epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Браты-багатыры

У некаторым царстве, у некаторым гасударстве, а іменна ў том, у якім мы цяпер жывём, жылі-былі два браты: голас у голас, волас у волас, так што цяжка было адрозніць іх. Бацька іх памёр.Рашыў тут старэйшы брат, што нечага яму рабіць дома, і пачаў збірацца ў пуць-дарогу.

Пайшлі браты на ярмалак купіць коней. Сустрэлі прадаўца.

Старэйшы брат і кажа:

— Гаспадар, калі выдзержыць мяне твой конь, то я плачу табе пяцьсот рублей, а не — то ты мне плаціш тысячу і каня аддаеш.

Стаў ён садзіцца на каня, паклаў на яго руку — упаў конь на ногі. Выйграў старэйшы сын каня і тысячу рублей удабавак.

Прыходзяць сыны дамоў, маці пытае іх:

— Дзе вы каня ўзялі?

— Мы выйгралі яго і тысячу рублей у купца.

Доўга лаяла іх матка:

— Машэннікі вы, зладзеі, бацька памёр, дык вы красці пайшлі!

Многа дзён прайшло з таго часу. Аднойчы збіраюцца браты зноў на ярмалак. Назаўтра ўсталі рана, пайшлі туды і знайшлі коней.

Старэйшы брат і кажа купцу:

— Гаспадар, калі выдзержыць мяне твой конь, я дам табе пяцьсот рублей, а не — ты мне аддаеш тысячу рублей і каня свайго.

Стаў ён садзіцца на каня — не вытрымаў конь, упаў на ногі. А конь быў добры, увесь гарыць. Узялі браты каня, тысячу рублей наверх і паехалі дамоў. Прыехалі яны дамоў, паставілі каня ў хляве, а ён увесь гарыць.

Прачнулася матка, глядзіць, як быццам пажар на дварэ. Яна крычыць:

— Людзі! Ратуйце!

— Дык гэта ж конь, мама! Мы выйгралі яго ў купцоў.

— Машэннікі вы, зладзеі, бацька памёр, дык вы красці пайшлі!

Вось адпраўляецца старэйшы брат у пуць-дарогу. Развітаўся з маткаю, з малодшым братам, дае яму платочак і карты і кажа:

— Калі карты будуць тасавацца, знай, што я жывы, калі на платочку з’явіцца кроў, лічы мяне мёртвым.

І пусціўся брат у пуць-дарогу. Скора казка кажацца, ды не скора дзела дзелаецца. Ішоў ён, ішоў ні доўга, ні мала, дзень, два, тры, паўгода, а можа і больш. Падыходзіць к лесу — на ўскраіне яго стаіць хатка на курыных ножках. Звяртаецца ён да хаткі:

— Хатка, хатка, стань ка мне перадам, к лесу задам!

Хатка перавярнулася. Выходзіць з хаткі бабка і пытае:

— Што табе трэба, добры маладзец?

— Бабка, шукаю каня,— адказвае ён.

— Будзеш ісці, конюх падгоніць да вадапою коней, выбірай лепшага, ударыш яму па храпе і пад нагу і садзіся.

Так ён і зрабіў. Падыходзіць да вадапою, а тут конюх гоніць коней паіць. Падбег да маладца самы лепшы конь. Вядома ж, моцныя коні і людзей моцных любяць. Узяў ён каня за храпу, ударыў пад нагу, сеў на яго і паімчаўся, толькі пыл закурэў. Праехаў царства, праехаў другое і бачыць каля дарогі хатку на курыных ножках. Звярнуўся маладзец да яе:

— Хатка, хатка, стань ка мне перадам, к лесу задамі

Хатка перавярнулася.

Выходзіць з хаткі бабка і кажа:

— Эй ты, слаўны багатыр, добры маладзец, куды цябе бог нясе?

— Еду ў белы свет.

— Глядзі,— кажа бабка,— тут будзе везці вадавоз дачку цара змею на паед.

— Добра,— кажа маладзец,— я з ім спраўлюся.

І паімчаўся ён далей, прама ў палац цара. А ў цара было тры дачкі. Адна з дачок і кажа:

— Чым змея любіць, лепей утапіцца.

А другая кажа:

— Я лепш задаўлюся.

А трэцяя кажа:

— Ён маім мужам будзе.

Прачнуўся маладзец, паснедаў, развітаўся і паімчаўся туды, дзе будзе царскую дачку вадавоз везці на паед змею.

А малодшы брат глядзіць дома ў платочак — платочак белы, карты тасуюцца. Значыць, брат жывы дзесьці.

Вось пад’язджае старэйшы брат да гары, дзе вадавоз дачку царскую везці павінен. Пад’язджае да гары і бачыць: вадавоз дачку вязе, а насустрач, з-пад гары, змей трохгаловы едзе.

— Го-го-го! Я думаў, цар адну дачку дасць, ажно яшчэ вадавоза і багатыра мне на паед удабавак прыслаў!

— Не, нячыстая сіла, падавішся! — кажа багатыр.

— Ну што ж, будзем біцца ці мірыцца? — спытаў змей.

— Біцца,— кажа багатыр.

— Дзьмі ток! — прыказаў змей.

— Не, дзьмі ты, у цябе тры галавы. Мне і на ламаччы добра будзе.

І пачалі яны біцца. Доўга біліся ці мала — невядома, але ссек багатыр змею адну за другой тры галавы. Затым адсек палец змея і кінуў у кішэню. А вадавозу кажа:

— Едзь дадому. Скажы, што я выратаваў царэўну ад смерці.

Паглядзеў на платочак і карты малодшы брат дома і бачыць: платочак белы, карты тасуюцца. Значыць, брат дзесьці жывы.

На другую раніцу цар пасылае змею на паед сярэднюю дачку. Старэйшы брат ідзе зноў пад гару біцца са змеем.

Вось едзе вадавоз з другой дачкой цара. Выходзіць насустрач ім шасцігаловы змей і крычыць:

— Го-го-го! Я думаў, цар мне адну дачку на паед дасць, а ён вадавоза і багатыра ўдабавак прыслаў.

— Не, нячыстая сіла, падавішся! — кажа багатыр.

— Ну, дык што, будзем біцца ці мірыцца?

— Біцца!

— Дзьмі ток!— кажа змей.

— Ты дзьмі ток. Мне і на ламаччы добра будзе.

Дунуў шасцігаловы змей — адразу чыста стала навокал. Пачалі яны біцца. Ударыў адзін раз багатыр — ссек адну галаву змея. Ударыў змей — загнаў багатыра ў зямлю па пяты. Ударыў другі раз багатыр — ссек другую галаву змея. А змей ударыў, дык і загнаў багатыра ледзь не па калена ў зямлю. Ударыў багатыр трэці раз — ссек трэцюю галаву змея. Змей усё слабеў і слабеў, а багатыру сама зямля-маці сілы прыбаўляла. Забіў багатыр і гэтага змея, адсек яго палец, паклаў у кішэню. А вадавозу і царавай дачцы кажа:

— Едзьце дамоў і скажыце, што я вас выратаваў.

Паглядзеў малодшы брат на платочак і карты: платочак белы, карты тасуюцца. Значыць, брат яшчэ жывы дзесьці.

На трэцюю ноч шле цар сваю меншую дачку на паед змею. А багатыр стаў пад гарой і чакае. Выходзіць насустрач змей і крычыць:

— Го-го-го! Я думаў, цар мне адну дачку на паед дасць, а ён вадавоза і багатыра ўдабавак прыслаў.

— Не, нячыстая сіла, падавішся! — кажа багатыр.

— Ну, дык што? Будзем біцца ці мірыцца?

— Біцца!

А змей гэты быў сільны, з дзевяццю галовамі — самы сільны з усіх сваіх братоў.

І пачалі яны біцца. Доўга біліся. Збіў маладзец змею восем галоў, засталася дзевятая. Ахапіў змей воласам гэтай галавы шыю багатыра і хацеў задушыць. А царэўна стаіць і заліваецца горкімі слязамі.

— Ратуй мяне, царэўна,— просіць багатыр,— бяры нож і пераразай змею волас.

Выняла яна нож, перарэзала змею волас. Змей зароў і ўпаў мёртвы. Адсек багатыр палец змеяў, паклаў у кішэню, а вадавоза з царэўнай адправіў дамоў:

— Скажаце цару, што я вас вызваліў.

А сам пайшоў нанач. Вось пераначаваў ён, устаў уранні, глядзіць, аж старэйшая змяя-матка збірае косці свайго сына.

Падыходзіць багатыр да змяі, а яна так дыхнула, што ён упаў у агняны калодзеж.

Паглядзеў малодшы брат на платочак — з яго кроў цячэ, а карты не тасуюцца. Бяда са старэйшым братам, значыцца. Загінуў ён недзе ў дарозе.

Сабраўся малодшы брат у пуць-дарогу, прасціўся з адзінай маткаю і паехаў у свет белы шукаць брата. Скора казка сказваецца, ды не скора дзела дзелаецца. Паімчаўся малодшы брат-багатыр у белы свет. Ехаў ён, ехаў, аж бачыць, хатка на курыных ножках на ўскраіне лесу стаіць. Пад’язджае да гэтай хаткі і кажа:

— Хатка, хатка, стань ка мне перадам, к лесу задам!

Хатка павярнулася. Выходзіць з яе старушка:

— Што табе трэба, добры маладзец, слаўны багатыр?

— Бабка, я брата свайго шукаю...

— Яго ж змяя забіла. Глядзі, сынок, як паедзеш, будзе на тваёй дарозе старая змяя-маці збіраць косці свайго сына. Дык ты не кажы ёй нічога, а хапай за плечы і кідай у агняны калодзеж. Пакліча яна ворана. Воран прыляціць, дастане косці твайго брата, кіне ў жывучы калодзеж — ажывіць.

Пагаварыў багатыр са старушкай і пусціўся далей у белы свет. Ехаў ён, ехаў. Скора казка сказваецца, ды не скора дзела дзелаецца. Вось прыязджае да цара ў палац і лажыцца спаць. Тут царэўна кладзе на яго руку. І кажа ёй малодшы брат:

— Хто пакладзе на мяне руку — рука прэч, хто нагу — нага прэч.

Заплакала царэўна горкімі слязамі; не ведала яна, што гэта малодшы брат, бо браты вельмі былі падобны адзін на аднаго: волас у волас, голас у голас. Цяжка царэўне на сэрцы стала, што ён так сказаў.

Раніцой развітаўся малодшы брат і пусціўся далей у свет белы. Ехаў ён, ехаў, бачыць — змяя старая збірае косці сына. Схапіў ён змяю і хацеў кінуць у агняны калодзеж. І сказала старая змяя:

— Добры маладзец, не губі ты мяне. Я ажыўлю твайго брата.

Паклікала яна ворана. Прыляцеў чорны воран, дастаў косці старэйшага брата з агнянага калодзежа, апусціў у жывую ваду — ажывіў яго.

Вылез з калодзежа старэйшы брат, уздыхнуў і кажа:

— Ох, і заснуў жа я, братка.

А тым часам малодшы брат узяў змяю-маці, кінуў яе ў агняны калодзеж — яна і згарэла.

Свіснуў малодшы брат коням багатырскім голасам. Пачулі яны, прыскакалі на яго свіст. Уселіся браты на сваіх добрых коней і паімчаліся ў палац да цара. Тут пусцілі яны коней, пераадзеліся ў жабрацкую адзежу, заходзяць у царскі палац. А ў цара якраз гуляюць вяселле — тры вадавозы жэняцца на царскіх дочках. П’юць вадавозы ды хваляцца.

Першы кажа:

— Я выратаваў адну дачку цара.

Другі кажа:

— Я выратаваў другую дачку цара.

Трэці кажа:

— Я выратаваў трэцюю дачку цара.

А старэйшы багатыр і гаворыць:

— Ваша вялікасць гасудар, вось вам тыя пальцы, што я паадсякаў у змеяў.

Пазнала малодшая царская дачка старэйшага брата, падышла к цару і кажа:

— Праўда, тата, гэта ён выратаваў мяне. Ён мой муж.

А вадавозаў цар загадаў пакараць. Прывязалі іх к хвастам коней і пусцілі ў чыстае поле.

І пачаўся ў царскім палацы пір на ўвесь мір. І я там быў, мёд-віно піў, па барадзе цякло, а ў рот не папала.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - c. 34-39
Крыніца: скан