epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Браты-птушкі і сястра

Жыў сабе дзед з бабай. І было ў іх тры сыны. Вот нешта было бальшое свята. Пайшлі яны ў цэркву і там пасварыліся за нешта і сталі біцца. Тады матка ўвідзела, што яны б'юцца ў свята, каець:

— Ах, каб вы, мае сыночкі, так цэлы век свой біліся, як вы цяпер б'яцёсь!

Так яны сычас падзелаліся птушкамі і паляцелі. Ляцяць і б'юцца крыллямі, ляцяць і б'юцца. Палядзела, палядзела тая матка, але што ж ёй дзелаць? Свайго ёй слова не вярнуць! Заплакала ды й пайшла дамоў. Тады гэта ўжо з тых пор, як яны паляцелі, прайшло ўжо гадоў з дзевяць. Вядома, скора сказка кажацца, ды няскора дзела дзеецца. Радзілася ў іх шчэ дачка. Вырасла тая дачка бальшая, сталі ёй людзі казаць, што ў яе было тры браты, але матка пракляла іх, дык яны здзелалісь птушкамі і паляцелі. Дачка тая тады стала пытацца ў маткі:

— Ці праўда гэта, што ў мяне было тры браты?

— Праўда,— каець,— дачушка!

— Напячы ж мне, мамка, пірагоў і дай мне хлеба й масла,— я пайду іх шукаць!

Ну й пашла. Іці дык іці, іці дык іці, можа год, а можа два гады, відзіць перад сабою бальшую хату. Увайшла яна ў тую хату, ажны няма нікога, і на стале тры талеркі стаіць, і ля кажныя талеркі лыжачка ляжыць і скібачка хлеба. Тады яна залезла за печку і сядзіць там. Сядзела, сядзела, ажны прылятаюць тры птушкі. Як уляцелі, сычас скінулі з сябе пер'е і сталі такімі малойцамі! Селі яны, павячэралі і ляглі спаць. Яна тады вылезла з-за печы, увазнала, што гэта яе браты. Абняла яна старшага брата і стала над ім плакаць. Плакала, плакала ды ўзноў пайшла за печку і стала богу маліцца. Назаўтрага ўстаюць браты, і гэты, большы, брат гаворыць:

— Што я, братцы, сянні сніў! Здаецца, што ў нас дома ёс[ц]ь сястра і яна нада мной плакала сеначы!

Ну, тады яны паснедалі, надзелі на сябе пер'я і паляцелі. А яна выскачыла з-за печы да й глядзіць у вакно, куды яны паляцяць. А яны ўсё ляцяць і б'юцца крыллямі. Тады захацелася ёй ес[ц]ь. Яна ўзяла адламіла кусочак хлеба ў большага брата і з'ела. А сама ўзноў села за печку і сядзіць. Увечары прылятаюць яны ўзноў утраіх. Скінулі з сябе пер'я і селі вячэраць. Палядзяць, аж у старшага брата адломлена кусочак хлеба. Што гэта, думаюць: нікога ў хаце няма, а адломлена кусочак хлеба?

Ну, павячэралі, ляглі спаць. Яна тады выйшла з-за печкі і стала плакаць над сярэднім братам. Паплакала, паплакала і пайшла ўзнова за печку і стала богу маліцца. Назаўтрага прашнуліся яны, вот сярэдні брат і гаворыць:

— Ці ведаеце, братцы, што я сянні сніў? Здаецца, бытта наша сястра нада мной плакала! Ажны вот трошку кашуля мая мокрая!

А таго не ведаюць, што яна ў хаце ў іх ёс[ц]ь. Ну, тады паснедалі, пер'я на сябе надзелі і паляцелі. Ды ўсё б'юцца! Ды ўсё б'юцца! Захацелась ёй ес[ц]ь. Яна ўзяла, адламала кавалачак хлеба ў сярэдняга брата і з'ела. Палезла ўзноў за печ і сядзіць, богу моліцца. Увечары прылятаюць яны зноў. Скінулі пер'я, селі вячэраць. Палядзяць, а ў сярэдняга брата кавалачак хлеба адломлена.

— Не,— каець,— братцы, нехта ёс[ц]ь у хаце!

І сталі шукаць. Але-тку не найшлі і ляглі спаць. Тады яна вылезла з-за печкі, падышла к меншаму брату і стала плакаць. Пагаласіла, пагаласіла і зноў пайшла за печ і стала богу маліцца. Назаўтрага ўсталі яны, і гэты ўжо, меншы брат, гаворыць:

— Што я, братцы, сеначы сніў? Што здаецца наша сястра нада мной галасіла, аж во дзе кашуля троху мокра!

Пагаварылі, пагаварылі ды й паляцелі, б'ючысь. Яна адламіла кусочак хлебца ў меншага брата, з'ела ды й пайшла за печку. Сядзіць ды ўсё богу моліцца. Увечары прылятаюць яны, скінулі пер'я і селі абедаць. Калі палядзяць, аж у меншага брата адломлена кавалак хлеба. Тады сталі яны гаварыць помеж сабой. Большы гаворыць:

— Я, каб яе цяпер увідзець, дык бы тапаром засек!

А сярэдні гаворыць:

— Я яе б нажом зарэзаў!

А меншы гаворыць:

— А каб я яе цяпер увідзеў, дык бы дужа быў бы рад!

Яна тады з-за печы выскачыла, абшчапіла яго і стала над ім плакаць. Ну, яны і ўсе сталі рады, сталі плакаць. Тады яна стала прасіць іх:

— Хадзіце вы дамоў! Вас дужа прасіла мамка і татка!

А яны кажуць:

— Тады мы будзем твае браты і пойдзем дамоў, як ты адбудзеш тры гады немай!

Усклалі яе на свае крылля і заняслі яе ў вялікую пушчу. Кінулі яе тут, у гэтай пушчы, а самі паляцелі, куды ім трэба было. Нешта, аднаго дня, хадзіў па гэтай пушчы кароль па паляванню із лакеем з сваім. Сабакі гэтага караля найшлі гэтую нямую і сталі на яе брахаць. Паслаў кароль лакея палядзець, хто там ёс[ц]ь. Лакей схадзіў палядзеў і кажаць:

— Нейкая кабета сядзіць на яблыні, дужа прыгожая, але нічога не гаворыць.

Пайшоў тады палядзеў кароль сам, і яна дужа яму 'падабалася. Ён вялеў зняць яе адтуль і пацалаваў, а тады ўзяў к сабе дамоў і ажаніўся з ёй. А яна як была нямая, дак і ёс[ц]ь. Тады мачыха гэтага караля не ўзлюбіла яе, што ён з нямой ажаніўся. Стала яна яго падбіваць, стала празнушчаць, каб як-ніяк яе перавесць. Прайшоў адзін год, і другі год, а на трэці яна яму гаворыць:

— Што хочаш, тое з ёй здзелай: ці на 'гні спалі, ці звязі, каб толькі мае вочы не відзелі яе!

Ну, дык ведама: і жонку жалка, і не паслухаць мачыху няможна. Узяў завялеў слугам раскласць цяпло і ўкінуць яе ўва 'гонь. Ну, укінулі яе раз ува 'гонь — яна перакацілася чараз цяпло, і нічога. Тады другі раз укінулі, яна зноў перакацілася. Перапужалісь усе:

— Госпадзі, тут нешта ёс[ц]ь!

Але-тку раскапалі жар і ўкінулі яе трэці раз. Яна ўзноў выкацілася з агня. І ўсё маўчыць. Тут сычас прыляцелі яе браты, узялі яе на крылля і паняслі дамоў. Прыняслі дамоў і здзелаліся людзьмі. Бацькі іх сталі дужа рады. І з гэтай радасці ўпіліся. І я там быў, мёд-віно піў, па барадзе цякло, ды ў губу не папала.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 129-131
Крыніца: скан