epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Асілак

Жылі сабе дзед да баба. Жылі яны ў згодзе: любіліся-кахаліся ўсё жыцце. Разам гаравалі, працавалі, разам аддыхалі. І былі шчаслівыя, толькі ў адном не даў бог ім уцехі — пражылі ўвесь век і не малі дзяцей.

— Хто нам на старасці вады падасць? — часта гаварыла баба й хвартухом уцірала слёзы.

— Не плач, бабо,— разважаў яе дзед,— ніхто, як бог. Ён міласлівы, мо яшчэ й парадуе нас на старасці.

Баба пакідала плакаць і ціхенька смяялася. Бывала, яе вочкі блішчаць ад радасці, дармо, што твар, бы ралля, увесь зморшчыўся. Ведама, чалавек ніколі не кідае надзеі на шчасце, бо без надзеі нельга жыць на свеце. Часта маладзіцы прасілі бабу, каб яна бабіла ў іх дзяцей. Але баба ўсё адпіралася, бо ведама, яна баялася, што як родзіцца ў яе дзіця, то яго будуць зваць бабічам да пасміхацца.

От раз дзед быў на гумне, а баба ўхаджалася каля печы, пякла аладкі. Толькі ось клубок агню ўскочыў праз вакно да й качаецца па хаце. Спалохалася баба, не ведае, што рабіць. Качаўся-качаўся клубок агню да й падкаціўся бабе пад ногі. Баба ўхвацілася за падол, але чуе — штось у яе паміж ног шалпоча. Не паспела баба ачухацца, як чуе, што ў яе штось залезла да й варушыцца ў лане**. І стала бабе так добра, што яна аж прысела. Млосць узяла бабу. Дацяглася яна да полу да й прылегла. Ці доўга, ці мала яна ляжала, толькі ось ачухалася трохі да й дзівіцца, што б гэта было.

Толькі ось зажадалася бабе, як жывое вады, то асяленца, то тарана, то оцту. Заганяла яна дзеда, каб ён даставаў ёй усё, чаго яна пражэцца. Пачала баба гаварыць маладзіцам, чаго ёй жадаецца, а тыя й кажуць, што гэта на маладое. Пасміхаюцца маладзіцы з старое бабы, а яна ўсё не верыць. Але ось жывот пачаў круглець. Паверыла баба, што яна чараватая, й рада, бы на свет нарадзілася.

Але ось і радзіўся ў яе такі гожы хлапчук, што ўсе й надзівіцца не могуць. Узялі яго бабіць; бачаць, аж у яго тры чортавы рабра. От батцэ абручы так і тырчаць. Падзівіліся бабы да й кажуць, што мабыць гэта будзе асілак. От расце хлапчук да сілы набіраецца. І скора ён стаў такі дужы, што яго ні адзін самы здаравенны мужчына не мажэ пабароць. Вырас асілак, вабраўся ў сілу й давай ён збірацца ў свет. Як ні ўпрашалі дзед з бабаю, каб ён не пакідаў іх на старасці,— куды там.

— Няма чаго мне тут з вамі сядзець да курэй заганяць. Я пайду шукаць варагоў і ці сам загіну, ці варагоў загублю.

Няма чаго рабіць — прыбралі дзед з бабаю свайго сынка ў вялікую дарогу й з плачам правялі яго за сяло. Тут яны папрашчаліся й вярнуліся да гасподы, бо далей не маглі йці,— вельмі ўжо былі старэнькія. [У]вайшоў Асілак — так яго ўсе называлі — у цёмны лес да так засвістаў, што аж лісце пасыпалася. Спалохаліся пташкі, пахаваліся ў веткі або ў лом. Спалохаліся дзікія звяры, пахаваліся, хто куды мог. Жыло ў гэтым лесе сем братоў, сем разбойнікаў. І ніхто не смеў прайці або праехаць праз той лес. Жылі яны там і нікога не баяліся. От пачулі разбойнікі той свіст і пайшлі проста на Асілка. Тым часам Асілак выйшаў на парасельку1, наклаў агню, сядзіць сабе да на ражэньчыку пячэ сала. Тут яго разбойнікі й абступілі адусюль.

— Якія вы людзі й што вам трэ? — пытае Асілак.

— Хто ты такі, што пасмеў прыйсці ў наш лес? — пытае старшы разбойнік.

— Хто я — пазнаеш, як памераешся са мною сілаю, а лес не твой, а божы... Бог даў лес на патрэбу ўсім людзям.

— Гэта наш лес; гэта наша панства. Мы тут ту**бальцы2 з даўніх час.

— Вы разбойнікі. Вы разбоем запанавалі гэтым лесам. А я прыйшоў, каб адабраць у вас божую пушчу й даць усім людзям.

— Гэ, які ты моцны! Давай перш паборамося, хто з нас дужэйшы.

— Давай.

Узяў старшы разбойнік залезную булаву ў дзесяць пудоў і стаў перад Асілкам. Асілак азірнуўся кругом, бачыць — непадалечку стаіць вялізазны дуб, што ўтрох не абняць. Ухваціў гэта Асілак таго дуба да й вырваў з карэннем.

Убачылі тое разбойнікі, спалохаліся й давай прасіцца, каб ён не губіў іх.

— Будзь у нас старшым, і тады мы ўсім светам запануем.

— Не,— кажа Асілак,— не затым я прыйшоў, каб светам панаваць, а затым, каб аслабаніць свет ад паноў, бо ўсялякі чалавек сам сабе пан. А хто хоча быць панам над другімі людзьмі, той мой вораг.

І давай тыя сем братоў, сем разбойнікаў прасіцца, каб Асілак узяў іх к сабе ў таварышы.

— Добра,— кажа Асілак.

І пайшлі яны разам. Ідуць сабе яны да йдуць ад аднаго сяла да другога. І ўсюды Асілак усё адно кажа, што ўсе людзі самі сабе паны, што ўсё бог даў на патрэбу ўсім людзям. У яго адна прымоўка была. Ён яе заўжды гаварыў: «Еш хлеб і людзям дай» і «Жыві, спажывай, да людзей не ўжывай». Ведама, хто любіць кусацца, то й таго другія кусаюць.

І пачаў Асілак навучаць, каб людзі жылі ў згодзе да ў ласцы.

— Тады,— кажа,— ніякае ліха з імі не справіцца, бо згодная грамада, бы адзін вялікі чалавек, вялікі багатыр, дужэйшы ўсіх багатыроў.

Пайшла тая прачутка па ўсяму свету. Спужаліся паны й давай лавіць Асілка. Доўга яны шукалі яго да ўсё не маглі знайці. Але ось тыя сем братоў, сем разбойнікаў захацелі самі быць панамі, от яны згаварыліся й выдалі Асілка. Паны рады, называюць разбойнікаў сваімі братамі, чапкуюць перад імі й даюць ім маёнткі, многа грошай і ўсялякага дабра. Давай гэта разбойнікі падмаўляць людзей, каб яны выдалі мяцежніка Асілка. Адных падмовілі, другіх застрашылі, а трэціх падпаілі. Ведама, заўжды многа знайдзецца дурных людзей, што яны гатовы самі ў вяроўку лезці. Яны й сказалі панам, дзе жыве Асілак. Набралі гэта паны маскалёў3 і напалі на Асілка. А ведама маскаль. Яму як прыкажуць, та ён і роднага бацька зарэжа. Асілак тым часам нічога не ведаў і лёг на супачынак. Тут маскалі напалі на яго, скрампавалі вяроўкамі й вядуць к панам. Сабралося многа людзей. Шкода ім Асілка, да няма чаго рабіць. Не магуць адабраць у маскалёў добрага чалавека. Вядуць маскалі Асілка ў двор, а людзі цягнуцца ззаду. Мужыкі маўчаць, апусціўшы голавы, а бабы плачуць да божкаюць: «На каго ж ты нас пакідаеш? Хто ж нам скажа добрае славечка?»

Тым часам сабралося паноў, што хаць гаць гаці да па галавах хадзі. Бы ваўкі над падлам завылі, што Асілка злавілі. Смяюцца, жупяць, рукі паціраюць да якую прыдумаць кару выбіраюць. Адзін кажа — шкуру з жывога садраць; другі кажа — ганталёў у цела назаганяць; трэці кажа — павесіць за язык, каб увесь свет знаў, што пан, та не мужык; чацвёрты кажа — язык адрэзаць да ногі перабіць, каб не мог па свету хадзіць, не мог гаварыць да людзей вучыць. Пакуль яны крычалі да кару прыдумлялі, Асілак страпянуўся, вяроўкі парваў да й да людзей сказаў:

— Браткі, калі б паноў чорт узяў, то б свет бяды не маў, а без гарапашнікаў мужыкоў не было б ні хлеба, ні асьмакоў. А каб гэтае ліха зламаць, трэ[ба] усім як адзін чалавек стаць, не грызціся праміж сабою да ад варагоў бараніцца гурбою.

Так сказаў Асілак і знік, толькі клубок агню з таго месца пакаціўся па зямлі. Спалохаліся паны й маскалі, стаяць да дрыжаць. Ачухаліся яны, азіраюцца, бы ваўкі ў ваўкаўні. А Асілак, кажуць, і да тых час па свету гуляе да людзей навучае. Але ведама, мужыкі дурныя праміж сабою грызуцца, перад панамі-варагамі гнуцца, самі сябе за губы трымаюць і дабра не маюць. Але пэўне, хутка тое будзе, што кожын сам сабе панам будзе. Усе людзі будуць роўна гараваць, будуць роўна панаваць.

1 Параселька — памянш. ад. парасля — малады сасоннік.

2 Тубальцы – мясцовыя жыхары, тутэйшыя.

3 Маскаль – салдат.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 331-334
Крыніца: скан