epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Басня пра чарта

Жыў-быў паляўнічы. Пайшоў ён раз на паляванне, пайшоў ён на паляванне, і захацелася яму піць. Прыйшоў ён да возера, стаў ён ваду піць, а нехта за бараду, нехта з возера. Ён кажаць:

— Пусці.

— Не пушчу.

— Пусці!

А ён кажаць:

— Не пушчу.

— Што ты хочаш, я табе тое дам, толькі пусці.

Ён кажаць:

— Тое мне дай, што ты дома не пакінуў.

Ён думаў, думаў: «Што ж я дома не пакінуў?»

Толькі ж не пакінуў дома ўсяго стрэльбу, стрэльба пры ім.

— Стрэльбу,— кажаць,— аддаць?

Ён кажаць:

— Не, не стрэльбу, тое, што ты дома не пакінуў.

— Пусці, аддам.

Сказаў ён яму, што аддасць. Пайшоў ён. Прыйшоў ён дамоў, а ў жонкі нарадзіўся сын. Ай-яй-яй, ходзіць, як зарэзаны, гэты чалавек, прама бядуе, не знае, што рабіць ужо. Нада аддаць сына. Падходзіць, а сын гэты стаў расці не па днях, але прама па часах — як час, так яму год, як два, так яму ўжо два гады. Ну, вырас гэты сын сільна ж ужо вялікі. Завець яго бацька і кажаць:

— Мой ты сынок, прыйдзецца табе пайсці да чарта. Я цябе абяшчаў гэтаму чарту аддаць.

— Ну, нічога не паробіш,— сын кажаць.

Папрашчаўся дома. Плакалі-плакалі, плакалі-плакалі, папрашчаўся ён, пайшоў. Ідзець, ідзець, глядзіць ён: возера. У возеры купаюцца тры дзеўкі. Паглядзеў ён, паглядзеў, каторая самая страйнейшая дзеўка. Ён у яе сільна ўлюбіўся, у гэту дзеўку. Улюбіўся ён у яе і ўвідзеў, дзе яна раздзявалася, дзе яна адзежу сваю клала. Узяў ён гэту адзежу ейную і схаваў. Вот яны пакуль выкупаліся, прыляцелі надзявацца — нету адзежы. Вот яна сюды-туды — нету. Гэтыя надзеліся і паляцелі, а яна адна асталася. Што рабіць? Яна ў плач кінулася. Ён падходзіць да яе і кажаць:

— Я тваю адзежу ўзяў, у мяне твая адзежа.

Яна кажаць:

— Куды ты ідзеш?

Ну, ён сказаў:

— Куды я іду, да чарта іду. Мяне бацька аддаў яму, дык я мушу да яго схадзіць, бо калі яму не аддадуць сына, то ўсё роўна ён прыйдзець і задушыць нас, усіх у хаце падушыць.

Дык яна кажаць:

— Ты як прыйдзеш у хату, у сені, глядзі не йдзі пасярод у сенях, толькі ідзі беражком, бо як ты ўступіш на ягоны след, дак ён цябе адразу задушыць.

Ну, пагаварыў ён з ёй, яна яму расказала, як ісці да чарта. Аддаў ён адзежу, яна адзелася і паляцела дамоў. Паляцела яна дамоў, прыляцела. Ідзець і ён, ідзець у сені. Ідзець ён каля сцяны. Прыходзіць:

— Здрастуйце.

— Здрастуйце,— чорт кажаць.— Ну што, прыйшоў на работу?

Ён кажаць:

— На работу прыйшоў.

— Ну вот я табе січас загадаю работу. Там ёсць возера, ты ішоў каля яго. відзеў?

— Відзеў.

— Гэтае возера нада высушыць і ўзараць, і пасеяць пшаніцу, і зжаць, і змалаціць, і спячы булку хлеба мне і прынясці мне акурат, і прынясці акурат, а еслі ты гэта не зробіш, то я тады цябе задушу.

Ну што, пайшоў гэты, узяў каня з гліны, саху з гліны — усё глінянае, плуг, усё з гліны. Як стаў араць, разваліўся конь, разваліўся плуг — усё развалілася гэта. Ну, і што яму тады рабіць — сеў і плачаць. А там кажуць, у чарта таго:

— Нада нясці снедаць яму. Ну, хто панясець?

Яна ўжо шчык:

— Я панясу.

Панясла яна снедаць. Прыходзіць, а ён сядзіць і плачаць.

— Чаго ты плачаш?

— А як жа мне не плакаць: конь разваліўся, усё паразвальвалася, саха развалілася, і ўсё паразвальвалася, і я не маю, што рабіць.

Яна кажаць:

— Ціха, не плач, пад’еш.

Пад’еў. Узяла яго ў галаве шукаць. Цярэбіць, цярэбіць галаву, узяў ён і заснуў. Заснуў ён, а яна як свіснула, дык наляцела чарцей! Усё возера ўзаралі, высушылі гэта возера і пшаніцу пасеялі, і зжалі гэту пшаніцу, і булку гэту акурат спяклі і прыняслі і палажылі пры ёй гэты курачок1. Ляжыць гэты курачок ужо. Ляжыць гэты курачок хлеба пры ім. А сама пайшла, пайшла і кажаць:

— Цяпер не йдзі, прыйдзеш увечара да мяне.

Ну добра, вот прыйшла яна дамоў.

— Ну, як там работа ідзець?

— Нічога, добра работа ідзець. Работаець ужо гэты.

Харашо. Прыходзіць дамоў, прыносіць булачку хлеба, гэты самы ўжо курачок прыносіць.

— Ну, маладзец, добра зрабіў. Цяпер назаўтра я табе яшчэ работу загадаю. Яшчэ камень там ёсць вялікі, вялікі камень. З гэтага каменя мусіш зрабіць палац, харошы палац штоб зрабіў.

Даў яму малаток з гліны, даў яму далато з гліны, усё з гліны яму даў.

— А не зробіш — я цябе задушу.

Пайшоў ён зноў. Як стукнуў малатком — малаток разваліўся, далато зноў глінянае ўсё паразвальвалася. Сеў ён і зноў плачаць. Тады яна прыходзіць узноў, есці яму прыносіць. Узноў сказалі ёй нясці есці. Прынесла яна есці.

— Ну, што ж у цябе здзесь?

— Нічога, відаць, ён мяне задушыць. Усё паразвальвалася: і малаток разваліўся, і далато развалілася, усё паразвальвалася, нічога няма.

— Ну, ціху, не плач, пад’еш.

Пад’еў ён. Села яна, узноў ён задрамаў. Яна зноў як свіснула, узноў чарцей як наляцела! Гэты камень разбілі, палац зрабілі, красівы-красівы палац. Праснуўся ён узноў, чарцей нікога не стала. Палац стаіць перад ім красівы. Яна кажаць:

— Прыйдзець бацька ўвечара палацу гэтага глядзець. Ты глядзі. Ён будзець пытацца, дзе тут вугол вышэйшы, а дзе ніжэйшы. Кажы: «Трошку адзін вугол правы ніжэйшы».

Прыходзіць бацька:

— Ну, дзе тут вугол адзін ніжэйшы? Не знаеш ты, каторы?

— Правы, знаю.

— Ну, добра, цяпер пайдзём дамоў.

Яны дазналіся, што гэта ўсё рабіла яна, не ён рабіў. Вот яны надумалі абаіх іх задушыць. Палажылі яны спаць іх увечары абаіх. А яна знаець, як яна чарціха, так яна знаець, што яны думаюць, іхныя мыслі. І вот яна тады зрабіла такія ўсходцы. Вот яны лягуць спаць, пытаюцца тыя:

— Ці спіцё вы? — матка пытаецца з бацькам.

А ўсходцы адказваюць:

— Не яшчэ.

Усходцы гэтыя гавораць, а яны сабраліся і ходу, гэтая дзеўка і дзецючок, і ўцякаюць. Паляцелі яны, ішлі, ішлі, далекавата зайшлі ўжо, усходцы сціхлі. Матка як пачула: «Ці спіцё вы?» — маўчаць:

— Ай, скарэй хватай нож, рэж іх.

Ускочыў гэты чорт скарэй, хацеў зарэзаць, а іх ужо нету. Яна:

— Толькі цяпер гаварылі, ляці скарэй, недалёка, іх дагоніш.{даго-

ніш.}

Як паляцеў гэты чорт бягом даганяць. Чуець яна, зямля дрыжыць. Кажаць:

— Ай-яй-яй, ляціць мой бацька, даганяець і задушыць ён нас.

Абярнулась яна цэрквай, а яго папом і кажаць:

— Ты хадзі па цэркві, нічога не адзывайся, толькі ціханька свенці і свенці цэркву.

Прылятаець, астанавіўся чорт гэты:

— Поп, поп, ці не відзеў пары людзей? Поп, поп, ці не відзеў пары людзей?

Нічога не гаворыць, толькі ходзіць, свенціць і свенціць гэту цэркву. Папытаўся, папытаўся і паляцеў гэты чорт узноў. Прылятаець і кажаць:

— Нікога не дагнаў, толькі адна цэрква стаяла на дарозе і поп у цэркві свенціць, нічога мне не сказаў.

— Дурак ты, гэта ж ён папом, а яна цэрквай. Ляці, рэж гэтага папа.

Паляцеў ён узноў. Яны ўзноў абярнуліся і зноў пайшлі дарогай. Ідуць, ідуць, чуець яна, узноў зямля дрыжыць. Кажаць:

{Кажаць:

}— Ай-яй-яй, бацька ляціць узноў за намі, што рабіць? Цябе абярну я чупчыннікам, а я — кветачкай. І глядзі, калі ён будзець лавіць гэтую кветачку, ты не паддавайся, каб ён ніяк кветачкі не ўлавіў, а як зловіць, то зноў ён нас задушыць тады.

Прыляцеў чорт, лавіў, лавіў ён гэтую кветачку, ніяк не злавіў. Абкалоўся, рукі, ногі ў кроў, чуць жывы, і паляцеў. Прылятаець узноў да яе:

— Знаеш што, толькі найшоў на дарозе кветачку, ну куды ж, я абкрывавіўся, кроў ліецца цурцом.

Яна кажаць:

{кажапь:

}— Дурак ты, гэта ж яна кветачкай, нада лавіць як-небудзь.

Паляцела яна, паляцела сама ўжо. Ну, ляціць. Чуець яна:

— Ой, матка ляціць, яна ўжо нас падушыць. Што рабіць?

Абярнулася яна ракой, а яго — селязнём.

— І глядзі, ты к берагу не падплывай, нізашто, усё пасярод плыві, пасярод, бо яна цябе зловіць, а зловіць, то табе ўжо канец будзець тады.

Ну, прыляцела, січас яна пазнала, што гэта дачка абярнулася ракой. Лавіла, лавіла, лавіла, лавіла яна гэтага селязня, не злавіла. Выняла тры пары арэшкаў і кажаць:

— Вот табе, мая дачушка, на пасагу, нічога ўжо, мы цябе не заб’ём, не зарэжам, ужо ты ад нас адышла. Жывіце вы ўжо. Гэта табе пасаг,— тры пары арэшкаў палажыла яна і паляцела яна, ужо сама матка.

Усталі яны і пайшлі ў свет. Ідуць, ідуць — чыстае поле, палянка. Разбіла яна адзін арэшак — палац стаў, красівы дом, разбіла другі арэшак — коні сталі, усё, каровы. Ну, і жывуць яны. І тады трэці арэшак разбіла — ежы, чаго хочаш. Сталі яны багата жыць. Хочацца яму да бацькі да свайго, каб бацька пазнаў, што ён жывы ёсць. І кажаць:

— Знаеш што, з’езджу я да свайго бацькі.

Яна кажаць:

— Ай, як ты паедзеш, ты мяне кінеш, не будзеш ты са мной жыць. Я сваіх бацькоў кінула, цябе выратавала. А ты кінеш мяне.

— Не, не кіну.

Паехаў. Прыехаў, бацька рад, сталі цешыцца, радавацца і сталі яго жаніць тамака ўзноў з другой дзеўкай.

А яна, чарціха, пазнала, што ён жэніцца. Вось і селі яны за стол з другой маладой прыбраўшыся. Чарціха січас разбіла гэты арэшак узноў — пара коней, села і паляцела ў пагон. Прылятаець, а паднялася бура, вея, света не відаць боскага. Яна ў парозе стаіць. Яна відзіць яго і ён відзіць яе, а яе ніхто не відзіць. Вот яна міргнула на яго, вызвала яго к сабе і кажаць:

— Як ты не паедзеш ка мне, усё роўна я задушу цябе.

Ён кажаць:

— Я не вінават, бацька мяне стаў жаніць, каб я цябе кінуў.

— Ну, дык садзіся на коні і паедзем, а калі не паедзеш, я задушу, усё адно задушу.

І паехалі. Уцёк ён адтуль з вяселля, а буру яна дала, вею, што света не відаць. А на вяселлі маладога не стала. Выйшаў на вуліцу і няма. Сталі шукаць. Шукалі, нідзе маладога не знайшлі, а ён завярнуўся і прыехаў з ёй і ўзноў стаў з гэтай чарціхай жыць-пажываць і багацця нажываць.

Усё, басня кончылася.

1 Курачок — маленькі бохан хлеба, з апошняга кавалка цеста.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 262-267
Крыніца: скан