку-самарубку і забіў Андрона Андронавіча і пайшоў у палац. Убачыла яго Алена-Прыгажуня, стала прасіцца:

— Не карай мяне. Я ўжо буду табе добрай жонкай.

Але ён не хацеў даваць веры словам царыцы. Не памілаваў ён яе, адсек галаву.

Калі Алена-Прыгажуня яшчэ імкнулася загубіць Партупея Прапаршчыка, то бацькі ўгаварылі яе не рабіць гэтага, саромілі. Таму яна загадала выкалаць ім вочы і пасадзіць у цямніцу.

Цяпер Партупей Прапаршчык вызваліў іх, памазаў вочы жывой вадой, і яны зноў сталі бачыць, яшчэ лепш, чым раней. Пасля гэтага ён пазваў трох царэўнаў і запытаўся:

— Хто гэта тры разы выратаваў мяне ад смерці?

Старэйшыя царэўны наперабой сталі крычаць:

— Гэта я, я.

А малодшая стаяла і маўчала.

Зразумеў тады Партупей Прапаршчык, хто яго выратаваў. Забіў ён тады старэйшых сясцёр, а малодшую ўзяў сабе ў жонкі, і сталі яны жыць-пажываць да дабра нажываць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 187-192
Крыніца: скан