epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Брат-баранчык

Жыў сабе дзед з бабай, і было ў іх двое дзяцей: сын Ісак і дачка Кацярына. А дзед ды любіў дужа вераб'ёў есці. Вот улавіў ён іх шмат і аддаў бабе смажыць, а кошка аднаго і ўкрала: было дзесяць, стала дзевяць. Стаў дзед счытаць вераб'ёў і не дасчытаўся. Не дасчытаўся ён аднаго вераб'я і кажыць на бабу:

— Дзе верабей? Дзе верабей?

Стаў шумець, крычаць, з кулакамі кідацца — і забіў бабу. Дзеці тыя — дзеўка ды малец — баяцца таго, каб ён і іх не забіў, сабраліся і пайшлі ўпрочкі. Ідуць яны і ўсё назад паглядаюць, каб іх бацька не дагнаў. Ішлі яны, ішлі, і захацелася мальцу тому піць:

— Сястрыца, я дужа піць хачу!

Дождж найшоў, і ў конскім капыту вада стаіць. Ён гаворыць:

— Нап'юся я з конскага капыта?

Яна кажыць:

— Не пі, брацец, а то конікам абернешся!

Пайшлі далі. Ішлі, ішлі — стаіць у кароўім капыце вада. кажыць:

— Сястрыца, я з кароўега капыта нап'юся?

— Не пі, брацец, бо кароўкай абернешся!

Ішлі, ішлі, і дужа яму піць хочацца — ён аж валіцца. Бачаць яны — стаіць вада ў бараннім капытцы. Малец кажыць:

— Сястрыца, нап'юсь я з баранняга капытца?

— Не пі, брацец, а то баранькам абернешся!..

Дужа яму піць хацелася, і ён не паслухаў сястры і напіўся. Аглянецца яна назад, аж бяжыць баранька, і на ім адна шарсцінка залатая, другая сярэбраная. Яна яму гаворыць:

— А што, брацец: я казала — не пі, а то баранькам абернешся! Што ж я цяпер буду з табой дзелаць?

Ішлі яны, ішлі — абнімаець іх ноч. Стаяла блізка ля дарогі капешка; яны падышлі пад капешку і заначавалі: сястра пад капешкай, а баранька ўзлез на капешку. Аж едзець пан. Бачыць — нешта на капешцы блішчыць. Ён кажыць на слугу:

— Схадзі ты, палядзі, што гэта там блішчыць!

Палядзеў ён і кажыць:

— Ляжыць на капе баранька — залатая шарсцінка і сярэбраная, а пад капой прыгожая дзеўка.

Пан кажыць:

— Ідзі, прывядзі іх сюды!

Слуга пайшоў і прыводзіць іх. Пан пасадзіў дзеўку ў поезд, і паехалі, а баранька ззадзі бягіць. Прыехалі яны ў двор, пан вялеў ёй даць адзежу харошую; яна адзелася, і то была прыгожая, а то шчэ папрыгажэла. Нядоўга пабыла, пан із ёй і ажаніўся. І баранька ў іх стаў жыць.

Жылі яны, жылі, і радзіла яна рабёшка. І такога прыгожага, як і сама. І стаў баранька няньчыць таго рабёшка. І была ў дварэ дзеўка пакаёвая. Раз яна гаворыць:

— Барыня, пойдзем мы пакупаемся ў ставок!

— Пойдзем сабе!

Пайшлі яны купацца, дзеўка тая піхнула паню ў ваду і ўтапіла. Тады баранька ўзнаў, што няма сястры яго, і стаў плакаць. Тады як толькі настанець ноч, ён возьмець рабёшка, прынясець к стаўку і кажыць:

— Кацярынка-сястрыца, вылезь з вады, пакармі рабёшка!

Паднімецца вецер, ставок завалнуецца, выйдзець сястра і пакорміць дзяцёнка. Ён прынясець дзяцёнка дамоў і сам плачаць. Тады пан убачыў, што ён плачаць, і пытаецца ў яго:

— Аб чым ты, баранька, плачаш?

— А аб тым я плачу, што гэта не мая сястрыца!

— А дзе ж твая сястрыца?

— А мая сястрыца ў стаўку!

— Як жа ж нам яе дастаць?

— А трэба сажалку бочкамі абставіць!

Прыйшла ноч, пан вялеў абставіць сажалку бочкамі, і пайшоў умесці з баранькам к сажалцы. Прынёс баранька дзяцёнка і стаў зваць сястру:

— Кацярынка-сястрыца, вылезь з вады, пакармі рабёшка!

Вот яна вылезла і ўвалілась у бочку. Пан яе за валасы прыдзержыў і пераксціў. Яна і асталась. Узялі яны дзяцёнка і пайшлі дамоў. І баранька скінуўся зноў малцом, Ісакам. Сталі яны жыць, пажываць ды дабра нажываць. А слугу тую прывязалі к коням і разарвалі...



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 261-262
Крыніца: скан