epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Баранчыкі-панічыкі

Было сабе дзвёх сёстраў: менша была надта хароша, а старша не такая. Ну, аднаго разу тая менша кажа:

— Буду я мела двох сыноў мудрых: месяц у лобе, зорка ў патыліцы і адзін валасок сярэбраны, другі залаты.

Ажно акуратне пачуў гэта кралевіч, ну, і ажаніўся з ею.

У рок ці ў два паехаў ён недзека на вайну, ці куды, а яна без яго мела сына. А была пры ёй сястра на той час, так яна, завідуючы ёй, узяла палажыла голуба, а дзіця панясла ў кусты да й закапала.

Ну, як прыехаў кроль, так яна давай то казаць:

— Бачыш,— ка[жа],— яна казала, што будзе мела сына такога і такога, а тут заміж сына голуб.

Але кроль такі дараваў жонцы гэта.

Неяк у рок ці ў два зноў паехаў недзе, а яна як на тое зноў прывяла дзіця, а сястра то, узяўшы, палажыла шчаня каля яе, а дзіця закапала ў тое сама месца.

Прыехаў кроль, як даведаўся, што мела шчаня, нат не хадзіў ужэ да яе, адно казаў яе прагнаць з дому, каб яна і не смярдзела.

Перагналі яе ў пушчу, была яна там рок ці два, ажно аднаго разу бегла гавечка, ухапіла кветачку з магілы, дзе тыя хлопчыкі ляжалі, да й то пабегла. Яна то бегла, бегла, да й узяўшы, акацілася, а тыя баранчыкі, за ёю бегучы, паперакідаліся панічамі. Так то тады пашукалі сваю даўнейшу мацеру і давай ёй расказваць:

— Бегла,— кажуць,— гавечка, ухапіла з магілы нашай кветачку, як пабегла, так пабегла і акацілася; тыя баранчыкі за ёю як пабеглі, так пабеглі, ажно з баранчыкаў зрабіліся панічыкі і от,— кажуць,— мы есць. Цяпер хадзем, мамо, пашукаем татка.

— Няхай яго спруціць! Я,— ка[жа],— не пайду да яго.

Так то яны самі пабеглі. Прыбеглі тут, ажно іх не пушчаюць, яны такі ўпрасіліся, пайшлі да кроля да й просяцца нанач. Кроль кажа:

— Для вас тут месца німаш,— але-такі, паміргаваўшы крышку, пазволіў.

Яны пераначавалі, прыходзяць да кроля і кажуць:

— Няхай кроль нам пазволіць у гарэшкі паграць.

Так кроль:

— Добра, паграйце.

Прынеслі яны каробачкі з гарэхамі, паселі на зямлі да й кажуць:

— Два гарэшкі ў кораб: было дзвёх сёстраў. Два гарэшкі ў кораб: адна мела мець двох сыноў. Два гарэшкі ў кораб: месяц у лобе, зорка ў патыліцы. Два гарэшкі ў кораб: пайшла яна замуж і г. д. Два гарэшкі ў кораб: як пабеглі, так пабеглі, сталі панічамі.

Тады пазнімалі шапачкі, падышлі да кроля да й кажуць:

— Кролю, ты наш оцец, цётка нас закапала, а палажыла голуба да й шчаня заміж нас, а мацеру нашу оцец прагнаў, яна, бедна, сядзіць у пушчы.

Тады кроль казаў пашукаць жонку і прывясці, а сястру жончыну казаў на жалезныя бораны разадраць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 323-325
Крыніца: скан