epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Бяда

Было сабе двох братоў: адзін вельмі багаты, другі зусім бедны. Багатаму і ў полі радзіла, і ў хляве** пладзіла, а бедны ці пасеяў што, то прапала, ці пусціў якую жывіну на гадоўлю, то здохла, і ніколі нічога не мог дабіцца. Аднаго разу нідзе ўзяў голу костку і агрызае седзячы сабе, ажно нешта лап! яго за плечы:

— Што ты ясі? Дай мне!

Аглянуўся ён — стаіць неяка страшыдла худое, так ён пытае:

— А хто ж ты?

Яна кажа:

— Гэта я, Бяда!

Так ён:

— Што я,— кажа,— табе дам, калі я сам голу костку грызу.

Бяда прыгледзела, што крышачка шпіку сядзіць у костцы:

— Ты,— кажа,— таго шпіку не дастанеш, а я ўлезу і з'ем.

— На,— ка[жа],— лезь, калі хочаш.

Бяда ў костку па шпік, а ён узяў ды й загваздзіў костку калочкам, ды й занёс на поле, ды й палажыў і вялікім каменем навярнуў. Ад тае пары як пачало яму ўсё шыхаваць: ці што пасее, то і без бога яму родзіць, ці жывіна, ці гандаль які, проста зрабіўся той багач цёмнік! А брат мала сам се за валасы ні рве з завісці, чаму ён гэтак збагацеў. Упярод брат багаты на яго крывым окам не глядзеў, а цяпер пачаў да яго падлізвацца. Аднаго разу, прыйшоўшы да брата, даўнейшага бедака, пачаў гаварыць то сёе, то тое, а потым кажа:

— Скажы мне, брацішку, што гэта такое, чаму ты даўней яшчэ больш гараваў, а не меў ані хлеба, ані адзетку, а цяпер ты ўсё, богу дзякаваць, маеш? Але-такі не думай, брацішку, што я табе зайздрошчу, хавай божа, я вельмі рад, што ты такі сам багаты, а можа і багатшы ад мяне.

І далей жа налягаці, ці ён не знайшоў якога скарбу. Але той не быў хітры, так кажа яму па праўдзе:

— Калі я, брацішку, сваю Бяду загваздзіў у костку.

— Якую Бяду? — пытае брат.

Так той ад мала да веля расказаў усё як было і сказаў, дзе і пад якім каменем ляжыць костка з Бядою. Брат, гэта выслухаўшы ўсё, за шапку да з хаты, а выйшаўшы за варота, мармытнуў сам да сябе:

— Ого, не дажджэш ты, я табе Бяду выпушчу з косткі, бо ты зара будзеш багатшы ад мяне. Так то ўсе казалі, што я найразумнейшы, бо і найбагатшы, а цяпер зара яго разумнейшым зробяць.

Да і пайшоў проста, дзе тая Бяда ляжыць. Адваліў каменя, костку дастаў, гвоздзіка адаткнуў:

— Ідзі,— кажа,— Бяда, ужэ ты тут намэнчылася!

Тым часам Бяда баялася ісці да даўнейшага сва[й]го пана да пайшла за тым, хто яе выпусціў. Мо праз рок або праз два з брата-багатыра зрабіўся такі бедны, што і свае торбы не меў злажыці, з чым ісці жабраваць. Жывіна яму выздыхала, у полі не радзіла, от і нарабіў сабе зайздросны брат!



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 466-467
Крыніца: скан