epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Бязногі багатыр

У неякім царстве, неякім гасударстве жыў-быў каваль да каваліха. Спарадзіла каваліха, на яе ліха, гожага хлапчука, да бязногага. Расце хлапчук не на радасць, а на гора. Ведама, калека зроду — якая радасць бацькам. Гадуецца ён як пакідзішча. Управіцца каваліха каля печы да й бяжыць у поле ці ў вагарод, а хлапчук валяецца па зямлі ды смокча скарынку або жуе параную картоплю. Кінула яго раз каваліха на дзядзінцы, дак чуць яго свінні не з’елі. Не шкадуе каваліха, на яе ліха, свайго дзіцяці.

— Бо,— кажа,— якая з яго карысць? Калека не памога, а толькі абуза. Хоць бы яго бог з свету прыбраў.

А тут ён наперакор расце да таўсцее. Вырас ужо хлапчук нелапы, але не ходзіць, да толькі поўзае. Карміць яго кармі, а карысці з яго ніякае няма. Яшчэ гарэй пачала яго праклінаць матка да наракаць на бога, што даў ён сына не на ўцеху, як людзям, а на бяду. Слухаў, слухаў каваль праклёны дурное бабы, але нічога не мажэ парадзіць. Шкода яму хлопца, але ад бабы жыткі няма. От нарэшце не вытрымаў ён, запрог кабылку, пасадзіў на воз сына да й павёз яго ў лес. Завёз ён далёка ад вёскі да й хацеў там пакінуць сына на страту, але ўбачыў у лесе маленькую хатку. Улез ён у хатку, аж там нікога няма. Зірнуў ён туды-сюды — у хатцы ўсе е, а гаспадыні няма. От ён унёс сына ў хатку да там і пакінуў, а сам сеў на воз да па кабылцы, да па кабылцы. Патарахцеў ён хутчэй, не аглядаючыся, каб ніхто не дагнаў. Сядзіць хлапчук адзін у хатцы да разглядае, што там е. Толькі ось прыходзіць якісь старэнькі дзядок і просіць напіцца.

— Рад бы я даць табе напіцца,— кажа хлапчук,— да не магу хадзіць.

— Пра**шкі1,— кажа дзядок,— зачарпні да перш закаштуй сам, ці харошая вада.

А хлапчуку даўно піць хацелася, хлебануў ён да й выдундзіў не**маль поўны корчык2. Як выпіў, дак адразу пачуў у сабе такую сілу, што здаецца ўсю землю перавярнуў бы, каб толькі было аб што ўперціся нагамі. Напіўся дзядок да й кажа:

— Пі больш, бо табе трэ вялікая сіла,— да й знік, баццэ яго й не было.

Падзівіўся хлапчук, думаў, што гэта яму прыснілася, але бачыць, што ў яго здаровыя ногі, што ён так ідзе, што пад сабой й зямлі не чуе. Напіўся ён яшчэ тае вады, дак і чуецца, што яму няма раўні на ўсём свеце. Хацеў ён яшчэ больш наліць вады, да як узяўся за збан, дак і разгнёў3 яго, а вада вылілася. Схапіў ён вядро да й пабег да крыніцы. Шукаў ён яе, шукаў — няма, от бы ў землю правалілася. Варочаецца ён да хаткі, аж і тая прапала. Ён туды, ён сюды, да так заплутаўся ў гушчэчы, што не ведае, куды йці. Пастаяў ён трохі да й пайшоў проста. Ідзе ён, а спераду пападзецца тоўстая хвоя або дуб, як печ. От схопіць ён адною рукою дзерава, дак тое й хрусне, бы саломіна.

Ідзе ён да варочае дзераўлякі, баццэ там віхар праляцеў. А ён ломіць лес дзеля таго, каб зрабіць метку да ў другае туды не прыйсці. Доўга ён так ішоў, пакуль выйшаў на дарогу. А там паабапал дарогі ляжалі вялізазныя каменні, баццэ валы. От і пачаў ён перакідаць тое каменне на дарогу, бы картоплю. Толькі ось едуць багатыры. Пад’ехалі яны да й супыніліся, бо нельга ехаць далей, каменне мяшае.

— Здароў, дзяцюк,— кажуць багатыры,— што ты робіш?

— Граю сабе,— кажа той хлапчук.

От багатыры злезлі з коней да хацелі апрастаць дарогу; узяліся яны за адзін камень, але не могуць яго й крануць. Падышоў тут хлапец да й згроб тое каменне ў роў.

— Паедзем з намі,— кажуць-багатыры.

— Як жа я паеду, калі ў мяне няма каня, — адказвае хлопец.

— Выбірай сабе каня з нашых.

Пайшоў хлапец выбіраць сабе каня, але толькі паложыць каню на спіну руку, дак той і ўпадзе на пярэднія каленкі. Перабраў ён так усіх коней, а сабе не выбраў нігоднага. От пайшоў ён з багатырамі, тыя на конях, а ён пешкі. Толькі ось бачыць ён, што каля дарогі мужык скародзіць поле. Кабылка ў яго худая, маленькая, але жылістая. Палажыў ёй хлопец руку на спіну, а яна й не ўхмылілася. От пачаў ён таргаваць тую кабылку, але мужык не хоча яе аддаваць ні за якія грошы.

— Навошта мне грошы,— кажа ён,— яшчэ хто заб'е, а без канякі як я ўпраўлюся з гаспадаркаю. Без канякі й чалавек не чалавек.

— Памяняй сваю кабылку на каня,— кажуць багатыры,— бяры сабе на выбар, якога хочаш.

— Хто мяняе, у таго хамут гуляе,— кажа мужык.

Насілу багатыры ўламалі мужыка да за пару самых лепшых коней выменялі хлопцу тую кабылку. Сеў ён на тую кабылку, й паехалі яны далей. Толькі ось пад’ехалі яны к той вёсцы, дзе жыў хлопца бацька, да й сталі каля кузні каваць коней. Не пазнаў каваль сына — так ён змяніўся — да падкаваў і яго кабылку. От і просіць кавальчук, каб бацька выкаваў яму булаву. Сабраў каваль усе залеза да й выкаваў такую булаву, што утрох насілу яе варочаюць. Узяў кавальчук тую булаву, пакруціў яе адною рукою да як шыбануў угору, дак яна няведама дзе й дзелася. Стаяць багатыры да дзівяцца. Але ось па нямалым часе й гудзе тая булава, бы гром грыміць, ляціць уніз. Падставіў кавальчук калена. Ударылася булава аб калена да толькі скрывілася. Прыбавіў каваль яшчэ з пуд залеза да й выкаваў мацнейшую булаву. Падзякаваў кавальчук, узяў тую булаву да й паехаў з багатырамі ў свет. Прыехалі яны к аднаму цару й наняліся на службу. Па нямалым часе аб’явіўся там вельмі дужы змей і пачаў прылятаць да цягаць к сабе людзей. Багацька пахватаў ён людзей да й паеў іх. Нарэшце, захацелася яму царскага мяса, от і схапіў ён царэўну да й запёр к сабе ў лёху, але не есць, а трымае на закуску. Аб’явіў цар па ўсяму царству, што дасць таму паўцарства й аддасць замуж царэўну, хто яе выбавіць ад змея, а яго заб’е. Многа парывалася сілных багатыроў біцца з тым змеем, але ўсе яны там загубілі свае костачкі. Нарэшце вызваліся й тыя багатыры, што прыехалі з кавальчуком.

— Паедзем з намі,— кажуць яны кавальчуку.— Ты яшчэ малады, пара й табе шукаць славы. Паедзем, та мы цябе навучым, як біцца.

Згадзіўся кавальчук, і паехалі яны разам. От едуць яны да едуць і пад’язджаюць, аж растанцы на дарозе, й стаіць слуп, а на ём штось напісана. Быў з іх адзін пісьменны, от і пачаў ён чытаць. От і перачытаў ён, што хто паедзе направа, той дабудзе сабе славу, хто налева, знайдзе багацтва, а хто проста, таго спаткае смерць. І пачалі тут багатыры выбіраць, куды хто ахвоч ехаць. Выбралі яны ўсе дарогу направа й паехалі шукаць славы, толькі адзін кавальчук кажа, што ад смерці не адперці, дак лепш ехаць проста. Як ні адмаўлялі багатыры, а кавальчук упёрся да такі адзін паехаў проста. Праехаў ён трохі да й трапіў на тую самую хатку, куды яго завёз бацька бязногага. Прывязаў ён кабылку да й улез у хатку. Зірнуў ён у кут, аж там у запечку сядзіць вельмі старэнькая баба.

— Здарова была, бабко!

— Дзякуй табе, дзецючок. Куды бог нясе? — пытае яна.

— Паеду, бабко, проста.

— Не едзь, дзеткі, бо загінеш. Там змей з’есць.

— Не, бабко, паеду, хоць загіну.

— Шкода мне цябе, дзеткі. Ты быў у маёй хатцы, дак ты мне баццэ родны ўнук. Дак от жа слухай мяне. Што ты ні сустрэнеш на дарозе, дак не забівай, то яно табе ў дарозе да ў бядзе паслужыць.

Падзякаваў хлопец бабе да й паехаў далей. Толькі ён ад’ехаў ад хаткі, аж выскачыў заяц. Хацеў ён швырнуць у яго булавою, але той кажа:

— Не бі мяне, я табе ў бядзе паслужу.

Паехаў ён далей, а заяц бяжыць за ім на**зіркам. Толькі ось выскачыў воўк. Ён за булаву, а воўк кажа:

— Не бі мяне, буду табе патрэбен у бядзе.

Апусціў ён булаву да й паехаў далей. Бяжыць воўк назіркам. От пад'ехаў ён к каменнай гары. Няма як ехаць далей. Злез ён з кабылкі, пусціў яе на пашу, а сам пайшоў шукаць дарогі. Тым часам змей вылез з лёху жыраваць да якраз трапіў туды, дзе была кабылка. Бачыць воўк, што змей з’есць кабылку, от ён як напалохаў яе, дак яна й пусцілася наўцекача з усіх ног да тым часам і ўцякла ад змея. Пажыраваў змей да й вярнуўся к сабе ў лёху. От прыбег к хлопцу заяц да й паказаў яму тую шчыліну, дзе змей зачыніў царэўну. Пагрукаў хлопец булавою ў каменную сцяну, от там і паказалася царэўна да й кажа:

— Уцякай, бо змей з’есць.

А тут хлопец размахнуўся да як трэсне булавою аб сцяну, дык яе і высадзіў. Кінулася к яму царэўна на шыю да давай прасіць, каб давёз яе к матцы да к бацьку. Тым часам змей высунуў голаў праз шчыліну да й хацеў з’есці таго хлопца. Тут хлопец схваціў булаву да як рэзне па галаве змея, дак з яе і маскі пацяклі. От адрэзаў ён у змея язык да й палажыў яго сабе ў кайстру. Тым часам змей высунуў другую голаў. Хлопец і тую размажджыў да выразаў язык. Такім парадкам расквасіў ён змею ўсе дванаццаць галоў. Рада царэўна, што такі знайшоўся багатыр да й страціў ліхога змея. Спадабаўся ёй той хлопец, і абяцала яна, што пойдзе за яго замуж, як ён завязе яе к бацьку да к матцы. А што гэта праўда, дак яна разарвала хустачку да й дала хлопцу адну палавінку. Палажыў хлопец хустачку за пазуху да й лёг спаць, бо вельмі ўтаміўся, пакуль ухадзіў змея. Спіць хлопец багатырскім сном і не чуе, што бяда блізка. Тым часам тыя багатыры пад’ехалі туды, убачылі царэўну да й пачалі яе пытаць, як тое ўсё было. Расказала яна ўсё, як было, да й кажа, што пойдзе замуж за таго хлопца. Пазавідавалі яны хлопцу, падбеглі к яму соннаму да й забілі яго. Потым пачалі яны спрачацца, каму павінна дастацца царэўна. Доўга спрачаліся яны, нарэшце пачалі біцца, пакуль пазабівалі адзін другога. Застаўся толькі адзін самы дужы да спрытны. От ён прымусіў царэўну, каб яна сказала бацьку да матцы, што гэты багатыр забіў змея й выбавіў яе з няволі. Няма ёй чаго рабіць, трэ згаджацца, бо яе каханага хлопца няма ў жывых. От той багатыр пасадзіў царэўну на свайго каня да й павёз яе к цару. Тым часам заяц пабег да крыніцы, набраў там жывое вады ў рот, прынёс да й пырснуў хлопцу ў вочы. Ажыў той да й прахапіўся.

Зірнуў ён, аж царэўны ўжо няма. Дагадаўся ён, што тут было ліха, да чуць не заплакаў ад жалю. Хацеў ён хутчэй бегці к цару да расказаць там усю праўду, дак, ведама, пешкі далёка не забяжыш хутка. Тым часам воўк пабег па лесе да й трапіў яго кабылку. Напужаў ён яе да й прыгнаў туды. Сеў гэта хлопец на кабылку да й паехаў хутчэй к таму цару. Прыязджае ён туды, аж там ужо ўсе гатовяцца к вяселлю. Пайшоў ён к цару да й расказаў яму ўсю праўду. Не мае цар веры да й пытае ў дачкі. Але, ведама, тая кажа толькі тое, што ёй вялеў казаць той багатыр. От цар вялеў за паклёп павесіць таго хлопца. Тут толькі пачалі яго пытаць, хто ён такі.

— Я,— кажа,— бязногі багатыр, а больш я вам нічога не скажу.

От ужо вядуць таго бязногага багатыра вешаць. А тым часам царэўна пайшла ў сад гуляць. Ідзе хлопец да й бачыць, што каля плоцця туляецца заяц. От ён выняў з-за пазухі тую хустачку да й кінуў зайцу. Схапіў заяц хустачку да й прымчаў к царэўне. Зірнула тая да чуць не абамлела.

— Чаго ты? — пытае цар.

Тут яна кінулася цару-бацьку ў ногі, расказала ўсю праўду да й пачала прасіць, каб не вешалі таго хлопца, каторы збавіў яе ад змея. От цар вялеў не вешаць таго хлопца, а прывесці яго ў палац. Прыйшоў ён з сваёю кайстраю да й стаіць. Пачаў тут цар пытаць яго, як тое было. Расказаў ён усё, як было. А той багатыр кажа, што гэта няпраўда. Тады бязногі багатыр выцяг з кайстры змяіныя языкі да й пытае:

— А гэта што?

Змяшаўся той багатыр, а царэўна паказала бацьку абедзве палавінкі хустачкі. Тады ўсе паверылі. Таго ліхога багатыра павесілі, а бязногі багатыр жаніўся з царэўнаю да й заўладаў палавінаю царства. Справілі гучнае вяселле.

Я там быў і мёд піў, па барадзе цякло, а ў рот не папала.

1 Прашкі – хлусня, глупства.

2 Корчык – памянш. ад карэц – конаўка, кубак.

3 Разгнесці – расціснуць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 293-298
Крыніца: скан