epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Бязрукая сястра

Жыў сабе дзед ды баба, і было ў іх двое дзяцей — сын і дочка, і гэтыя дзеці дужа ладна жылі між сабою. І гавораць ім бацькі, каб яны і пасля іх смерці жылі таксама харашо, як цяпер пры іх. Памёр бацька, памёрла і матка. Захацеў брат жаніцца. Вот і пытаецца ён у сястры:

— Як думаеш, сястрыца, ці можна мне жаніцца?

А сястра яму атвяшчаець:

— Брацец мой родненькі, як хочаш, так і дзелай! Толькі як ажэнішся, дык не будзеш мяне так жалець, як цяпер жалееш!

Брат абяцаўся ёй, што ўсё роўна будзець, як цяпер. Ну і жаніўся брат. Ды не радзіцца ён з жонкай, ды ўсё з сястрой радзіцца: куды трэба яму ісці або ехаць, то ён пойдзець к сястрэ і радзіцца з ёй. Нявестцы дужа не спадабалася гэта, што ён не радзіцца з ёю, а радзіцца з сястрою, і зачала яна яму бунтаваць яе. Паехаў раз мужык яе на ахвоту дужа далёка ды й прызабавіўся. А жонка ўзяла атруты ды й атруціла самую лепшую карову ў хлеве ціханька, а тады паслала пісьмо мужыку: «Вот якая твая сястра спарадніца: атруціла самую лепшую карову нашу!»

Ён ёй атвяшчаець, што не карова нас нажывала, а мы карову! Тады жонка яшчэ горша неўзлюбіла залоўку: узяла ўзноў атруты і атруціла самага лепшага каня ціханька, а мужыку напісала, што гэта сястра зрабіла. Мужык узноў адпісаў ёй, што і жарабка мы нажывалі, а не жарабок нас! Тады ж што яна робіць? Радзіўся ў яе рабёшачак. Яна яго ўзяла і загубіла! А мужыку паслала карту: «Вот якая твая сястра спарадніца: загубіла карову, загубіла жарабка, а цяпер і рабёшачка нашага загубіла!» Вот прыехаў мужык у двор і гаворыць сястрэ:

— Досіць ты скаціну маю губіла, я табе прашчаў, а гэтага я ўжо не магу прасціць. Надзявай, сястра, смяротную кашулю і выхадзі на крылец!

Сястра яму ні словечка не сказала, надзелася і выйшла.

— Садзісь на калёсы, паедзем!

Сястра села і паехала. Ехалі яны, ехалі і прыехалі ў такую вялікую пушчу-драмушчу, што ні ў казцы сказаць, ні пяром напісаць. Брат кажаць на сястру:

— Злязай з калёс, кладзі рукі на калёсы!

Яна злезла з калёс і палажыла рукі на калёсы. Брат узяў тапор і адсек ёй рукі:

— Як ты,— каець,— дзелала добра, так і я дзелаю табе! Ідзі сабе ў свет!

Ды сам і паехаў дамоў, а яе там пакінуў. Яна там блудзіла, блудзіла і прыблудзілася ў царскі сад, дзе былі залатыя яблыкі пад счотам. І кажнае ранне цар іх прыходзіў счытаваў. Бог ёй даў так, што адно яблычка залатое сагнулася, і яна яго з'ела. Назаўтрага ўранні прыйшоў цар счытаваць яблыкі. Счытаў, счытаў — аднаго яблыка няма. Тады ён каець:

— Хто тута ёс[ц]ь у саду? Калі старшы мяне — маць мая будзеш; калі роўна мне — жана мая будзеш; калі младчы мяне — сястра мая будзеш!

Ну, яна ня 'казалася. Узноў ёй бог так даў, што адно яблычка сагнулася, і яна яго з'ела. Назаўтрага рана прыйшоў цар счытаваць яблыкі — узноў аднаго няма. Тады ён кажаць:

— Хто тута ёс[ц]ь? Калі старшы мяне — маць мая будзеш; калі роўна мне — жана мая будзеш; калі младчы мяне — сястра мая будзеш!

Ну, яна ўзноў ня 'казалася. І ўзнова бог даў так, што адно яблыка сагнулася, і яна яго з'ела. Назаўтрага рана прыйшоў цар счытаваць яблыкі — аднаго ўзнова няма. Тады ён кажаць:

— Акажыся, хто тута ёс[ц]ь у саду! Калі старшы мяне — маць мая будзеш; калі роўна мне — жана мая будзеш; калі младчы мяне — сястра мая будзеш!

Яна й аказалась. Увідзеў цар яе, і дужа яна яму спадабалася, бо яна дужа прыгожая. Зняў ён яблычка, адкусіў сам і ёй даў:

— На, дзяўчына, з'еш яблычка, бо ў цябе няма рук, нечым узяць.

Павёў ён у двор; узвёў на крылец і кінуў яе на крылцы, а сам пайшоў к матцы ды гаворыць:

— Мамачка мая! Прыйшла ў наш сад адна дзяўчына, ды дужа прыгожая, хачу я з ёй жаніцца!

Матка кажаць:

— Як сабе хочаш, так і роб. Вот толькі ж як ты з ёй будзеш жыць, калі яна без рук!

— А нічога,— гаворыць,— я ж ёй слугу найму!

Вот і пажанілісь яны і жывуць дужа ладна. Пражылі яны так можа з год. Толькі раз паехаў муж яе на 'хвоту, а яна асталася з маткаю. Без яго даў ёй бог дзяцёначка — ува лбе месяц, у патыліцы зоркі. Паслала яна к мужыку пасланца, а матка й пісьмо напісала, што ў яго сын радзіўся. Тэй пасланец як панёс пісьмо к мужыку, і зайшоў па дарозе ў адзін двор начаваць. Ды й злучылася яму якраз зайсці ў братнюю хату. Нявестка пусціла яго нанач ды й давай пытаць, куды ён ідзець і адкуль. Ён і гаворыць, што нясець пісьмо к мужу. Яна распытала ў яго ўсё чыста: у каго ён служыць, што і як. Ён усё чыста ёй расказаў, яна і спазнала, што гэта тая самая залоўка, што яна хацела страціць. Ну, ляглі яны спаць. Тады тая нявестка ўстала ўночы, узяла ў таго пасланца пісьмо ды й перапісала, што жонка твая радзіла ні жука, ні жабу! ды й узноў палажыла ў яго хатомачку. Назаўтрага ўстаў тэй пасланец і пайшоў. Прыходзіць к мужыку і аддаў пісьмо. Прачытаў тэй муж пісьмо, падумаў, падумаў ды й адпісаў: «Што ёс[ц]ь, няхай тое і будзець, пакуль я сам не вярнуся!» Тэй пасланец, назад ідучы, узноў зайшоў нанач у тую самую хату. Тады тая нявестка ўзноў украла пісьмо і перапісала: «Каб матка ў вадзін час страціла тое, што радзілася, і таго, хто радзіў!» Ну, і пайшоў тэй пасланец з гэтым пісьмом. Аддаў пісьмо матцы. Матка тая дужа дзівілася, што ён гэтак прыказаў дзелаць, але нічога не зробіш! Падвязала ёй рабёшачка і выправіла яе ў свет. Пайшла яна, бедная, заплакаўшы. Ішла, ішла, захацелася ёй напіцца. Відзіць — крынічка. Толькі яна сагнулася піць, а дзяцёначак хлёп! і вываліўсь у крынічку. Відзіць яна, што ён ужо й тонець, а сама зрабіць нічога не можаць, бо рук няма, нечым узяць. Стаіць ды горка плачаць. Але чуець голас:

— Не плач, маладзічка, але працягні сваю правую руку!

Яна так здзелала, і вырасла ў яе правая рука. І хочаць яна ўхапіць скарэй дзяцёначка, ажно голас узноў ёй гаворыць:

— Не, шчэ рана! Другую руку пацягні!

Яна так здзелала — вырасла ў яе другая рука! Во тады яна перахрысцілася, выцягнула дзяцёначка і пайшла далі. Ішла яна, ішла і заходзіць у тое сяло, ідзе жыў яе брат. І захацелася ёй дужа зайці і палядзець на таго брата, што колісь-то яе дужа жалеў. Заходзіць яна ў хату, ажны там і мужык яе: заехаў з ахвоты нанач. Нявестка як увідзела яе, зараз жа яе спазнала, але толькі, што гэта з рукамі, а залоўка яе без рук. Ну вот, гэта залоўка ў сваёй нявесткі просіцца нанач. Яна яе за нішто не пускаець:

— Куды,— каець,— я цябе пушчу? Тут во і так ёс[ц]ь у нас чужы чалавек; сама бачыш, хатка цесная, а ты з дзяцёнкам!

Мужык жа з братам, пачуўшы, што нейкая маладзіца просіцца нанач, пусцілі яе:

— Толькі каб ты нам казкі казала!

Яна кажаць:

— Добра, мае паночкі! Скажу вам — казку ні казку, але так, як бы і праўду!

Ну і зачала яна расказываць усё сваё жыццё: як яна жыла з бацькам, як з братам, як брат яе жаніўся ды як яе нявестка неўзлюбіла... А нявестка ажно покаецца са злосці, слухаючы яе гэтыя казкі. Як даказала яна гэту сваю казку, дык і шапачку зняла з рабёшачка. А ў яго ўва лбе месяц, на патыліцы зоркі!.. Дык брат і мужык зараз спазналі, якая гэта маладзіца і пра што яна казала. Тады брат кажаць:

— Хацела ты за нішто звесці яе са свету, дык я ж цябе звяду!

Прывязаў яе к конскаму хвасту і пусціў у чыстае поле. А цар тэй забраў сваю жонку ў двор...



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 273-276
Крыніца: скан