epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Бядняк і мертвяцы

Жылі-былі два брата. Адзін быў бедны, другі багаты. У багатага была бяседа. Бедны брат прыйшоў к яму, а ён гаворыць:

— Чаго ты прыйшоў? Ты мне не брат, ідзі ад мяне!

Бедны і пайшоў. Як толькі выйшаў ад брата, дак не пайшоў дамоў, а пайшоў саўсім у другі бок. Ішоў ён, ішоў, відзіць царкву. Ён зайшоў у царкву, памаліўся богу, пакланіўся перад каждым абразам і пайшоў дальшы. Ішоў, ішоў нескалькі дней і падходзіць к драмучаму лесу. Толькі стаў уходзіць у драмучы лес, а тут і стала цямніцца. Вот ён ішоў, ішоў, ужо пад поўнач. А цёмна — нічагухтынька не відаць. Толькі ён прайшоў дальшы, відзіць маленькі аганёк. Стаў ён дальшы і[с]ці, чуець — нехта гаворыць. Ён стаў за тоўстым дзеравам, аж ідуць дванаццаць чалавек. Адзін спрашуець:

— Ну што, ці заклалі там сена коням, аўса ці засыпалі, вады ці налілі?

Яму атвячаюць:

— Усё падзелалі: і сена наклалі, і аўса насыпалі, і вады налілі, дос будзець ім на дванаццаць дней!

— А ці харашо запёрлі, ці замкнулі, і дзе ключы палажылі?

Яму атвячаюць:

— Усё запёрлі, замкнулі, а ключы паклалі павышы дзвярэй!

— Ну, добра! Пойдзем!..

І пайшлі ўсе. А бядняк тэй усё гэта чуў. Вот ён абдумаўся і пайшоў туды, дзе аганёк бачыў. Прыйшоў туда, найшоў ключы, усё паразамкнуў, парасчыніў, улез у пакоі. А ес[ц]ь яму хочацца! А галодны жа заўсёды перва ес[ц]ь ішчэць. Пайшоў ён есць разойскаваць і нашоў разнага піцення, ядзення — напіўсь і наеўсь. Стаў тады хадзіць па пакоях. Прыходзіць к склепу, адмыкнуў, відзіць — адны толькі трупы ды галовы! Ён спужаўсь. Але думаець: «Яны ж пайшлі на дванаццаць дней! Я шчэ спраўлюся!» І пайшоў дальшы. Адпёр другі склеп, відзіць — адна адзежа. Ён дальшы. Адпёр трэці склеп, відзіць — адна пасуда, залатая ды сярэбраная. Пайшоў яшчэ дальшы, найшоў чацвёрты склеп, з грашамі, а грошы — усё золата ды серабро. Тады бядняк гэты думаець: «Ну, цяпер я можа разжывусь!»

Пайшоў атыскаў канюшню, адпёр яе — а там трыццаць шэс[ц]ь коней стаіць. Ён пайшоў найшоў калёсы; запрог дванаццаць коней. На первых траіх коней ён налажыў адны трупы; на другую тройку паклаў адной адзежы; на трэцюю наклаў адные пасуды, залатыя ды сярэбраныя, а на чацвёртую тройку насыпаў грошай. Тады сабраўся і паехаў адтуль. Ехаў, ехаў, ну толькі ўехаў у сярэдзіну леса, захацелася яму крэпка спаць. Звярнуў ён з дарогі ў лясок, выпраг коней, ес[ц]ь ім даў, а сам лёг спаць у пярэднім вазу. Вот ён спіць адзін дзень, спіць і другі. Тады яму пачулася — нехта яго будзіць. Прашнуўся ён, ажно і калёсы выкачаны на дарогу. Пачулася яму, што нехта кажаць:

— Запрагай скарэй коней ды як можна ўцякай: а не ўцячэш, дык смерць будзець табе!

Ён запрог коней, пераксціўся і давай уцякаць.

Прыехаў дамоў. Упярод за ўсяго сыйскаў папа і дзяка і пахаваў тыя трупы, што прывёз ад разбойнікаў. За хаўтуры ён даў папу гарнец серабра, дзяку даў палавіна гарца, а старасту з паламаром па прыгаршнях. Справіў харошы хаўтуры, памянуў іх, як трэба, і стаў сабе жыць па-хадзяйску.

Вот ён жывець сабе пры ўсей выгодзе. Раз была ў яго бяседа. Бядняк пазваў у госці свайго багатага брата. А багаты гаворыць:

— Куды я пайду к тэй голі? Што ў яго ёс[ц]ь? Чым ён мяне будзець частаваць? Скарынкамі, ці што,— што па свету сабраў?

А жонка багатага стала яго ўгаварываць:

— Ну дык што, што ён бедзен, а мы багаты? Можа ён нас на савет завець!

Ён паслухаў і пайшлі ў госці. Як прыйшлі яны к яму, пасадзіў ён іх за стол, стаў падносіць страву такую, якую яны шчэ не елі і зроду. Дзівіцца багаты і стаў распытываць у брата:

— І дзе ты найшоў столькі багацця?

А бедны гаворыць:

— Мне бог даў!

— Як жа табе бог даў?

— А вот як: калі я ў цябе быў і ты мяне не прыняў, я пайшоў у свет. Ішоў я, ішоў, увідзеў я царкву. Я зайшоў, памаліўся і пайшоў дальшы. Ішоў, ішоў — прысцігла мяне ноч у лясу. Тады выйшаў я к агню і ўвідзеў людзей. Я стаў за дзерава і стаў глядзець, ці многа іх: стаў счытаць і насчытаў іх дванаццаць чалавек. Адзін спрасіў: ці залажылі коням сена, ці пасыпалі аўса, ці налілі вады? А другі кажаць: «Усё падзелалі, дос ім будзець на дванаццаць дней». Пасля гэтага і пайшлі. Як толькі яны пайшлі, дык я пайшоў у іх дом. Як увайшоў у іхны пакой, дак усё роўна як у рай. Стаў я хадзіць па іхных скляпах. Расчыніў адзін склеп — віджу я адны голавы ды трупы. Я спужаўся. Але думаю, што яны пайшлі надоўга і я спраўлюся. Пайшоў дальшы, віджу другі склеп. Я расчыніў — а там адна адзежа. Я пайшоў дальшы, найшоў трэці склеп. Я апяць расчыніў — там пасуда адна. Тады найшоў я чацвёрты склеп. Расчыніў я яго, аж там адно золата ды серабро. Пайшоў я тады, запрог коней, насыпаў гэтага золата і серабра, набраў адзежы, пасуды, наклаў і мёртвых трупаў і паехаў дамоў. Прыехаўшы, трупы я пахаваў, а гэта ўсё мне асталось. Вот я з тых пор і жыву, слава богу!

Завідна стала багатаму: задумаў ён ісці і набраць сабе грошай. Як толькі ад брата прыйшоў, так запрог каня і паехаў. Ехаў, ехаў і дзе толькі ўстрэціць каршму якую, там заедзець і нап'ецца гарэлкі. А як уссядзець на каня, толькі засвішчыць, запяець ды й пакоціць. Праязджаець ля царквы — не заехаў, не памаліўся, а толькі запеў ды засвістаў і паехаў дальшы. Калі хто спросіць:

— Куды ты едзеш, чалавечак?

Ён кажаць:

— Багацця шукаць!

Ехаў ён, ехаў, ці доўга, ці каротка — уязжаець у цёмны лес. А тут яго і цёмна ноч абняла! Едзець ён дальшы і ўвідзеў аганёк. Ён звярнуў на бок з дарогі да й стаў за ляском ціхенька. Відзіць — ідуць людзі. Адзін кажаць:

— Ці залажылі там коням, ці добра запёрлі?

Другі кажаць:

— Усё ладна падзелалі: і коням есць заклалі, до будзець дней на восем!

А трэці кажаць:

— Не, не пойдзем на столькі, а то і яшчэ хто абкрадзець нас. Мы сабіраем панямногу, а хто прыедзець — і з цэлай кучы набярэць. Не большы як на шэс[ц]ь дней пойдзем!..

Ну, і пайшлі. А багач, як толькі яны пайшлі, сычас сеў на каня да й марш у разбойніцкі дом. Як толькі ўз'ехаў на двор, так сычас каня свайго прывязаў, а сам і пайшоў у пакоі. Ну, пакуль прыехаў, ес[ц]ь захацеў. Ён пайшоў іскаць сабе чаго з'ес[ц]ь. Найшоў разных напіткаў-наедкаў — наўеся як трэба, напіўся і стаў песні пець.

А разбойнікі на гэты раз не ўсе пайшлі, толькі ўвасмярых, а чатыры асталось дома, пілнаваць, каб хто ўзноў не прыйшоў ды не пакраў грошы. Як яны пачулі гэты песні, яны пайшлі да й забілі яго...

Жонка багатага ждала-ждала — не чуць яе мужыка. Пайшла яна к бедняку і гаворыць:

— Верна, майго хадзяіна забіта, што яго не чуць. Ідзі ты яго пайшчы!

Тэй і пайшоў. Ішоў, ішоў і к ночы чуць да лесу даброў. Ідзець ён па лясу ўсю ноч. Як толькі стаў падходзіць к дому, увідзеў і разбойнікаў. Ён схаваўся за дзерава, і яны сабраліся ўкучу і гавораць:

— Ну, на сколькі дней пойдзем?

Другі гаворыць:

— Да дней на восем, не большы!

А трэці кажаць:

— Не, ужо ніхто не будзець красці: мы таго ўжо забілі!

Парадзіліся гэдак і пайшлі. А ён іх, стоючы, пералічыў, ці ўсе яны пайшлі, каб хто не застаўся дома ды не загубіў яго, як ён прыдзець.

Пайшоў ён у дом. Ну, як есці хацеў, пайшоў іскаць сабе пішч. Тады наеўшысь, напіўшысь, пайшоў коней запрог і стаў іскаць свайго брата. Толькі расчыніў первы склеп, відзіць — брат яго ляжыць навярху. Ён узяў брата, усклаў на павозку, а тады і астальныя трупы забраў на тры павозкі, а на тры павозкі наклаў адзежы, на тры пасуды і на тры золата і серабра. І адправіўся дамоў. Толькі ўехаў да палавіны леса, як яму крэпка захацелася спаць. Ён звярнуў з дарогі ў лес, коней выпраг, папрывязаў, а сам лёг у пярэдняй павозцы і заснуў. Спіць ён адзін дзень, спіць і другі, тады яму пачулася, што яго нехта будзіць. Ён прашнуўся і відзіць, што яго і калёсы выкачаны на дарогу, і коні запрэжаны. Пачулася яму зноў, што нехта кажаць:

— Едзь, чалавечак, скарэй, а то смерць блізка!

Ён як прашнуўся, так сычас і паехаў. Ехаў, ехаў і стаў пад'язджаць к царкве. Ён апяць узяў грошай і панёс к царкве; ажно відзіць — у ёй служэння няма. Ён тыя грошы паклаў на крылцы і паехаў. Як толькі прыехаў дамоў, прывёз папа, дзяка і пахаваў усіх тых забітых. Адправіў хаўтуры па ўсіх, расплаціўся, як следаваець, а сам стаў жыць сабе спакойна са сваёй бабай.

Паднялісь скора яго дзеткі. Тады сыны і гавораць:

— Вот, тат, жывём мы багата і ўсяго ў нас ёс[ц]ь — і золата, і серабра, і пасуды, і адзежы, а жывём мы ў гэдакай курнай хаце! Пастроім мы сабе, тат, новую хату!

А бацька гаворыць:

— Не, мае сыны! Я ўжо стар і ў гэтай хатцы веку дажыву, а вы калі хочаце, дык сабе стройце!

Вот яны сталі йскаць места харошага ля дома. Іскалі, йскалі і выбралі места ля дарогі. Задумалі тут пастроіць заездны дом, бо тут, думаюць, места выгадна. Ну, як задумалі, так і здзелалі — выстраілі дом. І ўпрасілі-такі свайго бацьку пакінуць курную хату і жыць з імі.

Тыя ж разбойнікі, як толькі вярнуліся, так і ўвідзелі, што іх дом абобран. Сталі яны тады думаць, як ба ім най[с]ці сваё. Вот яны парадзіліся ды разбілісь на чатыры шайкі і пайшлі ва ўсе чатыры стораны сойскаваць прапажу. Хадзілі, хадзілі, а тады прыйшлі ўтрох у самы тэй заездны дом і заначавалі. Спрасілі сабе есць, ім і падалі на сярэбранай пасудзе. Яны відзяць, што гэта ўся пасуда іхная. На другі дзень яны расплаціліся і заплацілі за ўсё утрая даражэй, чым стоіла тая вячэра. Выйшлі за вароты, агледзелі харашэнька гэты двор. Ну, ён быў хоць на адзіноцы, але дужа ўкраплён. Адзін кажаць:

— Дужа крэпак двор!

А другі кажаць:

— Гэта ж ля нас яшчэ луччы. Як мы прыедзем сюды, то мы ўсё запром і ніхто не выскачыць. І мы ўсіх іх парэжам, і сваё дабро забяром.

А калі яны начавалі, дык хадзяін спрасіў:

— Адкуль вы і хто?

— Мы,— каець,— купцы, таргуем салам! Вот, можа нядзелі чэраз дзве будзем везць па гэтай дарозе сала!..

Сабраліся ўсе разбойнікі дамоў і сталі гаварыць, хто йдзе быў і што відзеў. Адзін гаворыць:

— Я нічога не найшоў!

Другі:

— І я нічога!

Трэці:

— І я,— каець,— нічога не відзеў, нічога не найшоў.

А гэтыя ўжо гавораць:

— А вот мы дык найшлі таго, што нас абакраў. Ён ужо і заездны дом выстраіў, і там жывець цяпер. Як толькі мы прыйшлі к яму ды папрасілі есць, дык ён паднёс нам пішч на нашай пасудзе. Мы яе і спазналі, што гэта наша пасуда. Вот цяпер і пойдзем туды!

А другі гаворыць.

— А як ён нас не пусціць?

Тады трэці кажаць:

— А вот як мы к яму ўбяромся: возьмем бальшую бочку, і дзевяць улезець у гэту бочку, а трое астанецца, тыя, што там былі. Як спросіць: «з чым гэта бочка?», дык няхай скажуць, што з салам. Тады ўкоцяць бочку ў сарай, а вы самі заначуйце ў асобнай комлаце, каб нікога там не было. Як яны ўспяцца, тады запаліце свечку, прыдзіце ў сарай, нас выпусціце, а тады ўжо мы іх парэжам і вешчы свае забяром!

Так і здзелалі. І паехалі. Ехалі, ехалі, сталі пад'язджаць к заезднаму дому, схавалі тых таварышаў у бочку, а ўтраіх асталісь. Прыехалі, папрасіліся начаваць. Ён пусціў іх, паказаў ім сарай, ідзе коней ставіць і бочку, даў замок, каб замкнуць, і адвёў іх у асобенную комлату. І даў свечку, каб ноччы палядзець коней луччы было. Даў бог ноч, хадзяін запёр вароты, пазамыкаў усё і лёг спаць. У самую глуш, у поўнач, калі ўсе спалі, разбойнікі гэтыя ўсталі, запалілі свячу і хацелі йсці выпускаць тых. Толькі выйшлі на двор — чуюць, нехта едзець із званком. Яны спужаліся, патушылі скарэй свечку і пайшлі ў сваю комлату. А тэй, з званком, пад'ехаў к варотам і стаў будзіць хадзяіна. Будзіў-будзіў, гукаў-гукаў — ніяк не дагукаецца. Паслаў ён тады кучара чэраз замёт пералезці ды пад вакно крычаць, каб ён прашнуўся. Чуць-ня-чуць дабудзіліся таго хадзяіна. Устаў ён, адпёр вароты, упусціў таго чалавека. Тэй увайшоў у хату і папрасіў, каб далі чаго цёплага, сагрэцца. Хадзяін паставіў самавар, падаў яму. Тэй напіўся, абагрэўсь і гаворыць:

— Ну, чалавеча! Табе сядні будзець страшная ноч!

І паехаў. Хадзяін запёр за ім вароты і ўзноў лёг спаць. Тыя ж разбойнікі ўсталі, свечку запалілі і пайшлі выпускаць тых разбойнікаў. Толькі выйшлі на двор, чуюць — іграець палкавая музыка, крычаць ура! б'юць у барабаны! Яны патушылі скарэй свечку і пайшлі ў сваю комлату. А тая музыка ўсё бліжы, бліжы, і падышоў к гэтаму дому цэлы полк салдатаў. Абступілі двор і сталі будзіць хадзяіна. Будзілі-будзілі — не прашынаецца. Пералезлі яны чэраз замёт і сталі ў вакно крычаць. Узбудзілі яны і гавораць:

— Хто ў цябе ёс[ц]ь?

Ён каець:

— Трое купцоў!

— Пакажы іх!

Ён павёў іх паказываць. Як толькі паказаў, так енарал сказаў салдатам убіць іх. Салдаты рассеклі двох папалам. Тады хадзяін стаў прасіць іх:

— Што вы гэта робіце? Як гэта можна?

А енарал кажаць на таго на трэцяга разбойніка:

— Ідзі, пакажы ваша сала!

Узялі салдаты гэтага разбойніка, прывёў ён іх к бочцы. Разбілі салдаты бочку, ажны там дзевяць чалавек разбойнікаў. Салдаты і засеклі іх усіх.

Тады енарал гаворыць хадзяіну:

— Гэта тыя разбойнікі, ідзе ты грошы браў. Вот яны прыйшлі перва ўтрох разведаць, а цяпер прыйшлі ўсе, каб вас парэзаць і грошы свае ўзяць!

Тады хадзяін спрашываець у іх:

— А хто ж вы такія ёс[ц]ь?

— А первы, што прыязджаў і разбудзіў цябе — гэта брат твой! Якурат у гэтае самае ўрэмя разбойнікі хацелі цябе загубіць. Ну, як пачулі званок твайго брата, спужалісь і патушылі агонь. Тады, як брат паехаў, яны зноў усталі, запалілі агонь і пайшлі выпускаць тых, што сядзелі ў бочцы. Ну, як пачулі нашу музыку, спужаліся і зноў схаваліся ў комлату! Я енарал, забіт быў разбойнікамі. Ты мяне пахаваў умесце з братам. А салдаты — гэта тэй народ, што ты адтуль вывозіў ды хаваў. Мы да таго ўрэмя, пакуль ты нас не пахаваў, былі ні на тым свеце, ні на гэтым! А цяперака ты едзь туды, у тэй дом, забяры усё іхнае дабро, а дом спалі і спажывай усё. А цяпер прашчай, цяпер цябе ніхто не тронець!..

З тых пор стаў тэй хадзяін там жыць ды пажываць без усякага страху.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 338-345
Крыніца: скан