epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Асілак-работнік і поп

Пайшлі бабы ў лес збіраць ягады. Там напаў на іх мядзведзь. Бабы паўцякалі ўсе, а адну маладуху мядзведзь схваціў і панёс у сваю бярлогу. Там ён яе карміў, так што прайшло з паўгода. Маладуха ад мядзведзя стала бярэменна. І так мядзведзь у яе ўверыўся, што думаў, яна ад яго не ўцячэць. Пайшоў мядзведзь шукаць харчы далёка, а маладуха ўзяла дзіця і ўцякла. Ён вярнуўся назад, палядзеў у бярлозе — яе там няма; ён следам яе пабег даганяць. Дагнаў яе ў дзярэўні. Яна ўзышла на двор — мядзведзь за ёю. Мужыкі сабраліся, увідзя, што мядзведзь прыбег на двор, абступілі і забілі яго. Муж гэтыя маладухі жаніўся на другой, і ён сказаў ёй:

— Ідзі туды, дзе круцілася і прыжыла дзіця; я цябе — кажаць,— не знаю.

Тады яны сабралі людзей, штоб рассудзілі, як маладусе жыць, патаму што мужык яе не хочаць браць. Людзі сказалі так: штоб ён зрабіў ёй хату і даў гарод, так штоб ёй можна было пракарміцца з гэтым дзіцёнкам, што яна прыжыла з мядзведзем. Так ёй і прысудзілі. Сагласіўся на гэта мужык, сагласілася і яго жонка. Пастроілі ёй хату і далі гарод, і яна жыла з гэтым дзяцёнкам так годы два. Дзяцёнак гэты выйдзе, бывала, на вуліцу гуляць з дзецьмі — дзеці як прыйдуць к яму, дык ён каторага піхнець рукою, дык той адваліцца і ўдарыцца крэпка аб зямлю. Бабы сталі к ёй прыходзіць і казаць, штоб яна не пушчала яго гуляць к іхнім дзецям, «а то ён нам, кажуць, пазаб'ець дзяцей». Адна баба кажаць, што майму дзяцёнку ўжо пяць гадоў, а твайму яшчэ два, і ён яго забіваець, як выйдзець на вуліцу.

Тады гэты малец і кажаць сваёй матцы:

— Што я буду ў цябе, мама, жыць? Пайду куды наймуся служыць.

Тады маці кажаць:

— Куды ты пойдзеш гэтакі малы?

А ён кажаць:

— Нічога, хоць хлеба кусок сабе зараблю.

І пайшоў. Па дарозе ідучы, стрэў папа. Поп кажаць:

— Куды ты, мальчык, ідзеш?

— Іду, бацюшка, кабы дзе наняцца.

— Найміся ў мяне,— кажаць поп.

— Наймуся,— кажаць мальчык.

— А чым жа цябе завуць? — кажаць поп.

— Мішам,— кажаць мальчык.

— Ну, садзіся! — кажаць поп.— Паедзем.

Мальчык сеў, і яны паехалі. Мальчык дужа быў цяжкі, што аж конь стаў пад пенай. Поп спрашываець:

— Чаго гэта наш конь пад пенай?

Мальчык кажаць:

— Гэта што мы дужа шыбка едзем.

А яны і ехалі ціха. Поп маўчыць, думаець, што гэта праўда, а таго не ведаець, што мальчык гэты быў дужа цяжак. Прывёз поп у двор яго, далі яму есць. Тады стаў казаць поп:

— Сколькі ж табе даць за год?

— Нічога не хачу ад вас, бацюшка,— кажаць мальчык,— толькі як адслужу год, дам у хрыбет раз табе, бацюшка, і матушцы раз.

Поп і сагласіўся, думае, што там гэта, калі дасць па разу ў хрыбет? А таго не ведаў, што як дасць па разу ў хрыбет, то й заб'ець; ён быў асілак, а поп думаў, што гэта просты мальчык.

Поп даець яму тапор і кажаць:

— Ідзі, Міша, дровы сеч.

А ён кажаць:

— Нашто мне, бацюшка, тапор? Я і так насяку.

Поп думаець:

— Як жа ён будзець сеч, гэткі малы?

Тады Міша пайшоў на вуліцу к дровам і возьмець палена тоўстае; як падымець яго да аб зямлю, дык яно і паламаецца на некалькі штук. Поп глядзіць у вакно і кажаць матушцы:

— Во нанялі мы сабе якога работніка, што без тапара дровы сячэць.

Гэта было зімою. Дажыдалі яны лета. Пасылаюць яны Мішу араць у поле; далі яму саху і каня і паказалі, куды ехаць араць. Міша запрог каня і начаў араць. Арэць Міша, і конь нісколькі не ўтаміўся, патаму што Міша сам больш пёр саху за каня. Прынёс поп Мішу абедаць і кажаць:

— До ўжо, Міша, араць! Адпрагай, хадзі абедаць.

Міша адпрог каня і пусціў ды як хлопнець ладонею па крыжу — конь і пакаціўся на зямлю. Поп кажаць:

— Што гэта конь паваліўся?

А Міша кажаць:

— Гэта ён качацца захацеў.

Міша сеў абедаць. Паабедаў і кажаць:

— Бяры-тка, бацюшка, саху, будзем араць.

Поп узяў саху, а Міша стаў у хамут і сталі араць. Аралі, пакуля сонца зайшло. Поп кажаць:

— Паедзем ужо ў двор, Міша.

Прыехалі ў двор, павячэралі, ляглі спаць. Бацюшка і хваліцца матушцы, што Міша дужа многа ўзараў, больш дзесяціны за дзень, і кажаць поп матушцы, што як задаў Міша каню па крыжы, так аж конь упаў на зямлю. Матушка і думаець, потым кажаць папу:

— Калі конь паваліўся ад яго ўдара, то нам як дасць у хрыбет па разу, дык і заб'ець нас. Во што мы яму здзелаем: у наш авёс ходзяць мядзведзі, дык мы яго пашлем ноччы і скажам: «Ідзі, Міша, і выгань кароў із аўса, а калі ўловіш, дык прывядзі ў двор адну карову».

Поп так і здзелаў: ноччы ўзбудзіў Мішу і кажаць яму:

— Ідзі, Міша, выгань кароў з аўса, а калі ўловіш, то прывядзі ў двор адну.

Міша ўстаў, узяў вяроўку і пайшоў кароў із аўса выганяць. Прыйшоў к аўсу, палядзіць — аж у аўсе мядзведзі. Ён як закрычаў:

— Куды ты!

Мядзведзі сталі ўцякаць, а аднаго ён улавіў да вяроўкай зачапіў і вядзець к папу. Прывёў і кажаць:

— Адчыніце, бацюшка!

Поп не адчыняець — баіцца. Тады ён як стукнуў нагою ў вароты — вароты адчыніліся, і як стаў цягнуць ў двор, а мядзведзь як упёрся лапамі ў шулы, аж шулы вывернуліся і забор зарыўся, а ў бацюшкі з матушкай аж гніды падохлі. Яны думалі, што ён з мядзведзем увесь двор зарыець. А Міша кажаць:

— Бацюшка! Дзе ж мне карову паставіць?

— У пуню пусці.

Міша прывязаў кароў (мядзведзя) і прыйшоў у комнату і кажаць:

— Матушка, ці даілі ж вы карову? Ідзіце даіць!

— А няхай так будзець,— кажаць матушка.

Бацюшка з матушкай надумаліся і кажуць:

— Ідзі ў мельніцу ўначы, там ёсць у дзесяцінніка і сышчы грошы, сто рублёў, а не аддасць ён грошай, дык ты прывядзі яго самога к нам.

А ў гэтай мельніцы днём малолі людзі, а ноччы — чэрці. Міша пайшоў у самую поўнач і кажаць:

— Адчыніце!

Чэрці не адчыняюць. Тады Міша як дасць нагою ў дзверы — дзверы атварыліся, ён вайшоў, а чэрці сталі разбягацца. Ён аднаго ўхваціў і кажаць:

— Гэта ты дзесяціннік гэтай мельніцы? Давай грошы! Бацюшка казаў.

Чорт маўчыць. Тады Міша павалок чорта к бацюшку. Прывёўшы, Міша кажаць:

— Я прывёў дзесяцінніка, дзе яго дзець?

— Скажы, няхай ідзець у пуню, пакуль я ўстану.

Міша павёў чорта ў пуню і прывязаў к мядзведзю, а сам лёг спаць. Бацюшка назаўтра ўстаў, палядзеў у пуню — аж там мядзведзь і чорт прывязаны за стоўб. Бацюшка відзіць, што нічога не зробіш з Мішам, стаў саветывацца з матушкай, што б з ім зрабіць, а год ужо канчаецца. Матушка гаворыць:

— Вот што мы з ім зробім: напішам яму бумагу, дадзім каня і цялегу і скажам яму: едзь, Міша, к гасудару і палучыш ты там наша жалаванне васемсот рублей, і тагды, пакуль ён прыедзець, мы выедзем у другое места, і ён нас не найдзець тут, як прыедзець назад,— гэтак мы і спасемся, можа, ад удара ў хрыбет.

Поп прызывае Мішу і гаворыць так:

— На табе бумагу, бяры каня і цялегу і едзь к гасудару; там ты палучыш нам жалаванне васемсот.

А Міша не браў ні каня, ні харошай цялегі, а ўзяў старыя калёсы, што навоз вазілі, запрог мядзведзя ў корань, чорта на прысцяжку і пакаціў к цару. Едзець ён прама пад крыльцо гасудара. Часавыя далажылі гасудару, што прыехаў малец на мядзведзю і чорту і хочаць іці прама к вам.

Цар сказаў:

— Спрасіце ў яго, чаго ён прыехаў?

А ён гаворыць:

— У мяне бумага ад папа, штоб я палучыў жалавання васемсот.

Часавыя ўзялі бумагу і панеслі гасудару. Гасудар прачытаў бумагу, адсчытаў васемсот, даў часавому і гаворыць:

— Аддай яму і скажы, штоб ён скарэй ехаў.

Міша, палучыўшы грошы, вярнуўся назад. Прыехаўшы к папу, ён узяў мядзведзя і чорта схаваў за асець, а сам прыйшоў у двор і відзіць, што поп сабраўся выязджаць: злажыў усё на вазы свае ўжо і пайшоў прашчацца з роднымі. А Міша ўзяў на вазу адзін мяшок, у каторым былі сухары, сухары ён некуды вытрас, а сам улез у тэй мяшок і ляжыць. Коні былі запражаны. Бацюшка з матушкай прыйшлі, селі на вазы; матушка села на тэй мяшок, у каторым быў Міша, і паехалі. На дарозе Міша стаў трашчаць. Матушка падумала, што ў яе ламаецца вось; яна стала казаць бацюшку:

— Бацюшка! У мяне нешта трашчыць; ці не вось хоча зламацца?

Поп прыйшоў і кажаць:

— Што ты выдумала?

А Міша як зашавяліўся ў мяшку, дзе матушка сядзела, так матушка саскочыла з калёс. Яны развязалі мяшок, палядзелі — аж там Міша.

— Ці ты тут? — кажаць поп.

— А каму ж я там буду служыць,— кажаць Міша.

А поп змоўчаў. Матушка тады села з бацюшкам і паехала напярод, а Міша за імі. На дарозе поп стаў гаварыць матушцы:

— Мы астанемся начаваць ля гэтага возера і паложым Мішу пасярод сябе. Як ён заснець, я табе падам руку пад Мішу, а ты мне сваю і ўкінем яго ў возера.

Міша гэта ўсё чуў, услед едучы. Прыехалі яны к возеру, адпраглі коней, селі, павячэралі і ляглі спаць, а Мішу палажылі пасярод.

Матушка з бацюшкам як ляглі, так і заснулі, а Міша не спаў. Ён перайшоў на край, а бацюшку на пасяродак палажыў к матушцы, а сам ляжыць ціха, яны ж спяць. Праснулась матушка і падаець пад бацюшку руку Мішу. Міша ўзяў матушку за руку і ўкінулі бацюшку ў возера. Тады Міша і кажаць:

— Во як яму, матушка! Было не ехаць к возеру начаваць. Матушка і гаворыць:

— Ці гэта ты, Міша?

— Я, матушка.

Яна села з Мішам і паехала абратна туды, дзе былі ўпярод. Слаўны быў Міша.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 337-342
Крыніца: скан