epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Браты-ваўкалакі і сястра

Жыў дзед з бабай, і было ў іх тры сыны і адна дачка. І памёр іх бацька. Тады матка і дачка сталі плакаць па сваім бацьку, а сыны сталі скакаць. Матка ляжала, ляжала на печы, а тады стала сварыцца на іх:

— Луччы было б мне на сто ваўкоў палядзець, нячым на вас!

Тады сыны сталі ваўкамі і пабеглі ў лес. Тады матка з дачкой схавалі бацьку. Пажылі яны трохі, стала ім скушна. Тады дачка кажыць матцы:

— Пайду шукаць сваіх братоў!

І пайшла. Ідзі, ідзі і прыйшла ў пушчу. Відзіць, стаіць там хатка на курынай ножцы. Прыйшла ў хатку, нікога няма ў хаце. І захацелась ёй есць. Яна стала шукаць есці, палядзела ў печ і найшла там тры гаршчочкі. Яна выставіла з печы адзін гаршчочак, троху з'ела — не пад'ела. Выставіла другей, троху з'ела — не пад'ела. Выставіла трэці, троху з'ела — пад'ела. Тады паставіла гаршкі ў печ, а сама падлезла пад печ і села. Тады чуець — ідзець нехта. Яна далі падлезла і глядзіць у шчэлачку. Відзіць, прыйшло ў хату тры ваўкі і раздзеліся, шубы паскідалі і сталі панічамі. Два панічы меншых села, а трэці большы стаў выстаўляць з печы гаршкі. Выняў адзін гаршчок — няпоўны. Ён тады каець сваім братом:

— Нешта наш гаршчок няпоўны!

Тады выняў другей гаршчок — і другей няпоўны. Тады ён каець:

— У нас сянні нехта ёсць!

Яны кажуць:

— Можа яны так чаго няпоўны!

Ён ім на гэта нічога не сказаў, выставіў і трэці гаршчок. І трэці няповен. Тады ён кажыць:

— Не, нехта ёсць, пашукаем!

Яны тады гавораць:

— Хто ў нас, вылязай! А то пасля абеда з'ядзім!

Тады яна вылезла з падпечча і пайшла. Ну, яны ўвазналі яе і пасадзілі з сабой абедаць. Ела, ела яна, тады звалілася ў яе ложка. Яна стала падымаць ложку і ўвідзела ў іх хвасты воўкавы. Яна спужалася і не стала есці. Тады яны гавораць:

— Чаму не ясі?

— Дзякуй, пад'ела, не хочу!

Тады яны гавораць ёй:

— Бяжы, недалёка стаіць ліпіна, узлезь на ліпіну і сядзь там. І сем гадоў не гавары і не плач. Тады мы к табе вернемся!..

Яна пабегла, узлезла на ліпіну і села. Відзіць, бягуць тыя ваўкі. Прыбеглі к ліпіне і пачалі ліпіну грызць. Грызлі, грызлі, зубы паламалі і пабеглі ў лес. Кала тые ліпіны ехаў нейкі пан. Увідзеў пад ліпінай агонь і захацеў пакурыць, і паслаў свайго кучара закурыць папяроску. Тады кучар закурыў папяроску і гаворыць:

— Сядзіць на ліпіне паненка нейкая, дужа прыгожая.

Пан кажыць на яго:

— Дастань мне яе!

Кучар палез і дастаў. Тады пан узяў яе к сабе ў буду і паехаў. Прыбеглі тыя ваўкі, палядзяць — няма сястры. І пабеглі за панам. Дагналі пана і сталі буду ірваць. Пан стаў страляць і ўцяклі ў дзярэўню, а ваўкі вярнуліся ў лес. Пан гэты быў нежанаты. Ён прыехаў і захацеў із ёй жаніцца. І пытаецца:

— Ці пойдзеш ты за мяне?

Яна маўчыць. Тады ён кажыць сваёй матцы:

— Буду з ёй жаніцца!

А йна кажыць:

— Як ты будзеш жаніцца, калі йна нямая.

— Ну, хай сабе! Ажанюся!

І паехаў павянчаўся. Прыехаў дамоў — нічога не кажыць жонка. Тады матка кажыць:

— А што, я табе казала не жаніцца. А ты ажаніўся, цяпер і жыві, як хочаш.

Пражыў ён год, пражыў і другей, на трэці год радзіла яна сына. А йго не было ў дварэ, пайшоў на ахвоту. Матка тая ўзяла, зарэзала рабёшачка і памазала нявестцы віць кроўю, а дзяцёнка пад падмосце кінула. Прыйшоў пан з ахвоты, матка кажыць:

— Вот, глядзі, сынок! Я табе казала не жаніцца, а ты не паслухаў, вот так і жыві!

— А што?

— А ідзі палядзі, што яна здзелала!

Прыйшоў ён к жонцы, ажны яна радзіла і зарэзала дзяцёнка. І маўчыць і не плачыць. Тады, цераз год, пайшоў ён узнова на ахвоту, а жонка радзіла. Матка ўзнова зарэзала дзяцёнка, а яе памазала кроўю. Прыйшоў сын з ахвоты, матка яму і кажыць:

— А што, я казала: не жанісь. Палядзі, што яна здзелала!

Ён апяць прыйшоў к ёй.

— Што гэта ты здзелала?

А яна маўчыць і не плачыць. Ну, ён нічога ёй не здзелаў. Пайшоў ён цераз год яшчэ на ахвоту, а яна ўзноў радзіла сына. Матка ўзяла зарэзала і гэтага. Прыйшоў яе сын з ахвоты, яна яму й сказала. Ён на гэты раз усердзіўся і стаў сваю жонку біць. А яна маўчыць. Ён тады завялеў здзелаць цыгунную печ і ўкінуў жонку ў печ і запёр там. Аж якраз выйшла сем гадоў. Прыходзяць яго швагры і яе браты і пытаюцца:

— Ці тут наша сястра?

— Тут, але йна памёрла ўжо!

— Ну, пакажы, ідзе яна?

Павёў ён іх туды. Яны разламалі печ, яна й вылезла з печы, і жыва. Тады браты сталі рады і сталі спрашуваць у сястры, як яна папала ў печку. Яна расказала ім, што матка рэзала дзяцей маіх і кідала пад падмосце, а мне няможна было гаварыць. Тады адчынілі падмосце, аж там дзеці жывэя, і большанькі дзяржыць меншых. Ну, тады матку прывязалі к конскім хвастам і пусцілі коней у поле.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 134-136
Крыніца: скан