epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Басня пра бараньку

Жыў-быў старык са старухай. Была ў іх дачка і мальчык быў. Памерла старуха, ажаніўся бацька з другой, а ў яе была свая дачка. Узяла яна і выгнала гэтага мальчыка і гэту дзевачку.

— Ідзіце вы ў свет ужо. Мне і так хватаець карміць сваю. А дзе я вас буду карміць?

Вот пайшлі яны, ідуць, ідуць і далёка ішлі ў свет, можа дзе жабруюць, можа дзе пойдуць на службу стануць. Ён ідзець, ідзець і кажаць:

— Марыська, Марыська,— яна звалася Марыська,— Марыська, сястрычка, мне надта піць хочацца, я хоць з кароўяга капытка пап'ю.

Яна кажаць:

— Не пі, брацетка, бо абернешся кароўкай.

Ідуць, ідуць яны. Ён узноў просіцца:

— Марыська-сястрыца, у свіном капытку нап'юся, гэдак мне піць хочацца.

Яна:

— Не пі, братка, абернешся свінкай.

Ішлі, ішлі яны, ішлі, ён узяў барані капыток найшоў і напіўся ціханька. Глядзіць яна назад, ляціць баранька. Яна кажаць:

— А што, брацетка, я табе казала: «Не пі з баранняга капытка, бо абернешся баранькам».

Ну што, ідуць, ідуць — стаіць хатка на полі. Зайшлі ў гэту хатку, кросны стаяць у гэтай хатцэ. Села яна ткаць, ён цэўкі сучыць. Ехаў па дарозе кароль.

— Што такое, ехалі туды, агню не было ў гэтай хатцы, назад — агонь гарыць?

Зайшоў ён паглядзець, што такое. Бачыць — дзеўка тчэ, надта стройная дзеўка ўжо, а баранька цэўкі сучыць. Яго так зацікавіла. Ён тады кажаць:

— Я вас забяру к сабе.

Яны расказалі, як ужо мачаха выгнала іх вон. Забраў ён іх к сабе. Узяў з ёй і ажаніўся, з гэтай дзеўкай. А баранька стаў тожа ў іх слугой, і там баранькай і жывець. Прыйшло яму, каралю таму, узноў на вайну ехаць. Паехаў ён на вайну, асталася яна. Нарадзіўся ў яе мальчык. Прыехала мачаха, дазналася мачаха ейная, што ў яе мальчык нарадзіўся. Прыехала, і вот яна ў яе пабыла, пабыла троху, тады кажаць:

— Нада табе ісці ў баню памыцца. Я цябе завяду ў баню памыцца.

Падвяла яна яе ў баню мыцца, вымыла, вымыла ў бані, тады кажаць:

— Нада ўжэ і пакупацца.

Усадзіла яна яе ў раку, стала яна купацца, а яна яе мыець і кажаць:

— Абярніся, абярніся шчукай-рыбай, абярніся шчукай-рыбай, абярніся шчукай-рыбай!

Яна шух! і абярнулась і паляцела ў возера, гэта ўжо царыца гэта. Мачаха прыйшла дамоў, надзела сваёй дачцы адзежу ейну, і стала ж ужо ў хаце царыцай быць. А як заплачаць гэты мальчык, тады баранька схваціць яго і панясець да возера і крычыць:

— Марыська-сястрычка, маладзён плачаць, сіскі хочаць.

А яна адзываецца з ракі:

— Іду, бягу па каменечку, па паленечку, раса вочкі выядаець, пясок ножкі раз'ядаець, іду, бягу памаленечку, па каменечку.

Вот яна прыляціць, рыб'ю шкуру з сябе скідзель. Січас пасосіць і шух! узноў паляцела ў возера. Гэтак усё ён насіў. Прыехаў гэты цар, прыехаў цар, ну і ўзноў заплакаў хлапец, ён узноў панёс туды, усё носіць. Ён не пазнаў, што гэта другая ў яго жонка. Ну і жывуць яны, жывуць, тады яна:

— Мне надаела гэтага барана глядзець, не хачу яго глядзець, нада яго зарэзаць.

Дык цар кажаць:

— Ну як жа ты яго зарэжаш, свайго брата, як ты яго зарэжаш? У нас бараноў ёсць поўна, давай зарэжам другога.

— Не,— кажа,— хачу гэтага зарэзаць.

А яна баялась, каб цар не дазнаўся, што ён усё лётаець да яе, да сястры гэтай. Ну вот, ужо нажы памылі, карыты памылі, нажы навастрылі і ўжо прыбіраюцца яго рэзаць. Паляцеў ён да гэтага возера, стаў:

— Марыська-сястрыца, прыбіраюцца мяне рэзаць, ужо ножыкі павастрылі і карыцеткі памылі.

Дык яна:

— Скажы свайму пану, майму мужу, няхай шоўкаў невад пашыюць, шчуку-рыбу ўловяць.

А парабак ляцеў укопам слухаць, што такое, чаго ён да ракі, чаго ён ляцеў, і чуець, нешта ён гаворыць. Укопам гэта ўсё паслухаў, што яна гаворыць гэтак ужо. Прыйшоў дамоў і сказаў гэтаму ж ужо цару. Цар скарэй паляцеў сам слухаць. А ён усё просіцца, усё просіцца ў яе:

— Марыська-сястрыца, прыбіраюцца мяне рэзаць, ужо ножыкі павастрылі і карыцеткі памылі.

Яна ўзноў гэтак сказала:

— Скажы свайму пану, майму мужу, няхай шоўкаў невад пашыюць, шчуку-рыбу ўловяць.

Глядзь ён січас, пашылі шоўкаў невад і паехалі рыбу лавіць. Прыляцелі. Як запусцілі, дык адразу і злавілі вялікую рыбіну, вынімаюць, аж ён глядзіць: гэта ягоная жонка ў гэтай рыбе. Вот яны яе січас прывезлі дамоў, абмылі, адзелі. А баранчык рад, лётаець, аж пяець, аж танцуець. Гэта ж жарт! А мачаха нічога не знаець гэта. А мачаху ўзялі да конскіх хвастоў прывязалі, разарвалі ўсю. А ён стаў жыць-пажываць з ёй і дабра нажываць. І баранька жыве з імі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 263-265
Крыніца: скан